Віктар Марціновіч: Мы запрашаем процьму троляў таптацца на святых для мяне рэчах
Напярэдадні выхаду свайго новага рамана «Возера радасці» пісьменнік Віктар Марціновіч распавёў «Нашай Ніве», пра што будзе кніга, ці можна зарабіць літаратурай і чаму ён так хавае сваё прыватнае жыццё.
«Кніжка пра даа беларуса»
«Наша Ніва»: Калі дакладна выходзіць новая кніга?
Віктар Марціновіч: Кнігі павінны з’явіцца ў крамах ужо 7 ліпеня ў другой палове дня. Я і сам, як разумееце, вельмі чакаю. Тут такі момант: «Сфагнум» быў перакладзены за месяц-паўтара. А з гэтым тэкстам Віталь Рыжкоў працаваў 7 месяцаў. Быў даволі складаны пераклад даволі складанага тэксту, затым працяглае рэдагаванне. Ну і вось, нарэшце, усё скончана. У найбліжэйшы час кніжка будзе на палічках.
Ну і яшчэ такі момант: рускае выданне выходзіць на пачатку верасня, і я хачу максімальна наблізіць гэтыя рэлізы.
«НН»: А чаму самі сябе не перакладаеце?
ВМ: Гэта немагчыма фізічна. Быў знакаміты Уладзімір Набокаў, які спрабаваў на ўласныя рукі перакласці, здаецца, «Дар» на англійскую. Я магу памыляцца, але, здаецца, гэтую кнігу. І ён сказаў, што аўтапераклад руйнуе тыя пакойчыкі ў свядомасці, якія аддзяляюць адну мову ад іншай. Гэта проста шлях да шызафрэніі, гэта не варта рабіць.
Перакладчык мусіць стварыць новы твор. Я вельмі выкладваюся, укладваюся ў свае раманы і мне здаецца, што лепш гэты новы твор будзе ствараць іншы чалавек. Тым больш што з Віталём [Рыжковым] мы вельмі добра спрацаваліся, я яго вельмі паважаю як вельмі трапнага паэта. А паэты, наогул, заўсёды лепшыя перакладчыкі за празаікаў. Бо празаік страляе з кулямёта, а паэт – гэта снайпер, яму трэба абраць слова, якое дакладна значыць тое, што ён мае на ўвазе.
І я вельмі пільна прачытаў вынікі сямімесячнай працы Віталя, і гэтым тэкстам я вельмі задаволены. Мне здаецца, у нас будзе вельмі добры рэліз, бо, ведаеце, мы толькі над вокладкай працавалі два месяцы. Там усё проста дасканала. У выніку той макет, які апублікаваны, з выявай Месяца, гэта, на мой погляд, тое, што ідэальна падыходзіць да гэтага тэксту.
«НН»: Які будзе наклад?
ВМ: Беларускай версіі – 1,5 тысячы. На сайце [расійскага] выдавецтва «Время» пазначана 1000 асобнікаў пакуль што.
«НН»: А ў двух словах, калі зможаце сфармуляваць, — пра што кніга?
ВМ: Каб я здолеў у двух сказах выказаць, то пісаў бы твіты, а не раманы.
«НН»: Ну паспрабуйце, такую «анатацыю», як тая, што на першай ці апошняй старонцы звычайна.
ВМ: Анатацыя такая ўжо ёсць, яна апублікаваная на citydog.by. А калі сваімі словамі паспрабаваць штосьці сфармуляваць… Гэта такі, ведаеце, даа беларуса, шлях беларуса. Расказ пра тыя цяжкасці, праз якія ўсім нам даводзіцца праходзіць, каб застацца чалавекам. Канечне, гэта прыгоды. Бо, ведаеце, такая штука, як адносіны з бацькам, яна дрэнна кладзецца на тэкст… Там, канечне, ёсць сюжэт, і гэты сюжэт не менш напружаны, чым у «Мове» ці «Сфагнуме».
«НН»: Сам сюжэт пакуль таямніца?
ВМ: Ну канечне, я не магу такое раскрываць. Гэта прыгоды, жыццёвыя даволі. Там няма кітайскай мафіі гэтым разам, але шмат чаго іншага ёсць.
