Ці атрымае Бартосік прэмію Гедройца?

У спісе з 12 твораў на прэмію Ежы Гедройца ёсць і твор Змітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы…». Якія ў яго шансы?

2017_06_06_bartos_k_a._ljaszkev_cz_img_1541_logo.jpg

НЧ працягвае знаёміць чытачоў з намінантамі на гэтую пачэсную ўзнагароду. Другая кніга — твор Змітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы…», пра прэзентацыю якой мы пісалі на сайце.

Якія шанцы на перамогу ў твора Бартосіка? Як па мне, дык вялікія. Літаратура non-fiction застаецца ў трэндзе, пацверджаным атрыманнем Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. У Змітра Бартосіка і Нобелеўскай лаўрэаткі ёсць адна агульная рыса: яны абодва — пісьменнікі, што пачыналі з журналістыкі.

Такую літаратуру не кожны адразу прызнае за «сапраўдную», часам даводзіцца даказваць. Падобная сітуацыя ў асяродку фатографаў: фотамастакі часам лічаць дакументальную, рэпартажную фатаграфію «не зусім і творчасцю».

У кнізе «Быў у пана верабейка гаварушчы» альтэрнатыўная гісторыя Беларусі 1930-х — 1950-х гадоў раскрываецца праз аповеды сведкаў часу. Здаецца, ну якая ж гэта літаратура — сабраць аповеды? Чыстая журналістыка, тым больш, што спачатку тэксты і друкаваліся як журналісцкія артыкулы ў серыі «Падарожжы Свабоды». Але гэтыя аповеды прыпраўленыя аўтарскімі ўражаннямі і фотаздымкамі, спарадкаваныя, як тыя шматкі тканіны ў лапікавым шыцці, і гучаць як цэльны твор.

Гэта добра адчулі акцёры «Свабоднага тэатра», якія некалькі месяцаў таму паставілі па кнізе аднайменны спектакль. Выбралі па характэрным вобразе, аднаго з апавядальнікаў, і акрамя гісторыі, расказанай чалавекам, яму ж «прыпісалі» яшчэ некалькі з кнігі. Спектакль вельмі адрозніваецца ад тых, што мы прызвычаіліся наведваць, і, здаецца, па форме наватарскі нават для зусім не кансерватыўнага «Свабоднага тэатра». Гледачы трапляюць «у госці», на Дзень народзінаў адной з гераінь, увесь спектакль сядзяць разам з акторамі пры стале, ядуць, гамоняць. Падчас гутаркі і гучаць гісторыі, занатаваныя Змітром Бартосікам у розных кутках Беларусі. Калі нехта з наведвальнікаў захоча падзяліцца гісторыяй уласнай сям’і ці недзе пачутай, яго прыхільна выслухаюць. Дзеянне спектакля адбываецца ў пасляваенны час. «Пагружэнне» амаль поўнае: акторы сустракаюць гледачоў ужо ў вобразах і не выходзяць з іх, пакуль не правядуць, стол накрыты, нават free donation за спектакль прапануецца зрабіць у форме падарунка на Дзень народзінаў, з нагоды якога быццам бы і адбываецца застолле.

У гісторыях людзей, што ажываюць у кнізе і спектаклі, — боль і смутак, радасць і надзея… Шмат супярэчнасцяў, над якімі разважае Зміцер Бартосік і якія не можа «разгадаць», пакідаючы гэта чытачу. Са старонак кнігі з намі гутараць дзеячы Саюзу беларускай моладзі, дрыбінскія шапавалы, паліцаі, партызаны, рэпрэсаваныя… Карціна вельмі пярэстая — у тым і каштоўнасць гэтай кнігі. Чырвонай ніткай праз яе праходзіць думка, што вайна была ў кожнага свая і фактычна насіла ў Беларусі характар грамадзянскай.

Але «Быў у пана верабейка гаварушчы» — кніга не толькі пра вайну. Гэта пра «маленькага чалавека», пра спробу годна жыць у нягодных умовах, а калі не атрымліваецца, то неяк прыстасавацца. Яшчэ — пра «іншую Беларусь», несавецкую, якую аўтар і шукае ў сваіх падарожжах.

Нагадаем, прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. На прэмію могуць намінавацца кнігі, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянтах цягам каляндарнага года на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

У доўгі спіс прэміі ўвайшлі:

  • Сяргей Астравец. Саргасава мора
  • Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы
  • Валер Гапееў. Ноч цмока
  • Адам Глобус. Зваротная перспектыва
  • Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзённік
  • Андрэй Дзічэнка. Сонечны чалавек
  • Зінаіда Дудзюк. Лаза
  • Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка
  • Паліна Качаткова. Гняздо-2
  • Людміла Рублеўская. Дагератып
  • Уладзімір Садоўскі. 1813
  • Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосце