Беларускі блюз жыве: у Мінску ўзгадалі Яўгена Канавалава (фота)

Канец лета па музычным мерках – усё яшчэ сезон вялікіх фэстаў ды оўпэн-эіраў, але гэта не замінала правесці ў дворыку музея Азгура вечар памяці легенды айчыннага блюзу Яўгена Канавалава. Дваццаць другога жніўня тут сабраліся аматары павольных лірычных песень афраамерыканцаў ды беларусаў.

belaruski_bljuz__pavel_aksinovicz____5__logo.jpg

За поўныя тры гадзіны на імправізаванай сцэне выступілі Дзяніс Балахонаў, Андрэй Плястуноў, Уладзімір Ткачэнка, Аляксандр Цыганок і калектыў Юрыя Несцярэнкі. Музыкі гралі як і аўтарскія кампазіцыі, так сусветна вядомы блюз і нават музыку, якая выходзіць за межы гэтага напрамку: Джымі Хендрыкса, Джона Ленана ды іншых.

Яўгена Канавалава называюць адным з пачынальнікаў рок-н-ролу ў Беларусі. Граць музыка распачаў яшчэ ў той час, калі рок у БССР называўся біг-бітам.

У 1965 годзе на базе Радыётэхнічнага інстытута стварыліся «Алгарытмы» – першы калектыў з удзелам Канавалава. А ўжо праз тры гады, на Першым фестывалі біт-ансамбляў Мінска «Алгарытмы» занялі першае месца, а Яўген быў прызнаны лепшым сола-гітарыстам. На працягу 70-х Канавалаў перайграў у розных клубных складах, а затым на два дзесяцігоддзі сышоў у навуку, па ўспамінах музыкаў, амаль ніхто з таго пакаленняў блюзменаў не застаўся на прафесійнай сцэне.

У канцы 90-х ён зноў пачаў выступаць, запісаў шэраг альбомаў ад блюзавых да авангардных. У апошні раз Яўген выйшаў на сцэну ў верасні 2010 года. Музыкі не стала ў красавіку 2011. Праз паўгады выйшаў яго пасмяротны альбом «The Way», які склаўся з запісаў 2000-2008 гадоў.