«НН»: А чаму такая назва – «Возера радасці»?
ВМ: Гэта адна з лакацый на Месяцы, назва аднаго з азёраў. «Возера радасці» – кропка на Месяцы, з якой будзе звязаная нарацыя.
«Сацыялізм змяняецца капіталізмам»
«НН»: Ёсць нейкія нагоды, што менавіта гэтая кніга з’явілася менавіта сёння?
ВМ: Гэта спроба падсумаваць апошнія 20 гадоў суверэннага развіцця нашай краіны. Гэта такое люстра, у якім адбіваецца ўсё, што адбылося за гэтыя 20 гадоў — і добрае, і дрэннае. Я прапусціў праз сябе шмат асабістых гісторый, якія я пачуў.
Мне здаецца, што сёння сканчваецца нейкая эпоха. І гэта будзе раман пра гэтую эпоху.
«НН»: А якія прыкметы гэтага?
ВМ: Чытайце раман!
«НН»: Мне здаецца, што гэтая эпоха як пачалася ў 1994-м, дык так яна і цягнецца. Змены мінімальныя.
ВМ: Ведаеце, у нас сацыялізм змяніўся капіталізмам. Гэта першае.
«НН»: Ды ладна!
ВМ: Гэта размова зараз не пра раман, я адказваю на вашае пытанне.
«НН»: Я разумею.
ВМ: Адной з прыкметаў капіталізму з’яўляецца агароджванне. І мы бачым па горадзе, што вельмі вялікія кавалкі нашага з вамі майна, якое было грамадскім, агароджваецца плоцікамі. З’яўляюцца надзельчыкі на Зялёным Лузе, у цэнтры горада. І гэта прыход капіталістаў, людзей, якія пачынаюць валодаць грамадскім майном на іншых умовах. Гэта ўсё капіталізм. Гэтага ўсяго не было пяць гадоў таму.
І мне здаецца, фармацыя змяняецца. Яна працягвае праводзіць гэтыя сходы, знаходзіцца ў такім сацыялістычным дыскурсе. Але дэлегацікі сходаў павінны атрымліваць планшэцікі, айпадзікі.
«НН»: Яны на мінулым сходзе атрымлівалі таксама падарункі. Гадзіннікі, здаецца.
ВМ: Можа, сам падарунак і не істотны. Але сам гэты сход, хоць і стылізаваны пад сацыялістычнае мерапрыемства, зацвердзіў новыя капіталістычныя правілы гульні. Вы бачыце, ад сацыялізму нічога не застаецца. Я, як творчы чалавек, мушу ісці і плаціць падатак за тое, што не працую афіцыйна.
«НН»: Гэта ж наадварот — вяртанне да сацыялізму, не?
ВМ: Але ж пры сацыялізме падатку на беднасць, на беспрацоўе не было. Было працаўладкаванне павальнае. А сёння дзяржава не можа працаўладкаваць гурт «Akute» на нейкае там напісанне дзяржаўных гімнаў, але ж хоча спагнаць з музыкаў грошы. Гэта ўжо капіталізм. Але мы штосьці засярэдзіліся на другасных пытаннях.
«Руская літаратура – ужо не пра нас»
«НН»: Добра, вернемся да кнігі. Вы неяк казалі, што кожны цотны раман пішаце на беларускай, няцотны – на рускай. Чаму так?
ВМ: Крута, канечне, было б сказаць, што я вось так усё спланаваў, але ж не. Так атрымліваецца. «Возера радасці» напісаць па-беларуску я б не здолеў. Тое самае і з «Мовай» – яна мусіла быць напісаная на беларускай, бо там жа мова — актыўны дзейны элемент. Таму так проста атрымліваецца, шчыра. Болей за тое, наступны раман, пра які я пачынаю думаць, я буду спрабаваць пісаць па-беларуску.
«НН»: А ў вас ёсць некі свой улюбёны твор, раман?
ВМ: Ну, я час ад часу перачытваю «Сфагнум», проста каб пасмяяцца.
«НН»: Прабачце, але гэта выглядае як «самі пажартавалі – самі пасмяяліся».
