Беларускаму аўтару вобразаў Чабурашкі і кракадзіла Гены 99 гадоў
Сёння, 30 жніўня, 99 гадоў спаўняецца Леаніду Шварцману — мультыплікатару, аўтару вобразаў герояў любімых савецкіх мультфільмаў, які нарадзіўся ў Мінску. «Новы Час» сабраў некалькі цікавых фактаў з жыцця мастака, пра якія вы, магчыма, не ведалі.
![Леанід Аронавіч з двума сваімі галоўнымі персанажамі — кракадзілам Генам і Чабурашкам. Фота: Маскоўскі музей анімацыі Леанід Аронавіч з двума сваімі галоўнымі персанажамі — кракадзілам Генам і Чабурашкам. Фота: Маскоўскі музей анімацыі](/img/v1/images/inx960x640__1__4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Леанід Аронавіч з двума сваімі галоўнымі персанажамі — кракадзілам Генам і Чабурашкам. Фота: Маскоўскі музей анімацыі
Старая Шапакляк з Чабурашкам і кракадзілам Генам, Удаў з мульціка «38 папугаяў», кацяня па імені Гаў — знешнасць усіх гэтых улюбёных з дзяцінства персанажаў прыдумаў Леанід Аронавіч Шварцман.
Нарадзіўся ў цэнтры сучаснага Мінска
Будучы мультыплікатар нарадзіўся ў Мінску на вуліцы Ракаўскай у 1920 годзе. Некалькі гадоў таму ў інтэрв'ю газеце «Комсомольская правда» Леанід Шварцман, які цяпер жыве ў Маскве, узгадваў Мінск свайго дзяцінства: драўляныя дамы (некаторыя — з каменным першым паверхам), Нямігу і Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, сінагогу, куды яго маленькага вадзіў бацька. Роднаму гораду Шварцман прысвяціў серыю карцін «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства».
![wx1080_24.jpg wx1080_24.jpg](/img/v1/images/wx1080_24.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Серыя карцін «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства» адкрываецца так: хлопчык здзіўлена глядзіць, як па яго роднай Ракаўскай ідуць салдаты ў касках. Фота: асабісты архіў
![wx1080__1__4.jpg wx1080__1__4.jpg](/img/v1/images/wx1080__1__4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так 7-гадоваму хлопцу запомнілася 10-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1927-м. Разам з мамай будучы мастак стаіць каля святочных вітрын, а ў іх — партрэты Леніна і Троцкага. Фота: асабісты архіў
![wx1080__5_.jpg wx1080__5_.jpg](/img/v1/images/wx1080__5_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У такіх кварталах і прайшло мінскае дзяцінства Леаніда Шварцмана, такім ён яго захаваў на сваіх карцінах. Фота: асабісты архіў
Вучыўся ў славутага Валянціна Волкава
У 1935 годзе ў Мінску пачала працаваць мастацкая студыя, дзе выкладаў Валянцін Волкаў (аўтар знакамітай карціны «Мінск. 3 ліпеня 1944 года»). Леанід Шварцман паспяхова здаў іспыты і паступіў у студыю. Пазней ён узгадваў, што менавіта Валянцін Волкаў заклаў у яго асновы прафесійнага майстэрства мастака. Таксама Волкаў паспрыяў таму, каб адбылася першая выстава Шварцмана. У 1930-я да святаў на цэнтральных вуліцах Мінска вітрыны крамаў упрыгожвалі працамі навучэнцаў мастацкай студыі. І творы Леаніда Шварцмана трапілі на вітрыны ГУМа. Гэта была серыя работ па матывах «Прыгодаў Гулівера» Джонатана Свіфта.
Не паступіў у ленінградскую Акадэмію мастацтваў
У 1938 годзе разам з сябрам па мастацкай студыі Леанід Шварцман прыехаў у Ленінград, каб паступіць у Акадэмію мастацтваў. Але абодва не здалі экзамены. Тады мінчанам прапанавалі паступіць у падрыхтоўчую школу пры акадэміі. Таварыш Шварцмана адмовіўся і з'ехаў у Маскву, а Леанід застаўся і працягнуў навучанне.
«Пасяліў» сваіх герояў у Мінску
Шмат якія элементы роднага горада Леанід Шварцман выкарыстоўваў потым у сваіх мультфільмах. Так, многія героі мастака гуляюць па старым Мінску. Апроч таго мультыплікатар неаднаразова прыязджаў у Мінск пасля вайны, хадзіў па горадзе з эцюднікам, рабіў эскізы. І хоць гарады, у якіх жывуць персанажы Шварцмана, прыдуманыя, у маленькіх дамках і вулачках можна разгледзець Мінск яго дзяцінства.
![wx1080__4__2.jpg wx1080__4__2.jpg](/img/v1/images/wx1080__4__2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дэкарацыі мультфільма мастак змаляваў з Мінска свайго дзяцінства. Фота: асабісты архіў
![wx1080__3__2.jpg wx1080__3__2.jpg](/img/v1/images/wx1080__3__2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дамкі за спінай у мамы-малпачкі нагадваюць кварталы старой Нямігі — такая асацыяцыя была ў Леаніда Шварцмана. Фота: асабісты архіў
Паводле матэрыялаў kp.by
«Новы Час» шчыра віншуе Леаніда Аронавіча з Днём народзінаў і зычыць здароўя і добрага настрою!