Беларусь зноў не будзе ўдзельнічаць у «Еўрабачанні»

У спісе ўдзельнікаў «Еўрабачання-2022» прадстаўніка Беларусі няма.

Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) апублікаваў спіс краін-удзельніц «Еўрабачання-2022», правядзенне якога запланавана на травень 2022 года ў італьянскім Турыне. У спісе з 41 краіны Беларусь не значыцца, пішуць naviny.by.

Гэта наступствы леташняга палітычнага скандалу, які завяршыўся прыпыненнем членства «Белдзяржтэлерадыёкампаніі» (БТРК) у ЕВС.

Беларусь прапускае ўжо другое «Еўрабачанне» запар. У сакавіку мінулага года ЕВС адхіліў БТ ад удзелу ў конкурсе пасля таго, як беларускі бок двойчы заявіў кампазіцыі з праўладным палітычным падтэкстам.

Больш за тое, пад няспынным ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці 30 чэрвеня 2020-га было прыпынена сяброўства БТ у ЕВС.

Еўрапейскі вяшчальны саюз зыходзіў з таго, што яго члены не павінны быць датычнымі да парушэнняў правоў чалавека і свабоды слова. У прыватнасці, БТ ставілася ў папрок дэманстрацыя сюжэтаў з удзелам падвергнутых катаванням апанентаў улады, а таксама звальненне супрацоўнікаў, якія падтрымалі пратэсты.

У выніку «Белтэлерадыёкампанія» больш не мае доступу да розных сэрвісаў для членаў ЕВС — абмену навінамі і музычным кантэнтам, трансляцый музычных і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама да ўдзелу ў «Еўрабачанні».

У адказ на пазбаўленне Беларусі магчымасці ўдзельнічаць у самым папулярным еўрапейскім музычным шоу БТРК у афіцыйным каментары заявіла, што «..мы зэканомім шмат мільёнаў еўра і выканалі мару большасці жыхароў Беларусі. Больш без Еўрабачання!»

Згуртаванне беларусаў замежжа «Беларуская Рада культуры» прасоўвала пазбаўленне рэжыму ў асобе рупара прапаганды ўдзелу ў «Еўрабачанні». Аляксандр Чахоўскі, выканаўчы дырэктар гэтага аб'яднання, у сакавіку 2021 года гаварыў, што мэта — «не пазбавіць людзей свята, а аслабіць рэжым любымі спосабамі».

Сёння Чахоўскі распавёў пра шляхі вяртання беларусаў на сцэну «Еўрабачання»:

«Пры гэтай уладзе на "Еўрабачанне" едуць артысты, якіх адбірае вяшчальнік. БТРК, як паказаў вопыт, адбірае ці нешта зусім маргінальнае, тыпу "Галасы ЗМеста", або праўладнае, накшталт Аляхно. І калі ўлада выстаўляе "Галасы ЗМеста" — гэта ганьба.

Калі ў Беларусі ўлада зменіцца, то памяняюцца і ўмовы для працы медыя — яны павінны будуць стаць цалкам незалежнымі ад дзяржавы. Калі Лукашэнка сыдзе і органы ўлады будуць пераканструяваныя, то і Беларусь вернецца на "Еўрабачанне". Вяшчальнікам можа быць і перафарматаванае БТ — Беларускае грамадскае тэлебачанне. Такія прыклады ёсць у Грузіі, Украіне і іншых краінах.

Адзінае, на жаль, мы не можам даваць дакладных прагнозаў, калі гэта адбудзецца».

Паводле слоў Чахоўскага, у «Беларускай Радзе культуры» таксама разглядаўся варыянт вяртання на «Еўрабачанне» праз удзел ад імя іншай краіны: «Беларускі выканаўца едзе на конкурс праз адбор, арганізаваны вяшчальнікам іншай краіны, напрыклад, Літвы. Аднак гэты шлях вельмі складаны, амаль нерэалізуемы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: