Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
У канцы кастрычніка беларускія археолагі паднялі з Нёмана човен. Сенсацыяй стаў узрост знаходкі: дуб для чаўна быў ссечаны больш за 500 гадоў! Гэта значыць, яшчэ ў часы князёў Аляксандра і Жыгімонта І. Пра ўнікальны артэфакт і яго далейшы лёс распавядаюць навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі археолагі Максім Чарняўскі і Сяргей Ліневіч.

— Раскажыце, калі ласка, як быў знойдзены човен?
Максім Чарняўскі: Човен знайшлі мясцовыя жыхары. Да гэтага ён ляжаў на дне, і ўсе яго ўспрымалі як яшчэ адзін гіганцкі мораны дуб у Нёмане. Дзіўна, што яго не выцягнулі на прамысловыя мэты. Дзе ён ляжаў да гэтага, колькі гадоў, у якім стане захоўваўся, — невядома. Справа ў тым, што папярэднія два гады яго вымыла недзе з берага, і ледаходамі паступова перамяшчала: з кожным сезонам недзе на 50-100 метраў. Апошнім ледаходам яго правалакло каля 50 метраў і перавярнула. Тады мясцовыя ўбачылі, што ён нейкай дзіўнай формы і патэлефанавалі ў Інстытут гісторыі. У ваколіцах той вёскі кожны год працуе экспедыцыя нашага Інстытута, таму мы ведалі, куды ехаць. Калега мой Сяргей Ліневіч нырнуў, канстатавалі, што там ёсць човен і пачалі рыхтавацца да вялікай экспедыцыі.
У падводную групу ўваходзяць чатыры археолагі Інстытута, якія прайшлі курсы дайвінгу, і вадалазы з дайвінг-цэнтра «Марскі пегас». Таксама нам дапамагаюць удзельнікі джып-форума 4х4, якія бяруць на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні, а мы займаемся выключна археалогіяй.
Пашанцавала, што човен, які з года ў год валакло, не быў моцна засыпаны і заілены. Пад імі былі прамытыя помпай праходы, у гэтыя праходы прасунутыя рамяні, з дамамогай якіх човен быў прывязаны да адмысловай канструкцыі і падняты. Па выніках дэндрахраналагічнага аналізу можна казаць, што дрэва было ссечана ў прамежку паміж 1500 і 1510 годам. Прыблізны ўзрост дрэва (дуба) — 300 гадоў.

Максім Чарняўскі
— У якім стане знаходзіцца човен?
Сяргей Ліневіч: Можна сказаць, што ў вельмі добрым. Захаваўся ён на адсоткаў дзевяноста. Дзесьці яго трошкі пашкодзіла падчас ледаходаў, трохі выламала борт і нос, папсавала карму. Аднак мы можам цалкам аднавіць яго памеры і форму.

Проба для дэндрахраналагічнага аналізу
— Для якіх мэтаў маглі выкарыстоўваць такі вялікі човен?
Сяргей Ліневіч: Гэта вельмі цікавае пытанне, над якім мы зараз думаем. Човен вельмі значных памераў: яго даўжыня 8 метраў 32 сантыметры, шырыня — 87 сантыметраў, вышыня каля 70 сантыметраў. Першая версія: яго маглі выкарыстоўваюць для дастаўкі рознага кшталту грузаў, таго ж самага зерня, якое звазілі проста па Нёману ў адно месца, а ўжо потым яно ішло ці на продаж, ці як пэўны падатак. Другі варыянт: яго маглі выкарыстоўваць як частку паромнай пераправы. Калі некалькі такіх чаўноў збіраліся ў адну канструкцыю, на іх рабіўся насціл, і з дапамогай вяроўкі паром перапраўляўся, то на адзін, то на другі бераг.

Сяргей Ліневіч
Максім Чарняўскі: У пачатку свайго жыцця ён мог выкарыстоўвацца як транспарт, потым ён мог выкарыстоўвацца як частка складанай канструкцыі, пасля ён мог выкарыстоўвацца яшчэ для чагосьці — пакуль мы можам толькі гадаць. За тое, што ён мог выкарыстоўвацца як частка складанай канструкцыі, сведчыць наяўнасць трох адтулін па адным краі пад самым верхам барта пад квадратныя брусы. Гэта не веславыя адтуліны, не якарныя, гэта канкрэтна адтуліны пад брусы, каб чаўны стаялі ў лінію, не рухаліся адзін адносна другога.

— Што далей будзе са знойдзеным чоўнам?
Максім Чарняўскі: Пакуль гэта вырашаецца. Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка. Зараз абмяркоўваецца, дзе ён будзе захоўвацца, пераважае версія, што гэта будзе музей Акадэміі Навук. Самае важнае пытанне — гэта належная кансервацыя!

