Амерыканскі мастак з Паўночна-заходняга краю
Год таму ў Санкт-Пецярбургу, а потым і ў Маскве, філіяле Траццякоўскай галерэі на Крымскім валу, прайшла ўзорна падрыхтаваная выстава «Амерыканскія мастакі з Расійскай
імперыі».
Экспазіцыя, зладжаная намаганнямі 30 міжнародных інстытуцыяў, падтрыманая фінансамі некалькіх буйных карпарацыяў, была прэзентавана 80-цю творамі 40 мастакоў з абшараў былой імперыі і ўвачавідкі
паказала, чыімі намаганнямі Нью-Йорк у другой палове ХХ стагоддзя сцвердзіўся ў якасці сусветнай сталіцы абстрактнага экспрэсіянізму.
Год таму ў Санкт-Пецярбургу, а потым і ў Маскве, філіяле Траццякоўскай галерэі на Крымскім валу, прайшла ўзорна падрыхтаваная выстава «Амерыканскія мастакі з Расійскай
імперыі».
Экспазіцыя, зладжаная намаганнямі 30 міжнародных інстытуцыяў, падтрыманая фінансамі некалькіх буйных карпарацыяў, была прэзентавана 80-цю творамі 40 мастакоў з абшараў былой імперыі і ўвачавідкі
паказала, чыімі намаганнямі Нью-Йорк у другой палове ХХ стагоддзя сцвердзіўся ў якасці сусветнай сталіцы абстрактнага экспрэсіянізму.
Вось некалькі імёнаў мастакоў, якія зрабілі ёй гонар. «Творца жывапісу каляровага поля» Марк Ротка (Маркус Якавіч Ратковіч) з Дзвінску, славуты Давід Бурлюк, Іван Дамброўскі
— украінец, вядомы пад псеўданімам Джон Грэхам, Леон Гаспар — вучань Пэна, француз з Віцебска, Арчыл Горкі (Востанік Манук Адаян) фантазёр і містыфікатар, які апынуўся ў Амерыцы,
ратуючыся ад турэцкага генацыду, і стаў «мастком між еўрапейскім і амерыканскім мадэрнізмам», Макс Вебер, ураджэнец Беластока, «спявак габрэйскай тэмы» і шмат
іншых інтрыгуючых імёнаў.
Не маючы намеру рабіць поўны агляд «рускай Амерыкі», прыпынімся на «прэм’еры» мастака з Паўночна-Заходняга краю — Мікалая Цыкоўскага.
Імя яго вы не знойдзеце ў папулярнай ці мастацтвазнаўчай даведачнай літаратуры Расіі ды Беларусі. Першакрыніцы ў зоне недасягальнасці, а друкаваныя біяграфічныя звесткі ў замежных выданнях
сцісла-фармальныя і не заўжды дакладныя. Засведчыць асобу, прасвятліць яе першыя крокі, усталяваць кантакты з яго сваякамі, каб хоць пункцірна азначыць постаць мастака дапамагла пастаянная чытачка
газеты «Новы Час» Аляўціна Сямёнаўна Вячорка, за што мы ёй бязмежна ўдзячныя.
Мікалай Цыкоўскі
Пачатак
Калі пад гонтавым дахам драўлянага дамка на Сіверскай, цяпер Ленінградскай вуліцы ў Пінску, у 1894-м ці 1896 годзе, у шматдзетнай сям’і месцічаў: хатняй гаспадыні Вольгі Іванаўны Макарэвіч
(1863–1942) і сталяра-чырванадрэўшчыка Сцяпана Аляксеевіча Цыцкоўскага нарадзілася чацвёртае дзіця, ахрышчанае Мікалаем, ніхто і думаць не мог, што на небасхіле амерыканскага мастацтва
заззяла яшчэ адна зорачка.
Ад пачатку была дарога, што прывяла юнака ў адну з мастацкіх школаў Вільні. «У 1913 годзе разам з Суціным, Крэменем і іншымі, на знак пратэсту супраць кансерватыўных метадаў навучання,
Мікалай сышоў з вучэльні і паступіў у Пензенскую мастацкую вучэльню…» — цвердзіць амерыканскае даведачнае выданне. Мяркуем, што наўрад ці праваслаўны юнак вучыўся ў
літоўскай альбо габрэйскай мастацкай школе. Пэўна, гэта была бясплатная Віленская рысавальная школа, якой у апошні год яе існавання (1915) было афіцыйна нададзена імя заснавальнікаў — Івана
Карнілава і Івана Трутнева. У год эвакуацыі школы Мікалай Цыцкоўскі, як і шмат хто з яе навучэнцаў і проста віленчукоў, відаць, і трапіў у гарадок на волжскім узвышшы — Пензу.
