«Беларускі палкоўнік» — пратэстанцкае фэнтэзі пра «Крывавы патоп» XVII ст.

Сёлета выйшла першая частка рамана Яўгена Зубовіча, прысвечаная Магілёву і лёсам яго жыхароў цягам вайны з Масковіяй 1654 года. Што атрымалася ў выніку і ці спалучальны сармацкі стыль з пратэстанцкай этыкай?

palkounik.jpg

Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта сапраўды дабротнае густоўнае афармленне. Цвёрдая вокладка, добрая папера і чытабельны шрыфт, а яшчэ — часам наіўна-казачныя, але ад таго не менш сімпатычныя ілюстрацыі. Візуальная канцэпцыя — чорна-белая, што падкрэслівае мінорнасць і жалобу часоў «беларускай смуты».
Паводле сюжэта, галоўны герой, шляхціц Паклонскі, як праваслаўны магілёвец выбірае ў канфлікце бок расійскага цара і атрымлівае з рук Аляксея Міхайлавіча пярнач палкоўніка. Адгэтуль ён кіраўнік «беларускага палка». Перад ягоным войскам адчыняюць брамы гарады і мястэчкі, а сам палкоўнік шчыра ўпэўнены, што ўсё робіць слушна, бо бароніць веру, якую ўціскаюць лаціннікі.
Калі ж Паклонскі пасля ўзяцця Магілёва бачыць бясчынствы «вызваліцеляў», то пачынае разумець, што нешта пайшло не так... Што было далей, мы не ведаем, бо кніга перарываецца, і чытачу давядзецца чакаць наступнай часткі (частак) — колькі іх яшчэ будзе, аўтар не папярэджвае.
Ёсць у рамане і лінія кахання: палкоўнік поўны пачуццяў да Стасі, якая паходзіць... з пратэстанцкай сям’і патрыётаў Вялікага Княства. Амурныя адносіны пры гэтым паказаныя максімальна ўзнёсла і пастаральна. Перапіска, пакуты, «суворы бацька» і, зразумела, ніякай жарсці і сэксу: Стася — пратэстантка.

palkounik_2.jpg

Наогул, пратэстанцкі след прасочваецца ў кнізе максімальна выразна (аўтар — евангельскі хрысціянін). І гэта не толькі рэмаркі кшталту «грэх п’янства», «паганскае племя радзімічаў», дэманізацыі езуітаў і іхнага патрона Жыгімонта ІІІ, але і сама сюжэтная лінія: Паклонскі, нібы Маісей, яшчэ ў пачатку аповеду забівае вартаўніка ў Магілёве, аказваецца па-за законам, таму змушаны адправіцца ў доўгае падарожжа... Гісторыя кахання, у сваю чаргу, нагадвае гісторыю евангелізацыі: Стася дорыць Кастусю Біблію — каб чытаў і набіраўся розуму.
Наогул, асабіста мне ў кнізе не хапіла моцных эмоцыяў і жарсці: нават у сцэнах боек і сутычак баец, перад тым як рассекчы галаву ворагу, звяртаецца да яго з прамовай на некалькі сказаў. Паклонскі, які нібы мае быць гарэзам ды хуліганам, усё ж застаецца занадта інтэлігентным і тактоўным. Нават п’янкі апісаныя неяк сарамліва, быццам у шляхецкіх келіхах разліты кефір альбо грэйпфрутавы сок.
Разам з тым, аўтар добра папрацаваў з гістарычнымі крыніцамі. На кожнай старонцы мы сустракаем карабэлы, карабачы, сагайдакі, япанчу і г.д. — тэрмінаў часам ажно зашмат. Калі апісваецца застолле, то чытаем пра вяндліны, буракі, квашаную капусту, рыжскі селядзец, чавускі мёд... але, на жаль, не адчуваем іх паху і смаку: тэрміны застаюцца адно пералікам, меню сярэднявечнага рэстарана.

palkounik_3.jpg

«Беларускі палкоўнік» стварае ўражанне пратэстанцкага рамантычнага фэнтэзі для падлеткаў, дзе аўтар ідзе ўжо пратаптанай сцяжынай Сянкевіча і Крашэўскага. Зразумела, што пасля «Агнём і мячом» напісаць пра той час нешта новае надзвычай цяжка, але і капіяваць Паклонскага з Багуна і Рудніцкага з пана Заглобы — мабыць, не самы ўдалы варыянт.
Ну і самае галоўнае. Сармацкі стыль — гэта не толькі шабля, конь і тое, у што апрануты шляхціч. Гэта ідэя і стыль жыцця: эмоцыя, маштаб, раскоша, смеласць і бязглуздыя рашэнні ў камбінацыі з абыякавасцю да смерці і лёсу заўтрашняга дня. Пратэстанцкая этыка — гэта ж пра веру, стваральную працу, разлік і эканамічны рост, ці не так? Ці спалучальныя гэтыя ідэі наогул? Я не ведаю. Чытайце і рабіце высновы самі.
Алесь Кіркевіч, budzma.by