"Беларускі кнігазбор" выдаў 80-ты том

У бібліятэцы Акадэміі навук адбылася прэзентацыя 80-га тома кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”. На гэты раз свет пабачылі выбраныя творы беларускай паэткі Ніны Мацяш. Разам з гэтай падзеяй міжнароднае грамадскае аб'яднанне “Белкнігазбор” адзначыла яшчэ адну круглую дату — свой 20-гадовы юбілей.



get_img.gif

Ініцыятарам грандыёзнага кніжнага праекту стаў пісьменнік Кастусь Цвірка. З самага пачатку ён паставіў на мэце выдаць 200 тамоў усяго лепшага з беларускай літаратурнай спадчыны. Мало хто верыў у жыццяздольнасць гэтай ідэі. Аднак з 1996 года адмыслова створанае выдавецтва "Кнігазбор" пачало рэалізоўваць задуму Кастуся Цвіркі і выпусціла першы том выбраных твораў Яна Чачота.

За два дзесяцігоддзя свет пабачылі ўнікальныя выданні.  Ад "Старажытнай беларускай літаратуры", "Расстралянай літаратуры" і збораў Ларысы Геніюш, Кастуся Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага і Францішка Аляхновіча да Васіля Быкава, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна, Аляксандра Надсана. І выхад пэўнага тома ў свой час быў падзеяй, таму што такія кнігі нідзе ў іншым месцы выйсці не маглі. І яны проста "разляталіся".

Галоўнай праблемай для недзяржаўнага выдавецтва стаў пошук сродкаў на выданне кніг.  "І мы шукалі гэтыя грошы па ўсім свеце. Нават, скажу вам па сакрэту, знайшлі былую кіраўніцу Нацбанка Тамару Віннікаву ў Лондане. І яе таксама мы далучылі да гэтай справы", — распавёў Кастусь Цвіка. Цяпер, спадзяецца ён, стане лягчэй. Пад "сваё крыло" кніжную серыю ўзяў выдавецкі дом "Беларуская навука".

"Выданне кожнага тома — гэта асобная прыгода, гэта асобная гісторыя, гэта асобны сюжэт, — лічыць гісторык Іван Саверчанка. — Кастусю Цвірку, канешне, трэба абавязкова напісаць пра гэта.  Пра найвялікшую яго справу  — стварэння і ажыццяўлення гэтай серыі. Гэта ўжо гісторыя. Яна часам і драматычная, яна і складаная, яна і паспяховая. Мне падаецца, гэта будзе вельмі каштоўна — даведацца ўсім пра гісторыю стварэння “Беларускага кнігазбора”.

На прэзентацыю 80-га тома прыйшлі ўкладальнікі кніжнай серыі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, аўтары выдадзеных у "Кнігазборы" тамоў, калегі і сябры Ніны Мацяш. Выступы былі прысвечаны і  ўнікальнасці праекта, і творчасці выбітнай паэткі і яе светлай постаці — вельмі духоўнай і нязломнай, нягледзячы на інваліднасць. "Гарманічная, з гаючым талентам, з бездакорным мастацкім і эстэтычным густам, з духам светлым і цвёрдым, непераможным", — такой назаўсёды запомніў Ніну Мацяш паэт Васіль Жуковіч.

"Гэта незвычайная асоба  беларускай літаратуры, — узгадаў і паэт Міхась Скобла. — Я тут бачу многіх людзей, якія ведалі яе, якія сябравалі з ёю, якія ездзілі ў Белаазёрск, каб сустрэцца з ёю, паразмаўляць. І вось жа дзіўна! Людзі — дужыя фізічна, неслабыя духоўна — ехалі да яе, каб атрымаць ад яе яшчэ і  падсілкаванне. Яна, седзячы ў вазочку, тым не менш выпраменьвала аптымізм. Ад яе ішло святло, і яна заўсёды стварала адпаведны настрой".

Кнігу твораў Ніны Мацяш падрыхтавалі да выдання Уладзімір Васілевіч, Галіна Скарына і Генадзь Праневіч. Акрамя вершаў, у  зборнік увайшлі пераклады і лісты да сяброў.

— І нават сабраўшы гэты том “пад завязку” — 608 старонак (нам сказалі — не больш ні на старонку), мы не маглі многае ўключыць, — сказаў Уладзімір Васілевіч. — І мне здаецца, што пасля гэтага выбранага, пачынаецца новы этап публікацый Ніны Мацяш. Яшчэ можна падрыхтаваць том яе філасофскай лірыкі, можна выдаць том яе дзіцячых твораў. Можна ўключыць у наступнае выданне Нініну драматургію, яе інтэрв’ю. Вось калі раскрываецца маштабна яе постаць. Але і праз тое, што мы змаглі уключыць у выдадзены том, адчуваецца, што гэта вялікі беларускі паэт.

Наперадзе ў "Беларускага кнігазбора" — выданне твораў забытых аўтараў  і таленавітых сучаснікаў, якіх не пабачыш у кніжных крамах. "Гэта серыя меркавалася як выданне асноўнай нашай літаратуры, якая стваралася на працягу многіх стагоддзяў. І калі мы гэты праект ажыццявім, гэта будзе грунт нашай літаратуры і паказчык нашай культуры наогул", — адзначыў Кастусь Цвірка.