— А праблем з кансервацыяй не будзе?
Сяргей Ліневіч: З дрэвам заўжды незразумела. Будуць глядзець спецыялісты, яны будуць вырашаць, як гэта лепш зрабіць. Значныя памеры чоўна патрабуюць значнага расходу хімічных рэактываў.
— Гэта досыць дорага?
Максім Чарняўскі: З аднаго боку дорага. З другога боку — трэба выкарыстоўваць найбольш актуальныя методыкі кансервацыі. Зараз мы пачынаем ліставанне з кансерватарскімі цэнтрамі Польшчы і Расіі. Выходзім на кантакт з людзьмі, якія ўжо займаліся кансервацыяй у Беларусі. Мы ведаем, што ў музеі Берасця былі праведзены вялікія кансерватарскія работы, але зараз там ёсць праблемы з драўнінай. Важна знайсці сучасныя методыкі, распрацаваныя з улікам досведу дзесяцігоддзяў, каб не атрымаць тыя праблемы, што ўжо ёсць у розных музеях. Напрыклад, каля Барысава ў Бярэзіне ляжыць некалькі караблёў-байдакоў, якіх проста няма сэнсу зараз падымаць.

Сяргей Ліневіч: Калі я не памыляюся, у моры каля Францыі знайшлі старажытнарымскі карабель, і дзесяць год прайшло нават не на тое, каб яго падняць, а толькі каб распрацаваць методыку кансервацыі, пабудаваць павільёны, дзе яго будуць сушыць.

Максім Чарняўскі: Нам проста шалёна пашанцавала з часам правядзення экспедыцыі. Таму што зараз холадна, але не мінус, вельмі высокая вільготнасць. Калі было б горача, лодка пачала б сохнуць, трэскацца, калі быў мінус, лёд у лодцы пачаў бы яе разрываць. Мы не маглі пакінуць усё, так як ёсць: лодка была фактычна вынесена на берагавую лінію, і яе насавая частка адназначна ўмерзла бы зімою ў лёд, шанцы на тое, што чарговы крыгаход паламае яе, досыць вялікія. Была альтернатыва капаць у Нёмане яму на паўтары глыбіні чоўна, засыпаць яго грунтам, з пазнакамі дзе ён ляжыць на будучае. Але гэтая работа заняла бы нашмат болей часу і сродкаў, чым у нас было.

— Колькі чаўноў захоўваецца ў беларускіх музеях?
Максім Чарняўскі: Усяго па музеях Беларусі стаіць каля шасці чаўноў, але яны толькі часткова захаваныя і даволі маладыя па храналогіі. У свой час чаўноў было шмат папалена, бо ніхто не ўспрымаў іх як нейкую каштоўнасць.

— Падводныя даследаванні ўжо не першы год маюць поспех. Спачатку гэта знаходкі ў Жаберскім замку, цяпер знаходка ўнікальнага чаўна. Што дало штуршок для развіцця падводнай археалогіі?
Максім Чарняўскі: Гэта ўсё стала магчымым дзякуючы дайвінг-цэнтру «Марскі пегас» і асабіста яго стваральніку Андрэю Ліхачову. А з другога боку, падводную археалогію актывізавала тое, што чорныя капальнікі перайшлі з сушы пад ваду. Мы доўгі час лічылі: калі нешта ляжыць пад вадой, яно ў бяспецы. Зараз мы бачым, што гэта не так. Людзі маюць касцюмы, могуць ныраць пад ваду, могуць дазволіць сабе купіць падводны металашукальнік або проста плаваць і збіраць артэфакты. Яны не абмежаваны ніякімі заканадаўчымі ці бюракратычнымі перашкодамі. Яны вольныя і фінансава. Таму прапанова Андрэя Ліхачова вельмі ўдала супала з нарастаннем нашай заклапочанасці. З пачатку было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве Інстытута гісторыі з «Марскім пегасам», пасля была падрыхтавана адна пара дайвераў—археолагаў, потым другая. Нас навучылі дайвінгу, а мы іх вучым археалогіі.

Сяргей Ліневіч: У нас ёсць такі тэрмін, як «палявы сезон». Ён пачынаецца вясной, скончваецца восенню. Але цяпер з дайверамі мы працуем фактычна круглы год. У нас ёсць аб’ект, з якім лепш працаваць па льду. За апошні чатыры гады мы правялі вельмі шмат працы. Працуем фактычна па ўсіх перыядах, пачынаючы ад Каменнага веку, скончваючы Познім Сярэднявеччам і нават Новым часам. Планаў многа, хацелася бы на іх усе знайсці час.