Андрэй Мельнікаў: Партрэт на тле эпохі
Прысутнасць Мельнікава на архіпелагу беларускай аўтарскай песні нельга не заўважыць: першы ягоны цыкл песень «Камяні майго вогнішча» быў запісаны яшчэ ў 1987 годзе (перавыдадзены
на CD у 1994-м). Апошні па часе і 21-ы па ліку «Зубы на далоні» — у 2012-м. Паміж імі — цэлая эпоха. Эпоха, пражытая і краінай, і кожным з нас.
Мельнікаў — прадстаўнік першай генерацыі беларускіх бардаў, ніколі не быў апалітычным, адхіленым ад рэалій жыцця краіны і яе людзей певуном прыгожага слова і абстрактнай пекнай
прыгажосці. Хаця ніколі не цураўся і лірычных тэмаў: дастаткова прыгадаць вядомую песню «Каханая мая». Дзіўна ўдалым сімбіёзам патрыятычнага і лірычнага пачаткаў сталася тады бадай
першая ягоная шырокавядомая, насычаная барочнымі інтанацыямі «Песня з мінуўшчыны»:
Па расцерзанай айчыне
чужаземны войскі рышчуць,
Крумкачы спраўляюць трызну, але знікнуць папялішчы.
Незалежнасці паходні ў нас
і гонар, і сумленне,
Пад харугвамі з Пагоняй,
пад сцягамі Адраджэння.
Прыйдзем мы, ясна панна,
Прыйдзем, мая кахана,
З нашым войскам незалежным
Да сваёй зямлі адзінай,
Вернем лясы і паркі,
Вернем свае фальваркі,
І калісьці непазбежна
Адрадзім усю краіну —
Нашыя маёнткі ў пушчах,
Нашы вёскі, нашы вежы,
Нашы замкі старажытныя.
Ад Балтыку і да Крыму,
Да мясцін, дзе нас падтрымліваць
Будуць сябры-аднадумцы
З усёй Рэчы Паспалітае.
Ні даць, ні ўзяць — праграма адраджэння краіны. Як паказала жыццё, занадта рамантычная ды ідылічная.
Але тады гэтак яшчэ не здавалася. Мітынговая хваля накрыла край, пытанне дня — адпор спробам рэваншу камуністычнай наменклатуры за сваю прыкрую разгубленасць у жніўні 1991-га. Андрэй
Мельнікаў быў на версе гэтай хвалі, спаўна сплаціўшы даніну мітынговаму папулізму нашых палітыкаў; мала не на кожным мітынгу БНФ ён спяваў. Можа, і дарма, як ён цяпер разумее. Гэты час наўпрост
адбіўся ў цыкле песень на вершы былога ўдзельніка антыбальшавіцкага супраціву Алеся Змагара «Да апошняга камісара», дзе ў тытульнай песні аўтар зусім не па-хрысціянску заклікае
хлопцаў рэзаць бальшавікоў «да апошняга камісара».
Наогул, дамінуючай тэмай тагачасных цыклаў песень Андрэя стала тэма патрыятызму, вяртання страчанага намі — гістарычнай памяці, адчування сябе народам:
Не дадзім жа ворагу свой народ ганьбіць!
Як мы жылі вольныя, так і будзем жыць!
Дык уперад воі, хай ракою кроў!
За сцягі, за волю, за зямлю бацькоў!
(«Шляхецкая»)
Этапнай стала работа «Гэта мы!» 1996 года, дзявяты па ліку цыкл песень. Тытульная маршападобная песня стала тады лейтматывам супраціву гвалту з людзей у час масавых шэсцяў на
вуліцах сталіцы, песняй надзеі на блізкую перамогу і разам з тым дакладным аналізатарам сітуацыі:
Нехта кажа «бывай»,
Гэта шчэ не значыць канец.
І хаця ў канвульсіях край,
Рана канстатаваць смерць,
І хаця не відаць куды,
І надзеі ні на каго,
Ты паслухай — звіняць званы.
Гэта з намі гаворыць Бог.
Не выпадкова пазней гэтую песню ўпадабала і Кася Камоцкая. Мельнікаў сплаціў ёй пазыку, выканаўшы ў адным з апошніх цыклаў яе «Белую лебедзь» на верш Сыса.
Тады Мельнікаў стаў пачынальнікам яшчэ і аднайменнага фестывалю «Гэта мы!». Нагадаю: апрача «Аршанскай бітвы», ён запачаткаваў фестываль «Талька»
на Гомельшчыне, прычым два апошнія нягледзячы ні на што жывуць і сёння. І ёсць спадзеў, будуць жыць. Да гэтага часу выявілася і музычная фабула творчасці Андрэя — гэта дужа блізкая да
фальклорна-баладнай вельмі простая рытмічна-меладычная форма гарадскога рамансу, часам пераходзячая ў здзекліва-парадыйны фарс, часам — у вальс, танга-факстрот ці ваяцкі марш.
З часам выявілася, што меладычныя «мельнікаўскія» формы баладна-прыпевачнага характару паўтараюцца раз за разам у новых цыклах песень. Шукаючы дадатковыя фарбы для аранжавання сваіх
простых песенных канструкцый, Мельнікаў пачаў уводзіць гучанне духавых інструментаў, прычым, не маючы магчымасці запісаць іх натуральнае гучанне, пачаў імітаваць іх сваім жа голасам. Атрымлівалася
калі больш, калі менш удала.
