Ужо заўтра, 12 верасня, Ігар Мельнікаў запрашае ў Заходнебеларускую Атлантыду

Журналіст «Новага часу», а яшчэ выдатны гісторык і адданы калекцыянер Ігар Мельнікаў запрашае ўсіх зацікаўленых на выставу са сваёй прыватнай калекцыі — «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах».



vystava_mieljnikava.jpg

Галоўная ідэя выставы паказаць Вераснёўскую кампанію 1939 года, ў якой удзельнічалі злучэнні Войска Польскага, у складзе якіх была значная колькасць ураджэнцаў Заходняй Беларусі.

Таксама на выставе будзе прадстаўлена мірнае жыццё Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах праз арыгінальныя фотаздымкі, дакументы і рэчы таго часу.   

Важнае месца ў экспазіцыі надаецца тэме мабілізацыі беларусаў у Войска Польскае. Пасля ўсеагульнай мабілізацыі ў канцы жніўня 1939 года, у шэрагі Войска Польскага было залічана каля 70 тысяч мужчын беларускай нацыянальнасці.

На выставе можна будзе ўбачыць таксама формы афіцера Войска Польскага, жаўнера пяхотнага палка і марака пінскай рачной флатыліі.

Усяго ў экспазіцыі каля 300 прадметаў, большая частка з якіх арыгіналы.

Адкрыццё выставы адбудзецца 12 верасня а  17.00 у памяшканні музейна-выставачнага комплексу ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе).

Выстава працуе да 10 лістапада 2014 года з 9.00 да 17.00 кожны дзень, акрамя панядзелка.