ВМ: Ну, так… Ну, не каб пасмяяцца, але… гэта вельмі лёгкі тэкст. У адрозненне ад «Параноі», якая дэпрэсіўная, ад «Мовы», якая патэтычная.
«НН»: То бок перачытваеце не як пісьменнік, не каб узгадаць нейкія прыёмы, а проста як чытач?
ВМ: Разумееце, на паперы гэтая кніга была толькі па-беларуску, таму я фактычна перачытваю не свой тэкст, а пераклад Рыжкова, які вельмі істотна адрозніваецца. Там, дарэчы, мацюкоў няма.
«НН»: Што ўвогуле сёння адбываецца з нашай літаратурай? Сяргей Жадан казаў, што ва Украіне ўсур’ёз разглядаецца пытанне пэўных квотаў на ўкраінскія творы. Ці патрэбна такое нам?
ВМ: Такое — не. А патрэбна тое, каб выдзяляліся дзяржаўныя грошы на пераклады, каб сусветную літаратуру перакладалі на беларускую мову. Трэба, каб ты не шукаў рускі пераклад, а браў кнігу на беларускай. Бо руская літаратура ўжо пэўны час зусім не пра нас. Калі чытаеш найлепшых расійскіх аўтараў, то бачыш файна напісаныя тэксты, але пра зусім іншых людзей. Мы ўжо не яны.
Мы жывём у краіне, якая за апошнія 20 гадоў прайшла іншы шлях, чым Расія. Мы прывыклі шукаць адказы на пытанні пра нашае жыццё ў рускай літаратуры, нашыя бацькі шукалі гэта. Але мы сёння ўжо не знойдзем тыя адказы у сучасных рускіх пісьменнікаў. Бо жыццё ў нас іншае. І мы іншыя.
«За продаж беларускіх кніжак жыць немагчыма»
«НН»: Пра жыццё і пра наклад – хтосьці з сучасных беларускіх пісьменікаў казаў, што сёння немагчыма жыць выключна за літаратурныя даходы.
ВМ: За продаж беларускіх кніжак жыць сапраўды немагчыма. Я наўмысна адмовіўся ад ганарараў за беларускае выданне «Возера радасці», бо мару, каб гэтая кніга каштавала танна, каб беларускі пераклад быў прывабны, каб яго чыталі.
Але ж… Ёсць пераклады, пастаноўкі тэатральныя… зараз у Інсбруку у Палацы Амбрас ідзе мая п’еса «Даспехі праведнасці». Вось ёсць такі пісьменнік нямецкі Георг Кляйн. Мы з ім пры падтрымцы арганізацыі нямецкай LiteraturHaus лістуемся. І гэтыя лісты збіраюцца ў кнігу, якая будзе надрукаваная. І гэта таксама грошы. Днямі выходзіць у Германіі мой артыкул пра сталінскае мастацтва. Гэта ж таксама грошы. Я плачу з іх падаткі тут, у Беларусі. Пісанне тэкстаў прыносіць грошы, пытанне ў тым, як ты жывеш, які ўзровень табе патрэбны… Ну, і ў мяне некалькі крыніцаў прыбытку, я буду хлусіць, калі скажу, што жыву выключна за літаратуру.
«НН»: Пра іншую вашу крыніцу прыбытку тады. Вы выкладаеце ў ЕГУ. Наколькі для вас гэта важна? Працуеце дзеля душы, дзеля грошай, дзеля чаго?
ВМ: Я ў 2008 годзе абараніў доктарскую па гісторыі мастацтва. І я б хацеў выкладаць гісторыю мастацтва ў Беларусі, выступаць з лекцыямі па Шагалу, па Віцебскай школе ў дзяржаўных установах Беларусі. Але праз збег абставінаў сёння гэта немагчыма, на жаль. Адзіны выхад да аўдыторыі, да жывых студэнтаў – гэта ЕГУ. І для мяне гэта вельмі важна – не з фінансавага пункту гледжання.
«НН»: То бок вы б пайшлі ў дзяржаўны ўніверсітэт працаваць?
ВМ: Пайшоў бы, калі б не было шматлікіх акалічнасцяў, звязаных з тым, што такое беларускія ВНУ.
