Чым розняцца кракаўская шопка і беларуская батлейка?

Мы ўжо пісалі, што ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць выстава «Кракаўскія калядныя батлейкі». Паспабуем высветліць, чым кракаўскі феномен вылучаецца на агульнапольскім фоне ды ці маюць беларуская і польская батлейкі агульныя карані.

shopli_16_logo.jpg


Польскі адпаведнік беларускага слова «батлейка» — «шопка» (ад нямецкага schoppen — хлеў). У арыгінале кракаўскія батлейкі завуцца «szopki krakowskie». Назва «батлейка» паходзіць ад «Betleem», польскай назвы Віфлеема, горада, дзе, паводле Бібліі, нарадзіўся Ісус Хрыстос. У беларускіх гаворках сустракаюцца таксама варыянты «батляемка», «бетлейка», «віфлеем», «остлейка», «яселка», «жлоб», «вяртэп». Апошняя назва характэрная і для ўкраінцаў.

Кракаўскія батлейкі ў выглядзе, які распаўсюджаны сёння, робяць на ўзор шопкі 1860 г. муляра Міхала і кафляра Лявона Езенкераў. Каб не сядзець узімку без працы, майстры ладзілі батлейкі, выходзілі з імі на Кракаўскі рынак (галоўную плошчу горада) і чакалі замоўцаў. Гараджане запрашалі іх дадому і няблага плацілі за спектаклі. Некаторыя сем’і замаўлялі майстрам уласныя батлейкі ці рабілі іх сваімі рукамі. Рамеснікі заўважылі, што чым прыгажэй аздобленая батлейка, тым больш атрымаеш замоў і лепшую аплату за спектакль.

shopli_19_logo.jpg


Арыентуючыся на батлейкі Езенкераў і іншыя майстры сталі рабіць шопкі з элементамі кракаўскай архітэктуры. У вырабах можна пазнаць рысы каралеўскага палаца і замка на Вавелі, Марыяцкага касцёла, Сукенніц, абаронных муроў ды іншых святынь і камяніц горада.

shopli_4_logo.jpg



Фігуркі ў шопках самыя разнастайныя: ад традыцыйных для ўсёй Польшчы біблейскіх персанажаў да герояў кракаўскага гарадскога і агулам польскага фальклору ды гістарычных асоб. Шмат у якіх вырабах можна пабачыць кракаўскага Лайконіка (пераапрануты ў татарскага вершніка персанаж гарадскіх містэрый на летняе свята Божага цела).

shopli_20_logo.jpg


На Месяцы, што гойдаецца між вежаў некаторых шопак — пан Твардоўскі, легендарны польскі чарнакніжнік. Тут жа лялькі ў кракаўскіх строях і касцюмах гураляў (народнасць, што жыве ў горнай частцы правінцыі Малапольска, сталіцай якой з’яўляецца Кракаў). Прыцягвае ўвагу кракаўскі Цмок.

shopli_18_logo.jpg


Сярод гістарычных асоб, якіх майстры ўвасабляюць у ляльках — Папа Рымскі Ян Павел ІІ, першы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, храніст Ян Длугаш, маршал Юзэф Пілсудскі, астраном Мікалай Капернік, паўстанец Тадэвуш Касцюшка з касінерамі. Апошняга можна пабачыць і на выставе ў Мінску. У шопках сустракаюцца фігуркі калядоўнікаў і нават майстроў, якія нясуць свае батлейкі на конкурс.

shopli_16_logo.jpg


Ці маюць беларуская і польская батлейкі агульныя карані?

Беларускія батлейкі выглядаюць больш сціпла, маюць форму хаты ці царквы і ў першую чаргу практычнае прызначэнне. Кракаўскія ж шопкі цяпер нясуць пераважна дэкаратыўную функцыю. Традыцыя вырабу і хаджэння з шопкамі заняпала падчас Першай сусветнай вайны, і ў 1937 годзе гісторык і этнограф Ежы Дабжыцкі арганізаваў конкурс шопак, каб адрадзіць гэта мастацтва.

shopli_10_logo.jpg


Сёлета конкурс прайшоў 75-м разам (яго правядзенне перарывалася толькі ў гады Другой сусветнай вайны). Штогод у першы чацвер снежня майстры прыносяць свае вырабы да помніка Адаму Міцкевічу, дзе кожны можа паглядзець іх да 12-й гадзіны дня.

