Беларускае слова нясе моц і энергію
Міжнародны дзень роднай мовы на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны быў адзначаны 21 лютага напісаннем дыктоўкі па тэксце Міколы Ермаловіча «Мова — сцяг народа», які прадыктавала выкладчыца 50-тай мінскай гімназіі Валянціна Аляксандраўна Драгун.

«Нацыянальнае абуджэнне бярэ свой пачатак з усведамлення роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце», — гаворыцца ў тэксце дыктоўкі.
Ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў узгадаў пра гісторыю запачаткавання нацыянальнай дыктоўкі. «Мы пішам яе ўжо у 14-ты раз. З такой ідэяй 14 гадоў таму ўпершыню выступіў Уладзімір Падгол, які звярнуўся з прапановай у розныя грамадскія арганізацыі і партыі, яго падтрымаў Віктар Івашкевіч.

Для напісання першай дыктоўкі на сядзібу ТБМ былі запрошаны дыпламаты еўрапейскіх краін. Дыктоўка з удзелам дыпламатаў дала шырокі рэзананс. З тых часоў мы пачалі запрашаць да ўдзелу ў дыктоўцы беларусазнаўцаў, музыкаў, артыстаў і ўсіх, хто любіць прыгожае мастацкае слова. Дыктоўка пачала праводзіцца ў бібліятэках, музеях, палацах культуры і стала сапраўдным святам!
Пяць гадоў таму тыдзень беларускай мовы быў абвешчаны на рэспубліканскім узроўні і назва "нацыянальная дыктоўка" атрымала падтрымку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Год таму ў адной толькі Гарадзенскай вобласці ў напісанні дыктоўкі ўдзельнічалі больш 100.000 чалавек, а па ўсёй краіне - не меньш 200.000 чалавек. Мова тады адчувае сябе поўнакроўнай, калі людзі на ёй пішуць. Да сёлетняй дыктоўкі мы падрыхтавалі тэксты нашых юбіляраў: І.Шамякіна, І.Мележа, М.Ермаловіча», — адзначыў Алег Трусаў.

«Жадаю вам моцы, энергіі і свабоды! Наперад з беларускім словам!» — прамовіла да ўдзельнікаў дыктоўкі на заканчэнні старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.
У Чырвоным касцёле ў напісанні дыктоўкі ўдзялі ўдзел парафіяне і чытачы бібліятэкі імя А. Міцкевіча. Для іх была прапанавана выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

На імпрэзе, арганізаванай куратарам бібліятэкі Галінай Івуць, прагучалі галасы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна з дыска «Сто паэтаў». Тэкст дыктоўкі «Без мовы няма народа» па творы Ніла Гілевіча прачытала выдатнік народнай асветы, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Карлаўна Раманцэвіч.