«НН»: А чаму апошні час ЕГУ пастаянна атачаюць скандалы?
ВМ: Ну, я час ад часу там выкладаю, я не чалавек знутры ЕГУ. Але… Быў канфлікт і сыход аднаго Сенату, цяпер іншы Сенат штосьці крытыкуе… Гэта такія праявы свабоды. Гэта добра, што крытыка гучыць, што на яе рэагуюць. Да таго ж ЕГУ знаходзіцца ў Еўропе, можа, таму кожнае слова гучнае і бачнае.
Таксама ЕГУ — гэта адзіны эфектыўна здзейснены праект у галіне вышэйшай адукацыі, які з’яўляецца альтэрнатывай таму, што адбываецца з гуманітарнымі ведамі ў Беларусі. Таму можна на ЕГУ глядзець так, а можна вышукваць нейкія праблемы.
Бо я гляджу на беларускіх студэнтаў, якія толькі скончылі школу, і бачу, што ўзровень адукацыі ў нас падае з кожным годам. Ведаю людзей, якія вучацца ў дзяржаўных ВНУ — дык там выкладаюць так, нібыта нічога не было, постмадэрнізму не было, Фуко не было… Часам выкарыстоўваюць кнігі, якія састарэлі яшчэ ў 1980-х гадах…
Да таго ж я настаўнік. І ніколі не было размоваў ці прэтэнзій, што выкладчыкі ЕГУ карумпаваныя ці некваліфікаваныя.
«Я дагэтуль пад уплывам смерці маці»
«НН»: А як вы пачалі пісаць?
ВМ: Я з малых гадоў штосьці пісаў. Але бацька мне сказаў, што калі я пайду на філфак, то буду працаваць настаўнікам у школе, таму трэба ісці на журфак. Вось такі збег абставінаў. Прычым бацька сказаў мне, што журфак скончыў Васіль Быкаў, я даведаўся, што гэта не так, толькі пасля сканчэння ўніверсітэта.
«НН»: Якія кнігі, пісьменнікі вас натхнялі?
ВМ: Шмат якія. Я чытаў вельмі шмат. У мяне была хворая маці, і калі яна перастала хадзіць, ці то я, ці то бацька павінны былі цэлы дзень праводзіць з ёй. Адразу пасля школы я ішоў дадому і быў там увесь дзень. Увесь час я чытаў. Там, канечне, быў Рэмарк, Маркес, гісторыкі, Сянкевіч, «Айвенга»…
«НН»: А кім працаваў ваш бацька?
ВМ: Ён быў інжынерам па адукацыі. Але калі маці захварэла і зрабілася вазочніцай, ён мусіў адкласці сваю тую працу з заробкам у 13 даляраў. Гэта быў прыкладна 1990—1991 год. Пенсія маці была 3 даляры. Карацей, было складана. І бацька заняўся дробным бізнэсам. І на нейкіх этапах, калі я быў студэнтам, напрыклад, я яму дапамагаў. Выпадкі былі розныя. Аднойчы я выправіўся ў Санкт-Пецярбург па вельмі вялікую суму грошай, якую там былі вінныя адной фірме. І я паехаў з велізарнай торбай. Любога з прадстаўнікоў гэтай фірмы маглі замачыць, а лапухаватага студэнта ў цягніку не ўзялі б. Карацей, было весела.
«НН»: Бацька падтрымліваў ваша «пісьменніцтва»?
ВМ: Ён казаў так: «Адкладай кнігі і глядзі жыццё. Хопіць пераказваць тое, што прачытаў. Пачні жыць — і ты пачнеш пісаць як след». Першыя мае спробы ён ці то наогул не чытаў, ці то казаў, што гэта «дзіцячы лепет».
«НН»: Дык ці падтрымка гэта?
ВМ: Я бацьку заўсёды вельмі паважаў і паважаю. Для мяне гэта былі штуршкі. Я чытаў Лондана, хацеў быць як Марцін Ідэн.
«НН»: Прабачце за такое пытанне, але смерць маці наколькі моцна паўплывала на вас? Як гэта адбілася на вас сённяшнім?