З Вольных мастацкіх майстэрняў, у якія ў 1918 годзе была рэарганізаваная Пензенская вучэльня, з атмасферы мастацкіх студыяў, палітычных мітынгаў і грамадскіх дыспутаў Мікалай быў вырваны мабілізацыяй
у Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію (РККА). Відаць, тут, а мо крыху і раней, юнак відазмяніў прозвішча, якое выклікала здзеклівыя кпіны ў салдацкім асяродку, на варыянт больш мілагучны і нават
ідэалагічна-ўзнёслы. Цыцкоўскі стаў Цыкоўскім.
У 1921 годзе без роздумаў Мікалай рушыў да запаведнай мэты, у знакамітыя 2-я Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні (Высшие художественно-технические мастерские — ВХУТЕМАС), статус якіх
прыраўноўваўся да Акадэміі. Настаўнікамі Мікалая былі знаныя жывапісцы-педагогі: рэаліст, майстар каляровай лепкі формы Ілля Машкоў і заснавальнік музычнага і элегічнага, маляўніча-пластычнага стылю
ў жывапісе Павел Кузняцоў.
За акіянам
У пошуках кавалка хлеба ў 1918 годзе выправіўся на заробкі бацька мастака і знік без звестак. За лепшай доляй паляцеў у Амерыку брат Рыгор. За «рыжскай мяжой» апынуўся Пінск, дзе
хоць і не адна, а з дочкамі гібела маці.
Мяркуем, Мікалай Цыкоўскі, як і шмат хто з яго знаёмых і сяброў «успрыняў рэвалюцыю з захапленнем, але не цалкам», ці, як тлумачылі за савецкім часам ідэолагі, «не змог
прыжыцца ў паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці». Склаўшы ў 1923 годзе сваё мастацкае начынне і астатні немудрагелісты скарб (у прыватнасці фотаальбом, які зараз захоўваецца ў амерыканскіх
нашчадкаў), з’ехаў у ЗША. Тамтэйшыя інфармацыйна-даведачныя выданні сцісла паведамляюць: «У Амерыцы Цыкоўскі пачынаў пісаць карціны ў стылі кубізму».
Мо яно і так. Аўтару ж, апрача адзінкавых рэчаў мастака ў стылі моднага тады кубізму, па
большасці трапляліся на вочы рэпрадукцыі твораў з прыкметамі стылістыкі неапрымітывізму. У кампазіцыях Цыкоўскага, як і ў асобных творах Давіда Бурлюка, братоў Рафаэля і Мозеса Сойераў з Тамбоўшчыны,
шматлікія героі займаюць вельмі нязначную частку палатна. У творах чуецца адасобленасць і адзінота душаў герояў у шырокім і адкрытым свеце.
Натуральна, што падчас змушанага адкрыцця Амерыкі выгнаннікі трымаліся адзін аднаго, пароўну падзяляючы радасці і нягоды новага жыцця. Пэўна ўжо ў Злучаных Штатах Цыкоўскі коратка сышоўся з дзіцём
вольніцы стэпу, украінскім патрыётам і радыкалам, апекуном Маякоўскага, сябрам Хлебнікава і Кручоных, па сумяшчальнасці яшчэ і «бацькам рускага футурызму» — Давідам
Бурлюком, які ступіў на Амерыканскі кантынент годам раней, хоць эміграваў у Японію яшчэ ў 1920 годзе.
Мікалай быў блізкім сябрам неўтаймоўнага Давіда, хросным бацькам ягоных дзяцей і напісаў у 1924 годзе партрэт яго жонкі — «Маруся Бурлюк». Дарэчы, гэты
«інтэрнацыянал» выгнаннікаў з імперыі — Бурлюк, Цыкоўскі, Грос, Сойеры, і інш. — увекапомнены ў сюжэтнай кампазіцыі Рафаэля Сойера «Мае сябры. My
Friends» (1948). На палатне надпіс-дэвіз: «Сяброўства — віно жыцця».
