Андрусь Такінданг: З вялікай радасцю артысты ладзілі дваровыя канцэрты
Ці ёсць цяпер самацэнзура ў беларускіх музыкаў? Якія існуюць магчымасці для выступу ў каронавірусны час? Ці сумяшчальныя анлайн і афлайн-канцэрты ў будучыні?
На гэтыя і іншыя пытанні шукаў адказы «Госць Рацыі» мастак, музыка і паэт Андрусь Такінданг:
— На вашу думку, якія зараз ёсць магчымасці ў Беларусі ў музыкаў?
— Найперш, гэта анлайн-выступы, а па-другое — усё адно існуюць нейкія канцэрты, нейкія выступы, яны цалкам не зніклі нават насуперак каранціну ці пагрозам.
— Якім чынам вы змаглі трансфармаваць свае выступы ў часы каронавіруса?
— Сапраўды, шмат канцэртаў адмянілася з-за каронавіруса. Пачалі больш улягаць тады ў запіс нейкіх песень і даследаваць для сябе фармат анлайн-канцэртаў. Гэта не раўназначная замена, ні ў якім сэнсе, ні матэрыяльна, ні эмацыйна яно не можа замяніць, але ўсё адно трэба нешта рабіць, таму больш улягалі ў анлайн-выступы.
Пасля ўжо з’явіліся дваровыя канцэрты на вуліцы, музыкі маглі граць у дварах. Гэта не клубнае памяшканне, а менавіта адкрытая прастора, пляцоўка, двор, гэта эмацыйна было вельмі добра. Усе засумавалі па такіх канцэртах, гледачы і музыкі. Таму з вялікай радасцю артысты ладзілі такія канцэрты.
— Ці нанесла палітычная сітуацыя ў краіне свой адбітак на вашу творчасць?
— Летам, калі пачаўся беларускі ўздым, рух, то пісалася шмат песень на гэтым уздыме. Я свой рэпертуар, рэпертуар гурта «Рэха», папоўніў новымі песнямі, якія былі хуткай рэакцыяй, хуткім адказам на тое, што адбывалася вакол.
Пасля аўдыторыя гурта «Рэха» значна пашырылася, калі пачаліся дваровыя выступы. Або калі нас затрымалі, то ўзнікла вялікая салідарнасць і павялічылася колькасць праглядаў, і пазнавальнасць калектыву павялічылася.
Андрусь Такінданг дадаў, што добрай магчымасцю ў каронавірусны час і час палітычных змен былі менавіта дваровыя святы. Але цяпер такія сустрэчы пераследуюцца сілавікамі.
Чытай больш на: «Беларускае Радыё Рацыя»