Ці ўратуюць ад «рэканструкцыі» будынак былой савецкай памежнай камендатуры ў Заслаўі?

Выпадкова ўбачыў у сацыяльных сетках паведамленне мінскага архітэктурнага бюро «Тэрыторыя» аб рэканструкцыі будынку крамы «Перакрыжаванне» ў Заслаўі. Адразу схапіўся за галаву. 

Заслаўе, памежнікі на фоне таго самага будынку камендатуры, 1930-я гады

Заслаўе, памежнікі на фоне таго самага будынку камендатуры, 1930-я гады

Зразумела, будынак не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, гаспадар сам вырашае яго лёс. Але ж ён імкнецца прыцягнуць наведнікаў-пакупнікоў, значыць, павінен пачуць і іх меркаванне. І вось што атрымліваецца: рэканструяваць збіраюцца гістарычны будынак штаба камендатуры 15-га памежнага атрада з Заслаўя. Пры гэтым будынак прапануюць змяніць да непазнавальнасці. Ці гэта правільна?


Будынак, дзе дапытвалі шпіёнаў і кантрабандыстаў

Зразумела, у горадзе Ізяслава шмат гістарычных аб’ектаў, звязаных са старажытнай гісторыяй Беларусі. На іх вісяць ахоўныя дошкі, да іх прывозяць экскурсіі. А ці ёсць у Заслаўі хоць адзін помнік у памяць чырвонаармейцаў і памежнікаў, якія абаранялі горад у чэрвені 1941-га (ды што там Заслаўе, тады байцы РСЧА і «зялёныя фуражкі» спрабавалі не пусціць гітлераўцаў у сталіцу Беларусі)? Няма. Да таго ж варта ўлічваць, што быў яшчэ міжваенны час, калі ў горадзе Ізяслава быў штаб 15-га памежнага атрада, а недалёка за горадам быў дзяржаўны кардон з Польшчай. Ці ёсць у нашым горадзе памятныя шыльды, ці помнікі, якія нагадваюць пра тыя падзеі? Акрамя назвы чыгуначнай станцыі няма. Ды і яна не кожнага прымушае задумацца пра падзеленую Беларусь у 19201-930-я гады. Аднак у Заслаўі па сёння ёсць будынкі, якія нагадваюць пра тую гісторыю. Галоўны з іх — былая савецкая памежная камендатура. «Драўляны аднапавярховы будынак, які застаўся ад шляхецкага маёнтку. Зараз у ім размяшчаецца камендатура. Знаходзіцца ён побач з чыгуначным вакзалам. Сюды прывозяць агентаў, якія прыходзяць з нашай тэрыторыі», — падкрэслівалася ў адным з дакументаў выведкі польскага Корпуса аховы памежжа ў другой палове 1930-х гадоў.

10 Памежнікі 15-га памежнага атрада з Заслаўя

10 Памежнікі 15-га памежнага атрада з Заслаўя

«У камендатуры 15-га памежнага атрада знаходзіцца Сакрэтна-аператыўная частка, якую ўзначальвае Васіль Іванавіч Іваноў (у пятліцах тры „шпалы“)», — адзначалася ў іншым польскім выведвальным данясенні ў лістападзе 1934 года. Колькі разоў падчас экспедыцый па заслаўскім памежжы я чуў расповеды сведак эпохі пра заслаўскую камендатуру.

Заслаўе, канец 1930-х гадоў. Памежнікі атрымліваюць загад

Заслаўе, канец 1930-х гадоў. Памежнікі атрымліваюць загад

«Маю маці злавілі на мяжы. Пайшла за каровай, якая ўцякла за кардон, ды трапіла ў рукі савецкіх памежнікаў. Дык яе дапытвалі ў камендатуры. Маці, пакуль жывая была, увесь час казала: „Вось глядзі сынок, тут мяне трымалі ды дапытвалі пра польскіх памежнікаў“», — расказваў аўтару гэтых радкоў адзін з жыхароў Валожынскага раёна.

Заслаўе, канец 1920-х. Заняткі па хімабароне

Заслаўе, канец 1920-х. Заняткі па хімабароне

Усе — кантрабандысты, выведнікі (так савецкія, як і польскія), правяраючыя з Мінска ды Масквы, — праходзлі праз ганак гэтага будынка.

«У камендатуры ля чыгуначнага вакзала сярод іншых знаходзіцца афіцэр савецкіх памежных войскаў Вялонда (тры шпалы), які выконвае абавязкі памочніка камандзіра атрада. [...] Побач рзмяшчаецца гараж, у якім стаяць адзін легкавы і два грузавыя аўтамабілі», — падкрэслівалася ў дакуменце выведкі КАП 1935 года. 

