Цытаты і інтэрпрэтацыі еўрапейскага мастацтва

Вечарам 5 верасня ў Мінску, у Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва адкрылася выстава «Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі».



У гэтым даследчым і выставачным праекце прынялі ўдзел вядомыя беларускія мастакі Руслан Вашкевіч, Адам Глобус, Сяргей Грыневіч, Ігар Кныш, Віктар Копач, Алег Касцючэнка, Алесь Некрашэвіч, Алесь Пушкін, Сяргей Рымашэўскі, Кастусь Селіханаў і творчая майстэрня “Басталія” (кіраўнік — рэстаўратар Хведар Сарока).

Яны цытуюць і інтэрпрэтуюць вядомыя ўзоры класічнага і посткласічнага заходнееўрапейскага мастацтва. Аўтары гуляюць з прынцыпамі мастацтва, што ўстаяліся, злучаюць у сваіх працах традыцыйныя і наватарскія выяўленчыя сродкі, уступаюць ў жывы дыялог з класічнымі прататыпамі сваіх твораў і змяшчаюць іх у цалкам іншы, нечаканы і вельмі індывідуальны кантэкст. Прычым, тонкая іронія аўтараў, іх адважная гульня з звычайнымі сэнсамі і формамі, эклектычныя правакацыі ствараюць урадлівую глебу для ўзнікнення новых культурных феноменаў. У кожным з іх адбываецца переасэнсаванне класікі, вядзецца актыўны ўнутраны дыялог з гістарычнай традыцыяй, з соцыюмам і з самім сабой.

Так, Руслан Вашкевіч ў сваёй працы “Аўкцыён” прадставіў перакулены дагары нагамі твор Пабла Пікаса “Партрэт Анхеля Фернандэса дэ Сота”. Сяргей Грыневіч на сваім палатне выкарыстаў усярэдненыя да банальнасці сілуэты Адама і Евы з гравюры Альбрэхта Дзюрэра “Адам і Ева”, пакінуўшы ад гэтага твору толькі цэнтр кампазіцыі і “прапусціўшы” праз вобразы далёкіх прашчураў землян інфракраснае выпраменьванне, як доказ іх цеплакроўнасці. Кастусь Селіханаў увогуле злучыў некалькі знакамітых кампазіцый, літаральна пасадзіўшы героя працы Дыега Веласкеса Себасц’яна дэ Мора на фантан Марселя Дзюшана. Своеасаблівую інтэрпрэтацыю аўтапартрэта Ван Гога зрабіў Алег Касцючэнка. У яго творы “Люлька Ван Гога” трагічны зыход знакамітага мастака асацыюецца з згараннем ад тлеючага агню люлькі.

Цікавую кампазіцыю “Trofimos” прадставіла майстэрня “Басталія”, вядомая  рэстаўрацыяй Лошыцкай сядзібы, Мірскага замку і Нясвіжскага палацу. Гэта партрэт сям’і Трафімовічаў. Кампазіцыя складаецца з трох частак і з’яўляецца заканчэннем агульнай канцэпцыі дома у галандскім стылі. У якасці цытаты ўзята знакамітая карціна Яна Вермеера “Урок музыкі”. Дом, у якім знаходзіцца твор, таксама створаны з цытатаў (мэбля, камін, фахверкавая сістэма гасцёўні). Карціна дае яшчэ адзін ілюзорны пакой у перспектыву кухні і з’яўляецца аптычнай падманкай.  У гэтай зазярцальнай вермеераўскай перспектыве мы бачым гаспадароў дому, пераапранутых у строі XVII стагоддзя. На партале — герб ся’мі (капуста), этымалагічная расшыфроўка з грэцкай мовы прозвішча Trofimos (карміцель, гадаванец), дата шлюбу рымскімі лічбамі (MCMLXXXIV— 1984). У ніжнім левым залатым кроі цэнтральнай часткі карціны вісіць скрутак з тэкстам сямейнага гімну — беларускай народнай песні “Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?”. Словы гімну і на спінэце, на якім музіцыруе гаспадыня дому. Фланкіруючыя куртыны кампазіцыі створаны для натурмортных інсталяцый.    

На думку Адама Глобуса, выстава — пра вялікую любоў да вялікіх мастакоў. Паводле ягоных слоў, аўтары праекту прызнаюцца ў сваёй любові да творцаў, “якія больш таленавітыя і больш разумныя за нас”. “Менавіта дзякуючы гэтым геніям мы і сабраліся ў залі галерэі”, — сказаў Адам Глобус.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн павіншавала сваю калегу, аўтара ідэі праекту Таццяну Маркіну за задуму і здзяйсненне яе “цудоўнай інтэлігентнай і перспектыўнай” выставы.       

Ёсць спадзяванне, што выстава, якая працуе па 10 кастрычніка, выкліча вялікі інтарэс прафесіяналаў і аматараў мастацтва.