Беларусь знутры і звонку: «навошта было фоткаць алкагалічку?»

6 лютага ў Берліне адбылася прэзентацыя англамоўнага часопісу «Belarus Inside-Out» — «Беларусь знутры і звонку» — супольнага праекту парталаў plotki.net (Берлін) і generation.by (Мінск).



955cb567b6e38f4c6b3f28cc857fc38c.jpg

6 лютага ў Берліне адбылася прэзентацыя англамоўнага часопісу «Belarus Inside-Out» — «Беларусь знутры і звонку» — супольнага праекту парталаў plotki.net (Берлін) і generation.by (Мінск). Выданне паўстала па выніках лета–2009, калі маладыя журналісты і фатографы з Грэцыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Румыніі, Аўстрыі аб’ядналіся з беларускімі калегамі-аднагодкамі, каб супольна зруйнаваць стэрэатыпы, што склаліся пра нашу краіну на Захадзе, асвятліць «надзённыя і адначасова «малатыповыя» аспекты жыцця сённяшняй Беларусі.
«Адносна новая палітычная прастора, якая здаецца сама сабе сапраўднай «Еўропай», — такое азначэнне дае Беларусі рэдактарка праекту з нямецкага боку Катрын Янка. Так што, па маіх адчуваннях, у стваральнікаў часопіса атрымалася хутчэй не руйнаванне стэрэатыпаў, а адкрыццё Атлантыды: шмат хто з жыхароў Заходняй Еўропы і рэшты свету ўвогуле не здагадваецца пра існаванне Беларусі. Калі заўгодна, «Belarus Inside-Out» — гэта падарожная кніжка па нязведанай краіне. Што характэрна, прыдатная для карыстання самімі беларусамі.
Наасфера ў разрэзе
Хлопцы і дзяўчаты, залучаныя ў праект, разбіліся на тандэмы па прынцыпах «беларус—замежнік», «пісьменнік—фатограф» і цягам дзесяці дзён вандравалі па Беларусі. Вынік — 14 тэкстаў на англійскай мове, кожны мае кароткае рэзюме па-беларуску.
Геаграфія ў праекта выйшла (у межах РБ) даволі шырокая: Мінск, Гомель, Тураў, палаца-паркавы комплекс у Залессі, закінутыя палескія вёскі, моладзевыя эка-вёскі Росы і Звон-гара пад Мінскам і Віцебскам... Што да тэматыкі, атрымаўся ландшафт сучаснага соцыякультурнага жыцця беларусаў, наасфера ў разрэзе — нездарма вокладка часопіса ўяўляе сабой тапаграфічную карту. Прынцып двухбаковага падыходу апраўдаў сябе і ў тэкставым, і ў ілюстрацыйным плане — немцы ды грэкі па-новаму здымалі тое, што ўжо даўно замыліла аб’ектыў беларуса, «свае» і «чужыя» стварылі прынцыпова розныя тэксты. «Вонкавых» аўтараў больш цікавіла прырода і ўрбаністыка — рэпартажы Б’ёрна Юнгіуса «Пошчак белатускі» і Ольгі Юнгіус «Еўрапейская Амазонія» апісваюць стан экасістэмы палескіх балотаў і старажытны Тураў, Ахім Гацыюс у матэрыяле «Балотны чалавек» расказвае пра канцэпцыю Горада Сонца мастака Артура Клінава. Юрген Рэндл запісаў гукі цэнтральных вуліц і плошчаў Мінска, спалучыўшы іх з інтэрактыўнай картай (цяпер Мінск можна пабачыць і паслухаць у інтэрнэце).
Румынку Сінцыяну Дэміян зацікавіла тэма прымусовага размеркавання студэнтаў: яна параўноўвае беларускія універсітэцкія парадкі з румынскімі парадкамі часоў Чаўшэску. Беларускія журналісты таксама трымалі руку на пульсе грамадства, беручы інтэрв’ю на балючыя для іх тэмы ў знакавых для іх асобаў. Зміцер Кустоўскі ў тэксце «Андэграўнд не па волі» раскрывае сітуацыю з нефармальнай музычнай культурай праз меркаванні прадзюсераў Аляксандра Багданава (Bo Promo Agency, Мінск), Віталя Шума («Цэнтр жывога року», Магілёў), музыкаў Яна Маўзэра і Андруся Такінданга. Алесь Герасіменка («Краіна кінутых палацаў») гутарыць з гісторыкам і абаронцам архітэктурнай спадчыны Антонам Астаповічам.
Гэтыя і іншыя матэрыялы пакідаюць па іх прачытанні пачуццё сатысфакцыі: так, нібы аўтары сказалі за цябе самае важнае пра вашу краіну. Маленькім шэдэўрам журналістыкі я лічу матэрыял Наталлі Раманенка «Працаваць важней, чым жыць». Наталля распавядае пра беларускіх пенсіянерак, якія працуюць, — прыбіральшчыцамі, касіркамі, машыністкамі атракцыёнаў у парку... Для заходнікаў матэрыял можа стаць шокам, таму што, напрыклад, нямецкія ці французскія пенсіянеры атрымліваюць добрыя пенсіі і, скончыўшы працаваць, рэшту жыцця заслужана адпачываюць. Гэты матэрыял і сапраўды пабудаваны на разбурэнні стэрэатыпаў: «Самыя прыгожыя дзяўчаты жывуць у Беларусі», — запэўніваюць загалоўкі газет, з гонарам друкуючы здымак чарговай бландзінкі. «Як шмат прыгажунь!» — усклікаюць замежныя і мясцовыя мужчыны падчас праменаду па чыстых вуліцах нашых гарадоў. (…) Прыглядзіцеся. Хто вуліцы мяце? Хто падлогу мые? Хто латарэйнымі квіткамі гандлюе ў любое надвор’е? Зразумела ж, прыгожыя дзяўчаты. Толькі пастарэлі яны гадоў на сорак…»
«А дзе Бібліятэка?»
Англійская мова, здаецца, ёсць галоўнай удачай праекту — такім чынам колькасць патэнцыйных чытачоў гэтага нетрывіяльнага падарожніка па Беларусі павялічваецца ў разы. Берлінская прэзентацыя 6 лютага прайшла пры перапоўненай залі: арганізатары чакалі каля 50 чалавек, а прыйшло 200. «Сабраліся самыя розныя людзі, — дзеліцца ўражаннямі фатограф Сяржук Голік, перадаючы мне асобнік часопіса, — не толькі беларусы Берліна ці немцы, што спачуваюць Беларусі. Я пазнаёміўся з брытанскім журналістам, які выдатна размаўляе па-руску. І мяне здзівіла дзяўчына з Нігерыі, якая шчыра цікавіцца нашай краінай».
У чым палягае «нетыповасць» праекту, можна меркаваць па рэакцыі на яго простых беларусаў. Прыехаўшы дадому, Сяржук з гонарам паказаў навінку людзям, з якімі працуе. Не ведаючы англійскай мовы, тыя крытыкавалі ілюстрацыі: «А дзе Нацыянальная бібліятэка? Чаму яе няма? — здзівіліся супрацоўнікі. — І што гэта за вясковая баба задрыпаная дзіцёнка абдымае? Навошта было фоткаць алкагалічку?.. У Беларусі такога не можа быць — каб у вёсцы куры па кухні хадзілі». Найбольшае непрыняцце ў гэтых людзей выклікаў фотарэпартаж Анікі Бюсэмаер «Ігар і Сяргей» пра жыццё гей-пары. Іх рэакцыя па духу нагадвала нядаўні судовы працэс над фотамастачкай Умідай Ахмедавай, якую ўлады Узбекістана ледзь не пасадзілі ў турму за дыскрэдытацыю радзімы ў вачах захаду этнаграфічнымі рэпартажамі з жыцця ўзбекскай правінцыі. І ва Узбекістане, і ў Беларусі пануе перакананне: здымаць і паказваць за мяжой можна толькі пацёмкінскія, спецыяльна збудаваныя для гэтага аб’екты. А ўвага да ўсяго жывога, непрычасанага — сорамна, непрыстойна і павінна карацца законам.
Па словах рэдактаркі праекта з беларускага боку Вольгі Кузьміч, мінская прэзентацыя (чытай: чаканая раздача) часопіса з удзелам замежных партнёраў запланавана на сакавік 2010 года, але больш падрабязнай інфармацыі пакуль няма.

