Ці здольная кніга спыніць экскаватар?
Калі б у спаборніцтве ў атачэнні Сталіна перамагла менавіта «беларуская школа», СССР быў бы забудаваны не злізанымі з Нью-Ёрка гмахеламі, а невялічкімі паладзіянскімі palazzo дзеля працоўнага люду.
Звычайна non-fiction пішацца дзеля: 1) замацавання адкрыццяў; 2) падсумавання назапашаных аўтарам ведаў; 3) выказвання новых гіпотэз. Бывае 4) палемічны non-fiction, у якім аўтарытэты публічна топчуць адно аднаго; 5) белетрыстычны non-fiction, які хаваецца за карункавай масачкай літаратуры. Бываюць 6) кніжкі ўспамінаў; 7) кніжкі-ліставанні. У 1786 годзе І. Гётэ сабраў валізы і выправіўся ў даўжэзную вандроўку па Італіі, дзякуючы якой з’явілася «Італьянскае падарожжа», іканічнае практыкаванне ў жанры 8) travel. Услед за Гётэ спеў сваю бадзяжную песню і Пушкін, выдаўшы, як і належыць «таксама рамантыку», «Вандраванне ў Арзрум» па выніках уласных гойсанняў ля Каўказа ў 1829-м.
Кніжачка, якая пабачыла свет у чэрвені ў «Кнігазборы», можа прэтэндаваць на асобнае месца ў гісторыі кнігавыдання, бо не ўкладаецца ні ў адну з васьмі вышэйпазначаных жанравых пазіцый традыцыйнага non-fiction. Яна шмат у чым унікальная.
Пачнём з таго, што «Асмалоўка: дамы і мары» ёсць цікавай чытанкай сама па сабе, нават без уласцівых ёй незвычайнасцяў. Услухаўшыся ў тэкст, можна пазнаць басавітыя інтанацыі аўтара, Сяргея Харэўскага, ці не найлепшага апавядальніка гісторыі нацыянальнай архітэктуры, якога мне даводзілася чуць. Відэалекцыі пана Сяргея робяць для папулярызацыі ведаў пра нашыя гарады прыкладна тое ж, што лекцыі Дзмітрыя Быкава пра савецкіх пісьменнікаў.
Але, як бачна ўжо з назвы, тэкст Харэўскага гэтым разам — не пра хараство нашага жывапісу, не пра асобны архітэктурны стыль і нават не пра пластычную гісторыю якога-небудзь мястэчка. Уся «кнігазбораўская» навінка — пра адзін невялічкі раён, нават не раён, а маленькую плямачку горада Мінска. Пра зацішную Асмалоўку, якая была аддадзеная пад знос і забудову гмахамі, але захавалася дагэтуль праз такі своечасовы беларускі крызіс. Тут няма нічога прынцыпова новага: не для таго пісаліся «Дамы і мары». Аўтар працуе як нетаропкі археолаг ведаў — постаць, вельмі патрэбная культуры-без-памяці. Ён класіфікуе і занатоўвае драбніцы, якія хуценька знікнуць разам з тымі, хто іх памятае.
Тут жылі балерына Людміла Бржазоўская, Павел Машэраў, брат Пятра Машэрава, мастакі, пракуроры, супрацоўнікі Генштаба…
Асмолаўка, разам з пасёлкам Трактарабудаўнікоў, была ўвасабленнем «паладзіянскага» погляду на сталінскую архітэктуру, які быў пасеяны ў саюзным горадабудаўніцтве славутым пінчуком Іванам Жалтоўскім. Собалеў і Паруснікаў, праектанты тыпавых дамоў, якімі забудаваная Асмолаўка, — вучні Жалтоўскага па архітэктурных майстэрнях Массавета. Як я ўжо пісаў, у Жалтоўскага быў вельмі гуманістычны погляд на маршруты развіцця архітэктуры пасля канструктывізму, і калі б у спаборніцтве ў атачэнні Сталіна перамагла менавіта «беларуская школа», СССР быў бы забудаваны не злізанымі з Нью-Ёрка гмахеламі, а невялічкімі паладзіянскімі palazzo дзеля працоўнага люду.