З часам пошук гэтых дадатковых фарбаў прывёў яго да ідэі стварэння свайго аўтарскага гурта. Так з’явіўся гурт «Colorado beetles» («Каларадскія жукі»),
лідарам якога ён і стаў. На жаль, век гэтага ўтварэння стаўся не дужа доўгі.
Мельнікаў не баіцца кранаць гістарычных асоб нашага краю: як ні ў каго іншага, у ягоных песнях мы знаходзім цэлую галерэю такіх постацяў: Алесь Гарун, Янка Купала, Станіслаў Булак-Балаховіч, Афанасій
Філіповіч, Зянон Пазьняк… Іншая справа, што можна і не згаджацца з аўтарскай пазіцыяй адносна той ці іншай асобы. Не баіцца аўтар кранаць палітычныя забурэнні краіны і цяпер. У апошніх
цыклах падзеям 19 снежня прысвечана аж некалькі песняў:
Вас мясілі, што сілы, з усіх старон,
І звінеў, звінеў Нагасакі звон
У перадкалядны пост.
Не запэцкаць вас патокам хлусні,
І не выкрасліць, і ў будучыні
Усім, хто застаўся тут
Вечнасць аддасць прысуд.
Адной з праблемных кропак песень Мельнікава ёсць галасавыя магчымасці аўтара, якія далёка не заўжды спраўляюцца з пастаўленымі ім кампазітарам Мельнікавым задачамі. З простымі мелодыямі ён
спраўляецца здавальняюча, але, напрыклад, калі трапляецца распеўна-філасофская «Хуанхэ», то голас пачынае нярэдка «ездзіць» па танальнасцях. І хаця з часам
валоданне голасам Андрэй падцягнуў, праблема да канца не зжытая. Другая такая кропка — лексіка песень Мельнікава, дзе да сёння навалам расейшчыны. І хаця сам аўтар (дарэчы, філолаг па
адукацыі) кажа, што тым самым ён пашырае беларускую лексіку, мне гэтае пашырэнне падаецца надта сумнеўным.
Крызіс у творчасці Мельнікава супаў з крызісам у нацыянальна-адраджэнскім руху. Выпадкова гэта ці не, але факт: пасля 2001 года сем гадоў Андрэй амаль нічога не пісаў. Тады ж адбыўся паварот да веры:
Андрэй стаў дыяканам у царкве. Новыя цыклы ягоных песень паказалі, што крызіс не пераадолены. Як і ў пачатковы перыяд, сталі пісацца рускамоўныя песні. А галоўнае — значная частка песень з
новых цыклаў — гэта ні што іншае, як рымэйкі старых, вядомых савецкіх песень.
Вось прыклад: бярэцца мелодыя вядомай песні Нікіціна «Пад музыку Вівальдзі», і атрымліваецца вось што:
Пад музыку Вівальдзі, Вівальдзі, Вівальдзі
Сядзім у Бухенвальдзе, сядзім у Бухенвальдзе,
Вецер норд-ост, навокал халакост.
Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець?
Таму й не гудзець, што працэс ідзець.
Можна пасмяяцца, але калі сур’ёзна разабрацца, дык гэта сведчанне таго, што творчы крызіс працягваецца; у апошніх двух цыклах песень «Як з-за выспы на фарватар» і
«Зубы на далоні» такіх рымэйкаў ледзь ці не палова ад усяго зместу. А найбольш цікавыя песні, як правіла, на вершы іншых аўтараў — Сыса, Галубовіча, Лебяды,
Караткевіча… А галоўнае — амаль усе яны шчымліва журботныя, ад іх адчувальна вее скрушнай безнадзейнасцю і безвыходнасцю. Адно з нешматлікіх выключэнняў —
«Слёзы» на верш Анатоля Сыса. Незвычайная, нейкая эпічная фактура кампазіцыі, жывыя эмоцыі, голас зноў, як некалі, узлятае ў прастору, амаль фізічна адчуваеш сонца, паветра і
боль:
Поле, поле ў німбах сланечнікаў, сланечнікаў,
Жоўты-жоўты вецер пчолаў лашчыць, лашчыць.
Страшна. Страшна, страшна вее, вее, вее,
Жоўтым, жоўтым-жоўтым ветрам, ветрам,
Ветрам. Ходзіць. Ходзіць, ходзіць полем вечнасць,
Вечнасць. Пчолы, пчолы, пчолы джаляць маці,
Маці. У вочы, вочы, вочы.
Па шчоках сцякаюць слёзы.
Слёзы, слёзы, слёзы, слёзы, слёзы…
Цікава, што 8 верасня на Крапіўне Андрэй не стаў яе спяваць нават па просьбе — не гатовы быў, бо выкананне вымагае пэўных высілкаў. Разам з тым у новых цыклах з’явіліся песні на
іншых мовах — украінскай, нямецкай — чаго раней не было. А ў мелодыцы некаторых новых песняў нечакана праступілі інтанацыі Шалкевіча. Гэтага таксама раней не заўважалася. Ён
па-ранейшаму піша на дзіўнай мешаніне лацінкі і кірыліцы, таму чытаць ягоныя рукапісы — не для слабанервовых. І разам з тым гэта ўжо іншы Андрэй Мельнікаў.
Не ведаю, як скончыць гэты нарыс. Вобраз Мельнікава не складваецца ў нейкае адно акрэсленае цэлае, расплываецца ў прасторы. Таму не буду ставіць кропку…