Ад мяжы да «зоны загароды»

Як вядома, памежны атрад у Заслаўі праіснаваў да жніўня 1940 года, калі яго асабовы склад і лінія даваеннай мяжы была перададзена ў склад 16-га памежнага атрада ў Дзяржынску. Але ў Заслаўі працягвалі знаходзіцца памежнікі. Там, побач з чыгуначнай станцыяй «Беларусь», знаходзілася Міжакруговая артылерыйска-зброевая майстэрня Галоўнага ўпраўлення памежных войскаў НКУС СССР № 88 пад камандаваннем памежніка старэйшага лейтынанта Васіля Фядулава. У майстэрні працавала больш за 50 чалавек працоўных, а яшчэ ў чэрвені 1941 года там былі курсанты-рэмонтнікі з Гомеля. Таксама ў Заслаўі быў вайскова-тэхнічны склад № 11, які ахоўваўся жаўнерамі 1-га беларускага палка канвойных войскаў НКУС БССР.

Дакументы выведкі КАП пра 15 атрад

Дакументы выведкі КАП пра 15 атрад

3_dakumenty_polskaj_vyvedki_pra_15_ty_atrad_logo.jpg

Дакументы полськай выведкі пра 15-ты атрад Зразумела, былі памежнікі і на мяжы, якая ў 1940 годзе ператварылася ў «зону загароды». Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз немцы вельмі хутка дайшлі да даваеннага кардону. І там іх сустрэлі савецкія памежнікі. У Меткава, на КПП «Радашковічы» (чыгуначная станцыя) і іншых месцах разгарнуліся кровапралітныя баі. Начальнік упраўлення камендатуры 1-га памежнага ўчастку ў Радашковічах капітан Павел Ломцеў спрабаваў арганізаваць абарону на даручаным яму ўчастку. 25 чэрвеня ён разам з памежнікамі выехаў на 2-ю заставу, каб узмацніць яе гарнізон. У выніку ўдала праведзенай атакі гэты атрад дэблакаваў акружаных немцамі байцоў. Пазней атрад капітана Ломцева з баямі адышоў да горада Ізяслава. Ля вёскі Хмелеўка падраздзяленне «зялёных фуражак» папоўнілася байцамі 3-й заставы пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Топчыя і 26 чэрвеня прарвалося ў Заслаўе, дзе злучылася з 159-м стралковым палком 64-й дывізіі РСЧА.

1_1930_ja_hady._pamezniki_15_ha_pameznaha_atrada_z_zaslauja_logo.jpg

1930-я гады. Памежнікі 15-га памежнага атрада з Заслаўя

Забыты подзвіг

Мужна змагаўся супраць нацыстаў і гарнізон 5-й заставы пад камандаваннем лейтэнанта Трыгубава.
«З першай ночы муж увесь час быў на нагах. Як зараз памятаю яго схуднеўшы твар, праваленыя ад бессані, пачырванелыя вочы, устрывожаныя твары яго сяброў. Разам з тым у яго рухах адчувалася ўпэўненасць, не было і следа разгубленасці. Міхаіл сказаў мне, што застава збіраецца як след сустрэць немцаў, зброі і боепрыпасаў дастаткова», — узгадвала жонка начальніка заставы Кацярына.

Зоркі і лускі, знойдзеныя ў Заслаўі

Зоркі і лускі, знойдзеныя ў Заслаўі

Жаўнеры ў зялёных фуражках абаранялі мост праз Свіслач ля вёскі Векшыцы. Выратавала зброя, атрыманая на складзе ў Заслаўі. 25 чэрвеня 1941 года памежнікі знішчылі танк і некалькі матацыклістаў праціўніка.
«Тут баі таксама былі. Памежнікі абараняліся, а пазней адступілі. Памятаю, бягуць праз вёску шэсць хлопцаў у зялёных фуражках і крычаць: „Не ўтрымалі, не ўтрымалі!“», — распавядаў у размове з аўтарам артыкула адзін з жыхароў былога памежжа. Калі вораг узяў заставу ў кальцо, малодшы палітрук Іван Парынаў загадаў выпусціць з вальераў службовых сабак. Усе жывёлы загінулі, але дзякуючы гэтаму памежнікам удалося прабіцца ў Заслаўе.