Дарэчы, за грэблівасць да перамоглай у Саюзе гігантаманіі, за амаль баўхаўзную гуманнасць (дамінавалі дамкі на два паверхі) раёнчык у межах Камуністычнай-Куйбышава-Кісялёва і атрымаў мянушку Асмалоўка. Яго, прабачце, «бацькам» быў кіраўнік Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР Міхаіл Асмалоўскі, які паходзіў з вёскі Асмолавічы. Абзываючы цалкам замкнёную з усіх бакоў плотам купку дамоў Асмалоўкай, мінчукі намякалі на тое, што гарадскі архітэктар стварыў проста ў цэнтры сталіцы напамін пра родную вёску. Але «за 70 гадоў жыцця і творчасці тут мастакоўскіх і артыстычных сем’яў Асмалоўка набрыняла сваёй культурнай памяццю. І толькі гэты раён можна ў метафарычным сэнсе называць мінскім Манмартрам, дзе працавалі й працуюць дасёння мастакі чатырох пакаленняў! Вобразы і мроі сваіх дамоў і двароў яны ўвасобілі ў тысячах твораў мастацтва», — канстатуе аўтар.
Аднак «Дамы і мары» — не хронапіс ці не толькі хронапіс. За выданнем кніжкі, наколькі мне вядома, стаялі супольныя высілкі гісторыкаў, менеджараў культуры і рэкламістаў, аб’яднаных марай захаваць Асмалоўку.
І тэкст стаўся чымсьці кшталту тых нерушных карагодаў, якія ў 2000-х мінская інтэлігенцыя ўтварала вакол легендарнага трохпавярховага будынка на Гандлёвай, 27. Будынак той не зносілі, пакуль знаходзіліся адважнікі, гатовыя бараніць яго, фізічна супрацьстаючы экскаватарам. Калі бараніць дом не стала каму, яго «мадэрнізавалі» шляхам руйнавання.
Ёсць у кніжцы фрагменты, якія заклікаюць не чапаць раён: «Асноўным аргументам на карысць разбурэння гэтага квартала застаецца тое, што перыяд эксплуатацыі дамоў на Асмалоўцы нібы скончыўся ўжо праз 50 гадоў пасля пабудовы. Інжынерныя сеткі зношаныя, будынкі, пры будаўніцтве якіх ўжываліся драўляныя канструктыўныя элементы, не адпавядаюць сучасным стандартам. (…) Атрымалася, што менавіта тут і цяпер вырашаецца, як мы будзем ставіцца да гэтае часткі нашае ўрбаністычнае традыцыі, што шанаваць, чым даражыць і як жыць далей з гэткай спадчынай […] Тут маглі б праходзіць фэсты вулічных тэатраў, канцэрты і выставы. У памяшканнях былога бомбасховішча можна было б стварыць крэатыўную прастору (…) На Асмалоўцы самае месца для мастацкага музея».
І вось у гэтым ёсць нешта выразна прыгожае. З аднаго боку — ужо прынятае рашэнне пра руйнаванне ды перазабудову, хай сабе і прыпыненае на час крызісу. Падмацаванае сквапнасцю ды абыякавасцю да гісторыі. Ужо фактычна легалізаванае сакрэтнымі «сходамі жыхароў», выканкамаўскімі генпланамі. А з іншага боку — кніга. Якая паэтызуе Асмалоўку і заяўляе яе тэкстам, наборам гісторый, культурным здабыткам, скарбам сталіцы.
Але паўсюль, дзе ёсць слова, ёсць месца для цуду. Бо дадзенае слова нам менавіта для абароны дабра. То, калі Асмалоўка захаваецца і пасля замацавання нафты на ўзроўні $100 за барэль, я буду маліць спадара Сяргея напісаць аналагічныя кніжачкі пра іншыя цуды паваеннага Мінска: вуліцу Цэнтральную, вуліцу Кашавога, дыпламатычны квартал ля Захарава.
budzma.by