Андрэй Хадановіч прачытае ў Гданьску лекцыю «Партызаны імперыі»
Андрэй Хадановіч запрашае на адкрытую лекцыю ў Гданьску «Партызаны імперыі: «Энеіда навыварат», «Шляхціц Завальня», «Пінская шляхта»» з серыі лекцый «Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Лекцыя адбудзецца на беларускай мове, але для ахвочых будзе пераклад на польскую.
Як іронія і пародыя разбураюць імперскую ідэалогію? Чаму еўрапейскія пісьменнікі смяюцца з Энея, а шляхціц Завальня засынае, слухаючы пра Адысея? Хто быў папярэднікам беларускай «Энеіды навыварат» і што мы ведаем пра яе аўтара? Ці магчымая беларуская літаратура па-польску? А па-палеску? Чаму «Пінская шляхта» больш за паўстагоддзя, а «Шляхціц Завальня» больш за паўтара стагоддзя не маглі трапіць да беларускага чытача? Як у Яна Баршчэўскага і ў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча паказаны «русскій мір»? І як нашая «эліта» сама дапамагае каланізатарам? Хто такая Плачка і што яна аплаквае? Ці робіць шчаслівым сяброўства з цмокам? Як у нашых умовах не стаць ваўкалакам?
Пра гэта распавядзе на лекцыі Хадановіч.
Адзначым, што гэта другая з серыі чатырох лекцый Хадановіча з серыі «Беларусь у фантастычных апавяданнях». Пісьменнік размаўляе з чытачамі і прысутнымі пра класічную і сучасную беларускую літаратуру. Пра аўтараў у часы, калі беларусы ўжо мелі такую назву — і яшчэ не мелі яе, карысталіся беларускай мовай — і іншымі мовамі, ад сераднявечнай лаціны да ідышу міжваеннага часу. Пра выпадкі, калі пісьменнікі пісалі па-польску, але належаць Беларусі ў большай ступені, чым Польшчы. Пра важнасць перакладаў, што захоўваюць актуальнасць, якую ў значнай ступені ўжо страцілі арыгіналы. Пра белую (часам бел-чырвона-белую) магію літаратурнага тэксту, якая пераадольвае геаграфічныя, часовыя і лінгвістычныя межы.
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры. Аўтар 10 кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, англійскай, польскай, украінскай моваў. Выкладаў літаратуру ў Мінску — на філфаку БДУ і ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а таксама вёў заняткі ў «Беларускім Калегіюме» і ў «Перакладчыцкай майстэрні». З восені 2022 выкладае класічную і сучасную літаратуру ў віленскім ЕГУ, з вясны 2022 чытае літаратурныя лекцыі на ютуб-канале chadanovič.
Песня «Муры» ў ягоным перакладзе стала адной з песень пратэсту ў 2020 годзе. З кастрычніка 2022 года жыве ў Гданьску як стыпендыст ICORN.