shopli_12_logo.jpg


Толькі ўявіце сабе, заснежаны Міцкевіч, і прыступкі вакол яго ўсе застаўленыя яркімі, прыгожымі, зіхоткімі шопкамі! Па поўдні шопкі адносяць у палац Кшыштафораў, дзе журы 3 дні іх ацэньвае, пасля чаго адкрываецца выстава пераможцаў. Штогод кракаўскі гістарычны музей адбірае сабе ў сховішча па 1-2 батлейкі (на большую колькасць папросту няма месцаў у фондах). Вялікую калекцыю шопак мае таксама кракаўскі этнаграфічны музей.

shopli_8_logo.jpg


Куратар выставы ў Мінску Міхал Шчэрба, супрацоўнік кракаўскага гістарычнага музея, распавёў, што выраб калядных батлеек застаецца жывой традыцыяй у Кракаве і ваколіцах. Часцей яны дэкаратыўныя, фігуркі “ажыўляюць” шопку, могуць рухацца (батлейкі часта электрыфікаваныя, падсветленыя). Некалькі кракаўскіх сем’яў удзельнічаюць у конкурсе шопак ужо шмат гадоў запар. 

shopli_9_logo.jpg


Акрамя класічных батлеек на конкурс трапляюць, напрыклад, шопкі з канструктару “Лега”, з жэле, мініятурныя вырабы, што змяшчаюцца ў лыжку… Аднак, каляднікаў, якія б рабілі спектаклі з шопкай, зусім няшмат. «Я жыву ў Кракаве і кожны год да мяне ў кватэру завітваюць каляднікі. Яны могуць прыйсці з шопкай, але часцей пераапранаюцца ў персанажаў самі».

shopli_13_logo.jpg

shopli_17_logo.jpg

Спектаклі, што разыгрываюць каляднікі, могуць паўтараць сюжэты батлейкі (напрыклад, «Herody»). У той жа час, з персанажамі, якія маюць аналогіі сярод батлеечных лялек, ходзіць Каза. Яе вобраз дахрысціянскага паходжання.

shopli_7_logo.jpg


Падобная сітуацыя і ў Беларусі: апошні дакументальна зафіксаваны паказ батлейкі, што захавалася ў жывой непарыўнай вясковай традыцыі, прайшоў у Бялевічах Слуцкага раёна ў 1963 годзе. На такі ж сюжэт у Бялевічах гралі і жывыя акторы. Адзіны беларускі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, унесены ў спісы UNESCO, калядны абрад «Цары» ў Семежаве Капыльскага раёна, верагодна, таксама мае сувязь з батлейкай.

shopli_19_logo.jpg



Карані калядных інсцэніровак — у касцёльнай традыцыі ўладкоўваць яслі, што распаўсюдзілася ў Польшчы ў XIII стагоддзі манахамі-францысканцамі. Спачатку гэта былі нерухомыя дэкаратыўныя кампазіцыі, што паказвалі сцэну нараджэння Ісуса Хрыста. З часам у яслях сталі разыгрываць сцэнкі, якія ўбіралі мясцовыя, небіблейскія, побытавыя дэталі, станавіліся ўсё больш вясёлымі. У выніку спектаклі ў касцёлах былі забароненыя, засталіся толькі яслі.

shopli_20_logo.jpg


Прыкладна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя польская батлейка канчаткова перамясцілася на гарадскія вуліцы і ў дамы гараджан, а потым увайшла і ў сялянскую культуру. У Беларусь батлейка прыйшла ў ХVI стагоддзі з Польшчы, па розных версіях, ці то з дапамогай манахаў-езуітаў, ці то вандроўных скамарохаў.

shopli_21_logo.jpg
shopli_23_logo.jpg

На адкрыцці выставы «Кракаўскія калядныя батлейкі» дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў распавёў, што некалькі год таму яны з калегамі пабачылі выставу шопак у Кракаве і марылі пакзаць яе ў сябе. І вось — на Каляды мары спраўджваюцца! Дзякуючы падтрымцы Інстытута Польскага жыхары і госці Мінска атрымалі яркі калядны падарунак. Выставу можна паглядзець да 14 студзеня. Экспазіцыя мае маркіроўку «0+» і будзе цікавай для ўсёй сям’і.


Фота аўтара