ВМ: Разумееце, маці – гэта ўвасабленне пяшчоты і цяпла. І калі маці не стала – я стаў зусім іншым чалавекам. Я стаў больш капіяваць бацьку.
Увогуле, гэта было вельмі балюча. Яна цяжка хварэла апошнія гады, вельмі цяжка нам было з бацькам яе даглядаць. А я тады ўсё спяшаўся набыць правы кіроўцы, і яшчэ якраз адкрываліся першыя гіпермаркеты, «Прэстан-маркет» быў, здаецца… Зусім іншыя, не такія, якія бачыла маці – яна захварэла рана, калі мне быў год, перастала хадзіць, калі мне было тры…
І за тыдзень да яе сыходу бацька падышоў да мяне і сказаў: «Маці хутка не стане. Схадзі паразмаўляй з ёй». Я пайшоў, яна сядзела на кухні, курыла, мы прагаварылі з ёй цэлы вечар… А раніцай яна проста не прачнулася. І праз тыдзень памерла.
І дагэтуль я знаходжуся пад уплывам гэтай смерці. Смерць бацькоў вельмі ўплывае, асабліва калі ты эмацыйны чалавек. Мая ж праца, дэ-факта, канвертаваць эмоцыі ў тэксты.
«НН»: Але ж ці нельга сказаць, што гэта паўплывала на вашы адносіны з жанчынамі і стаўленне да свайго прыватнага жыцця? Вы ж вельмі абараняеце сваё прыватнае. Можа, вы думаеце такім чынам абараніць сябе ці сваю сям’ю ад пэўнай знешняй бяды?
ВМ: Можа быць, можа быць. Я не магу гэтага выключаць.
«НН»: Вы ж ніколі не кажаце пра сваю асабістую сям’ю. Але ж вы жанаты. У вас пярсцёнак на пальцы – шлюбны ж.
ВМ: Я б вельмі не хацеў распаўсюджвацца пра сваё асабістае жыццё. У мяне ўсё добра, у мяне ёсць… дзяўчына, якую я вельмі кахаю. Я не дэпутат, мне не варта даваць справаздачы.
«НН»: Але ж у гэтым ёсць пэўнае какецтва, бо вы ж публічная персона.
ВМ: Разумееце, нашая крытыка, прынамсі ў мой бок, гэта крытыка не маіх тэкстаў, а заўсёды маёй асобы. І калі мы пачынаем гаварыць пра пярсцёнак, то мы запрашаем процьму троляў, якія не здольныя дачытаць ніводнага тэкста да канца, пачаць таптацца па тых рэчах, якія для мяне святыя. І гэтыя рэчы мусяць быць абароненыя, бо гэта занадта балюча. Гэта ані для каго, толькі для мяне і майго сэрца. І я стараюся берагчы гэта.
«НН»: Дык варта было, можа, узяць псеўданім і пісаць спакойна? Быў бы ўмоўны «Марцін Віктаровіч», ніхто б і не ведаў, хто ён, з кім жыве.
ВМ: Я пра гэта падумаю. Не ведаю, на гэты момант ёсць пэўнае пражытае жыццё. Мой шлях такі. А мо і трэба як Грэгары Робертсу – у пэўны час спыніць з’яўляцца на людзях і даваць інтэрв’ю. Можа, я так і зраблю, бо гэта вырашыць усе пытанні.
«НН»: А вы самі сабе падабаецеся? Бо мне, як чытачу, чамусьці здаецца, што вельмі.
ВМ: Хм. Ну, у гэтым выпадку я вельмі дрэнны пісьменнік. Бо гэта не тое, што я хацеў сказаць. Я сам сабе не падабаюся, шчыра.
«НН»: А чаму? Вы ж сталі пісьменнікам, як і марылі ў дзяцінстве.
ВМ: Калі чалавеку ўсё ў сабе падабаецца, то ён не піша прозу. Закаханы ў сабе чалавек, хутчэй, стане акцёрам, чым пісьменнікам. Пісанне прозы – гэта заўсёды нейкі пошук. Гэта акт незадавальнення.
Гутарыў Улад Швядовіч, Наша Ніва