----------------------------------------------------------------------------

План УВЗ: прынцып Inside-Out у дзеянні
Брытанка Роўз Грыфін і беларуска Вольга Вітушка прысвячаюць свае артыкулы вясельным завядзёнкам беларусаў. У рэпартажы «Загадкі традыцыі» Роўз апісвае ўрачысты армагедон, які яна бачыць у выходны дзень жніўня на мінскай Выспе Слёз. Яе шакуе, што маладажоны робяць вясельныя здымкі на месца жалобы, і здзіўляе, што абодва «вясельныя цырыманімайстры», з якімі ёй удалося дамовіцца на гутарку, — хлопцы, бо на захадзе гэта жаночая прафесія. Вольга ў сваім эсэ «Хутчэй галандка ці немка, чым беларуска» дзеліцца няпростым досведам быцця незамужняй «старой паннай» у 24 гады, расказвае гісторыю сваёй сяброўкі, якая сутыкнулася з непрыхільнасцю бацькоў, калі вырашыла жыць грамадзянскім шлюбам са сваім хлопцам.
Роўз Грыфін
— Я гляджу, як нявесты падыходзяць да Анёлка, які плача, і труць яго геніталіі: такі рытуал гарантуе ім, што ў іх будуць дзеці. Яны пасміхаюцца; здаецца, іх галовы занятыя адно радаснымі імгненнямі вяселля і думкамі пра будучае шчасце. Няхай гэтыя людзі не ведаюць, чаму прысвечаны мемарыял, для мяне як чалавека старонняга гэта нават з выгляду вельмі сумнае асяроддзе. Я згадваю вайсковыя мемарыялы ў мяне на радзіме, у Вялікабрытаніі. Гэта хутчэй пустынныя месцы. Іх наведваюць хіба раз на год і ўжо дакладна не ў святочным настроі.
Вольга Вітушка
— На мой дваццаць чацвёрты дзень народзінаў тата ціха, з заміраннем голасу павіншаваў: «Дачушка, зычу табе аднаго: ажыццявіць план УВЗ». «Што гэта такое?» — здзіўлена перапытала я. «Удала Выйсці Замуж, — адказаў ён ледзь не са слязьмі на вачах. — Гэта для цябе зараз самае галоўнае». (…) Над іншымі гукамі мінскіх вуліц дамінуе цокат высокіх абцасаў па тратуары. Устаноўка на замуж, сям’ю як сродак поспеху сфармавала пэўны стыль паводзінаў маладых жанчынаў.