Севярынец паскардзіўся ў Генпракуратуру на канфіскацыю рукапісу другой кнігі «Беларусаліма»

Здарэнне адбылося, калі сустаршыня партыі БХД адбываў адміністрацыйны арышт за абарону Курапатаў у ЦІП на Акрэсціна.

belarusalim.jpg

Пра гэта палітык напісаў у сваім Фэйсбуку:
Адправіў у Генеральную пракуратуру заяву пра канфіскацыю рукапісу з другой кнігі «Беларусаліма» на сутках на Акрэсьціна:
«У перыяд з 30 чэрвеня па 10 ліпеня гэтага года я, Севярынец Павел Канстанцінавіч, пісьменнік, сябра Саюза Беларускіх Пісьменнікаў, адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону Курапатаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (далей — ЦІП), у камеры № 9.
5 ліпеня каля 09.00 падчас праверкі у мяне забралі 11 старонак рукапісу рамана „Беларусалім. Сэрца святла“, які я пісаў у камеры — старонкі фармату А4, спісаныя зялёнай шарыкавай ручкай. Рукапіс забралі, нягледзячы на мае пратэсты. У той жа дзень я напісаў заяву на імя начальніка ЦІП, якую перадаў дзяжурнаму на праверцы назаўтра, 6 ліпеня. Адказу на сваю заяву я так і не атрымаў.
Больш таго, на наступнай праверцы супрацоўнікі ЦІП дэманстратыўна раскідалі аркушы белай паперы з маіх рэчаў па ўсёй камеры і патапталіся па іх ботамі.
Паводле ўсіх нарматыўных дакумантаў, супрацоўнікі ЦІП не могуць канфіскоўваць асабістыя запісы — гэта мая маёмасць. Больш таго, паколькі я пісьменнік, гэта мой хлеб.
Факт канфіскацыі рукапісу і здзекаў я збіраюся данесці да як мага больш шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці. Лічу гэты факт барбарскім і абуральным.
Патрабую вярнуць мне рукапіс і пакараць асобаў, вінаватых у парушэнні маіх правоў».