Чалавек і горад у жывапісу Уладзіміра Тоўсціка

Вечарам 9 верасня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава жывапісу народнага мастака Беларусі, старшыні рады Беларускага саюзу мастакоў, загадчыка кафедры малюнку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесара Уладзіміра Тоўсціка “Чалавек і горад”.



Экспазіцыя прысвечана 65-годдзю творцы і прымеркавана да свята “Дзень горада”, якое адбудзецца ў бліжэйшыя выходныя.

Стыль мастака даволі пазнавальны, бо яго сонечныя і напоеныя паветрам запамінальныя аптымістычныя палотны вылучаюцца яскравай і гарманічнай каляровай гамай. Разам з тым, у яго працах, што ў асноўным маюць камерны характар, адчуваецца беларуская ментальнасць. Вось чаму заўсёды праўдзіва беларускія па сваёй сутнасці карціны мастака, у якіх ён таленавіта вядзе пачуццёвы і сэнсавы дыялог з прасторай і мінулым Мінска, Прагі, Кракава і Варшавы. “Калажны” прынцып пабудовы кампазіцыі дазваляе аўтару як мага больш распавесці гледачу пра тое, што яго хвалюе, а таксама злучыць у сваім жывапісу гісторыю з сучаснасцю, ірэальны свет успамінаў з вобразам канкрэтнага чалавека.

Нездарма творы лаўрэата прэміі ЛКСМБ і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Тоўсціка ўпрыгожваюць не толькі Мірскі замак, Нацыянальную бібліятэку, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінскую ратушу і сталічную канцэртную залю “Верхні горад”, але і карцінныя галерэі Галандыі, ЗША і Італіі.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца нагадаў, што ў сярэдзіне 1970-х гадоў яго вельмі натхніла творчасць “блікучай тройцы” маладых беларускіх мастакоў Міколы Селяшчука, Уладзіміра Тоўсціка і Уладзіміра Савіча. Менавіта іх творы на легендарных сталічных выставах 1985 і 1988 гадоў зрабілі абсалютна радыкальную рэвалюцыю ў айчынным выяўленным мастацтве, пакрэсліў старшыня БСМ. На ягонае меркаванне, дзякуючы творчасці Уладзіміра Тоўсціка і яго сяброў у беларускі жывапіс, графіку і скульптуру прыйшла новая пластычная мова, а таксама ўзнікла адмысловая мастацкая школа.   

Выстава працуе па 27 верасня.