Палітрук Іван Парынаў, 5 застава ля Заслаўя

Палітрук Іван Парынаў, 5 застава ля Заслаўя

З «бутэлькай» супраць танка

Галоўным савецкім апорным пунктам у Заслаўі быў склад № 11, які прыкрывалі кулямётныя гнёзды і дзве 45-міліметровыя гарматы. 25 чэрвеня нямецкія матацыклісты паспрабавалі сходу ўвайсці ў горад з боку Дзехнаўкі, аднак былі сустрэтыя чырвонаармейцамі 2-га батальёну 159-га палка РСЧА, якія адбілі некалькі атак. Праз дзень артылерыя 219-га гаўбічнага артпалка Чырвонай Арміі накрыла групу нямецкай ваеннай тэхнікі, якая рыхтавалася да штурму. Аднак немцы перагрупіраваліся і аднавілі атакі. На працягу дня падраздзяленні вермахта зрабілі чатыры спробы ўзяць горад Ізяслава, аднак беспаспяхова. Увечары нацысты атрымалі рэзервы і пайшлі ў чарговы наступ. Уперадзе ішло пяць танкаў, якім удалося змяць першую лінію абароны чырвонаармейцаў.
Але тут адбылося нечаканае: у тыл наступаючым ударылі памежнікі 5-й заставы, якія ў гэты момант якраз падыходзілі да горада. Байцы лейтэнанта Трыгубава агнём кулямётаў адсеклі нямецкую пяхоту ад танкаў, а чырвонаармейцы, якія абараняліся ў Заслаўі, закідалі танкі гранатамі і бутэлькамі з «кактэйлямі Молатава» (па ўспамінах заслаўчан бутэлькі для стварэння супрацьтанкавых сродкаў збіралі па ўсім горадзе). Тры машыны ўдалося знішчыць, але дзве ўсё ж прарваліся і пранесліся праз увесь горад у бок Ратамкі.
Яшчэ два танкі спрабавалі прарвацца ў горад з боку чыгуначнага вакзала. Іх сустрэлі вайсковыя курсанты з Гомеля. Адзін знішчылі, другі — адступіў. Немцам удалося захапіць паўночна-ўсходнюю частку Заслаўя, аднак чырвонаармейцы і памежнікі не збіраліся здавацца. Неверагодна, але іх контратакі прымусілі салдат вермахта адступіць да касцёла і там заняць абарону. З боку станцыі «Беларусь» немцаў атакавалі памежнікі пад камандаваннем капітана Паўла Ломцева. Хутка «зялёным фуражкам» удалося выбіць ворага. Заслаўе першы раз напрацягу Другой сусветнай вайны было вызвалена.

Памежны атрад

Памежны атрад

27 чэрвеня немцы аднавілі атакі на горад. З «саракапятак» памежнікам удалося падбіць яшчэ некалькі танкаў. Аднак сілы былі няроўныя. Частка абаронцаў адышла на поўнач ад Заслаўя, другая, у асноўным памежнікі пад камандаваннем капітана Ломцева, заняла абарону ля заслаўскіх могілак. Чарговую танкавую атаку памежнікі сустрэлі агнём апошняй гарматы. 28 чэрвеня іх пазіцыі на могілках немцы «накрылі» артылерыйскім абстрэлам. Тыя, што засталіся ў жывых, мусілі адступаць. З баямі пад Ратамкай і Тарасава 1 ліпеня 1941 года яны ўсё ж ззлучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. У канцы ліпеня героі абароны Заслаўя ўліліся ў склад 16-га памежнага палка НКУС СССР, які быў створаны на базе 16-га памежнага атрада з Дзяржынска.

Чэрвень 1941-га. Памежнікі ў баі

Чэрвень 1941-га. Памежнікі ў баі

Падчас баёў у чэрвені 1941 года ў Заслаўі сярод іншых загінулі: начальнік 1-й камендатуры «Радашковічы» капітан Павел Нікіфаравіч Ломцеў, начальнік 2-й памежнай заставы лейтэнант Скурыхін, начальнік 3-й заставы лейтэнант Топчый, начальнік 5-й заставы лейтэнант Трыгубаў, малодшы палітрук той жа заставы Іван Парынаў, байцы ўзгаданых застаў, а таксама супрацоўнікі Міжакружной артылерыйска-зброевай майстэрні № 88 і склада № 11.

Музей ці мемарыяльная дошка

Усе памежнікі, а таксама чырвонаармейцы, якія загінулі пры абароне Заслаўя ў чэрвені 1941 года, пахаваныя на старых заслаўскіх могілках. Тых самых, на якіх яны трымалі апошні бой. Цяпер на магіле стаіць помнік з імёнамі загінулых. Аднак пра гэтае пахаванне мала хто ведае. Няма ў горадзе Ізяслава памятнага знака ў гонар савецкіх памежнікаў, якія мужна змагаліся ў чэрвені 1941-га. Не ўзгадана і даваенная мяжа, якую ахоўвалі «зяленыя фуражкі» з Заслаўя. Ідэальна было б стварыць у будынку былой савецкай памежнай камендатуры Музей гісторыі даваеннай савецка-польскай мяжы. Ён бы стаў шыкоўным падарункам не толькі заслаўчанам, але і ўсім жыхарам Беларусі, якія б атрымалі недалёка ад Мінска цікавы турыстычны аб’ект і магчымасць даведацца малавядомыя факты гісторыі Беларусі. Ці пагодзіцца на гэта гаспадар будынка? Пытанне адкрытае. Іншым, так бы мовіць, прамежкавым выхадам з сітуацыі можа стаць устаноўка памятнай шыльды, а лепей мемарыяльнага знака ў выглядзе даваеннага памежнага слупа БССР і тэкстам аб гісторыі даваеннага кардону, а таксама выпрабаваннях, якія выпалі на нашую краіну ў верасні 1939-га і чэрвені 1941-га.