Горадабудаўнічыя канфлікты сталіцы: ці магчымы кампраміс?
Чыноўнікі называюць ушчыльненне Мінска непазбежным працэсам. Пры гэтым горад нярэдка становіцца полем бою паміж жыхарамі і забудоўшчыкамі. Чаму так адбываецца і ці існуюць механізмы вырашэння горадабудаўнічых канфліктаў?
«Ушчыльненне — гэта па сутнасці сваёй зло, — заявіў старшыня грамадскай камісіі «Архпросвет» Беларускага саюза архітэктараў Віталь Кухарэнка. — У большасці выпадкаў, гэта толькі жаданне замоўцы выехаць на той інфраструктуры, інжынернай і сацыяльнай, якую мы маю яшчэ з часоў Савецкага саюза. Інфраструктура працуе, і можна за нядорага туды «ўпіхнуць» жылы дом або адміністрацыйны будынак, ды яшчэ і атрымаць прыбытак».
Былы галоўны архітэктар праектаў «Мінскпраект» пры Мінгарвыканкаме Галіна Горына прытрымліваецца такога ж пункту гледжання. «Інфраструктура гатовая, і інвестар мае магчымасць пабудаваць таннае жыллё. Але ўшчыльненне адбываецца за кошт дзіцячых пляцовак, зялёных тэрыторый і г.д.», — сказала яна ў каментары «Штодзённіку».
Па словах спецыялістаў, у «тлустыя» гады, недзе да 2012 года, забудоўшчыкам выдаваліся не надта складаныя ўчасткі без аўкцыёну для хуткага і лёгкага засваення пры адначасовай наяўнасці велізарных масіваў складаных участкаў (прыватны сектар, малапавярховае жыллё па тыпу вуліцы Р. Люксембург).
Віталь Кухарэнка лічыць, што тым самым улады горада ажыццяўлялі недальнабачную палітыку, што ў выніку прывяло да «кансервавання нявыгадных раёнаў» і сыходу ад нармальнага развіцця Мінска.
«На жаль, даводзіцца канстатаваць устойлівую тэндэнцыю, што з 2000-х гадоў якасць архітэктуры ў сукупнасці зніжаецца», — адзначыў эксперт.
Забудоўшчыку патрэбныя хуткія грошы
Спецыялісты падкрэслівае, што забудоўшчыкаў і інвестараў сёння цікавяць у першую чаргу хуткія грошы.
«Што сёння ў асноўным будуюць? Гэта ж не садкі і не школы, а толькі жыллё, таму што яно дае аддачу. Інвестары хочуць атрымаць хуткія грошы», — адзначыла Галіна Горына.
Яна лічыць, што выканкамы ідуць на повадзе ў забудоўшчыкаў і адстойваюць іх інтарэсы: «Атрымліваецца так, што дзе ён захоча, там і будуе».
«Нягледзячы на пратэсты, лісты ў інстанцыі, працу грамадскіх арганізацый пабудавалі дом «Ля Траецкага», працягнуць дабудоўваць «Экс-Кемпінскі». Навошта было зносіць 2-ю клінічную бальніцу, выставачны павільён або стары музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? — задаецца пытаннем Горына. — У горадзе хапае месца, дзе можна ўсё расчысціць, правесці сетку і там будаваць, але няма, яны ідуць на ўсім гатовым. І пры гэтым яшчэ робяць, што хочуць. Так на вуліцы Румянцава замест належных пяці паверхаў ўзвялі сем, і нікога за гэта не караюць».
Прыкладаў таго, калі забудоўшчык ў пагоні за прыбыткам не думае пра інтарэсы раёна і жыхароў, сёння маса.
«Так адна даволі вядомая кампанія-забудоўшчык «садзіла» тыпавыя дамы ўжо на гатовую інфраструктуру. Зразумела, сабекошт такіх дамоў быў нязначным. Пры гэтым яны адмаўляліся будаваць асобны ўласны паркінг, і тым самым павялічвалі нагрузку на бліжэйшыя дамы, «выразаючы» паркоўкі ля тэрыторый навакольных дамоў», — дадаў Віталь Кухарэнка. На яго думку, распрацоўнікам таксама часта даводзіцца ісці на здзелку з сумленнем.
«Напрыклад, пры праектаванні выканаць паверхавасць, але ва ўгоду замоўцу зрабіць рознай вышыню паверхаў. Як гэта і адбылося з будынкам на Музычным завулку. Вырашылі сабе зрабіць больш метраў, але сапсавалі выгляд старога горада, унёсшы дысгармонію ў гістарычны цэнтр Мінска», — распавёў Віталь Кухарэнка.
Па словах эксперта, праектоўніку прыходзіцца нялёгка, бо ён часта аказваецца паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку замоўца, які даў заданне на праектаванне і патрабуе выканання, з другога боку, абураныя мясцовыя жыхары.
Як вырашыць канфлікт?
Зразумела, што падобныя выпадкі выклікаюць абурэнне ў мясцовых жыхароў, і яны ўсімі сіламі гатовыя сёння перашкодзіць «такому» ушчыльненню горада.
Праўда, трэба прызнаць, у цэлым становішча жыхароў незайздроснае — з інструментаў уплыву на горадабудаўнічую палітыку ў іх ёсць толькі грамадскае абмеркаванне і магчымасць пісаць скаргі ў адміністрацыі.
Як прызнаюцца спецыялісты, гэтыя інструменты, як правіла, працуюць не заўсёды. Часцей за ўсё мінчукам застаецца спадзявацца толькі на добрасумленнасць забудоўшчыкаў.
«Грамадскія абмеркаванні па сутнасці ўяўляюць сабой ужо гатовую прэзентацыю праекта, жыхары часцей за ўсё ні на што паўплываць ужо не могуць», — распавяла Галіна Горына.
Яшчэ адна сур'ёзная праблема — пасля вывучэння праекта забудовы ў дакументацыі нярэдка знаходзяць супярэчнасці і парушэнні. Мінгарвыканкам у такіх выпадках вымушаны адпраўляць праект на дапрацоўку. Пры гэтым расходуецца дадатковы час і грошы дзяржавы.