Амерыка, якую наўрад ці чымсьці можна здзівіць, захапляла і дзівіла сама. Эмацыйныя ўражанні ад сустрэчы з Новым Светам адбіліся ў нізцы краявідаў Мікалая Цыкоўскага, прысвечаных Нью-Йорку. У
1931–1932 гадах ён выстаўляецца ў Нью-Йорку ў галерэі Дэніэлса, затым у галерэях Чыкага, Філадэльфіі, Лос-Анжэлесе.
Невядома, ці імкнуўся мастак Цыкоўскі, у якога ў 1933 годзе нарадзіўся сын, на радзіму так горача і шчыра, як гэта рабіў сябра, па вызначэнні крытыкі, «амерыканскі Ван Гог» Давід
Бурлюк. Напярэдадні другой сусветнай вайны той нават падаваў заяву ў генеральнае консульства СССР у Нью-Йорку з просьбай дазволіць вярнуцца, але, на шчасце, атрымаў адмову.
Дзякуючы лісту пляменніцы да аўтара нататкі, Вольгі Уладзіміраўны Рудакоўскай-Волчак, з’явіліся дадатковыя штрыхі да эскізнага малюнка мастака з Беларусі ды сціслая інфармацыя пра ягоных
амерыканскіх спадчыннікаў.
Лісты ў Беларусь
Сталы жыхар Нью-Йорка, знаны ў прафесійных колах мастак і выкладчык Мікалай Цыкоўскі толькі пасля вайны даведаўся, што пад акупацыяй, у 1942 годзе, памерла маці. У часы апантанай сталінскай пабудовы
сацыялізму і «абвастрэння класавай барацьбы» не магло быць і гаворкі пра ліставанне з «імперыялістамі».
Па вайне лучылі яго з прывідным краем былой імперыі сёстры і іхнія дочкі… Тады ж з ЗША ў разораную Беларусь паляцелі лісты ды падарункі. Але не ў радасць стаўся шчыры клопат
«амерыканскага дзядзькі». Увайшоўшыя ў красу паненкі паспелі пабрацца шлюбамі з афіцэрамі — пераможцамі, якім кампетэнтныя органы коратка, але даходліва растлумачылі, што
апрача «савецкага гонару і годнасці» ёсць у Крымінальным кодэксе артыкул 58 з падпунктам аб шпіянажы. Тады ж з разоранай вайной Беларусі ў ЗША паляцелі непрачытаныя лісты і
нераспакаваныя падарункі.
Мо трэба было б распавесці пра няздзейсненае. Пра выставу Давіда Бурлюка 1962 года, па ягоным выразе, «у піку маскалям», у складзе якой былі работы Цыкоўскага, пра выставу, якая
накіроўвалася ў СССР, але даехала толькі да Прагі. Абарвалася нітачка…
Нітка зямнога жыцця доктара філасофіі Гарвардскага універсітэта (1965), дырэктара Тэхаскага музея мастацтваў у Осціне» (1970), сябра Нацыянальнай Акадэміі мастацтваў, Нацыянальнага інстытута
мастацтваў, літаратуры і супольнасці мастакоў, дойлідаў і гравёраў ЗША, удзельніка прэстыжных аўкцыёнаў і выстаў (толькі ў Амерыцы прайшло больш за 20 персанальных), Мікалая Цыкоўскага абарвалася ў
Вашынгтоне ў 1987 годзе.
P.S.:
У Вашынгтоне жыве сын Цыкоўскага, таксама Мікалай. Пасля заканчэння Гарвардскага універсітэта ён атрымаў ступень доктара філасофіі і гісторыі мастацтваў, выкладаў гісторыю мастацтваў у каледжах і
універсітэтах ЗША, быў галоўным куратарам амерыканскага жывапісу ў Нацыянальнай галерэі.
У Пінску — магіла Вольгі Іванаўны, маці мастака. Захаваўся дом, у якім нарадзіўся Мікалай Цыкоўскі. У доме тым да 1950-х гадоў стаяла мэбля, зробленая яго бацькам і вісела некалькі абразкоў,
напісаных Мікалаем. (Калі і куды яны зніклі, ніхто не памятае).
А яшчэ, колькі месяцаў таму пляменніца мастака — Валянціна Іванаўна Цыцкоўская — неабачліва ці з эканоміі пенсійных сродкаў паслала адзіную даваенную фотавыяву таго драўлянага,
крытага гонтам дамка на былой Сіверскай у Мінск звычайным лістом. Па дарозе ліст, натуральна, згубіўся.