«Дастыш фантастыш»: з кінаэкрана на канцэртную пляцоўку
Новая кінастужка пад інтрыгуючай назвай «Дастыш фантастыш» кінарэжысёра Аляксандра Канановіча — трэці поўнаметражны фільм студыі «Беларусьфільма», музыку для якога запісалі айчынныя выканаўцы. (На здымку: Гурт «ДетиДетей»)

Новая кінастужка пад інтрыгуючай назвай «Дастыш фантастыш» кінарэжысёра Аляксандра Канановіча — трэці поўнаметражны фільм студыі «Беларусьфільма», музыку для якога запісалі айчынныя выканаўцы.
(На здымку: Гурт «ДетиДетей»)
Нагадаю, што саўндтрэк да «Анастасіі Слуцкай» (рэжысёр Юрый Ялхоў) стварыў гурт «Палац», а этна-трыо «Троіца» адзначыліся ў прыгодніцкай стужцы
«Тры талеры» (рэжысёр Ігар Чацверыкоў) паводле аповесці А. Федарэнкі. І вось новы прыклад супрацы айчынных кінематаграфістаў і музыкантаў.
Адзначу, што беларускія рок-выканаўцы з энтузіязмам адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у гэтым праекце. Бо запіс саўндтрэка да фільма па інтэнсіўнасці і выніковасці працы можна лічыць аналагам
удзелу ў працы над дыскам-складанкай: музыкантам трэба прасякнуцца супольнай ідэяй і настроем праекту, выбраць са свайго рэпертуару ці старыць наноў музыку да яго, удзельнічаць у прома-акцыях
канчатковага прадукту. Невыпадкова таму ўпершыню саўндтрэк да кінафільма «Дастыш фантастыш» выйдзе асобным CD.
Што тычыцца самога фільму, то ў гледачоў ён выклікаў палярныя меркаванні — ад «вясёлага і пазітыўнага» да «малацікавага і пошлага». Уся справа ў тым, што
ў большасці кінааматараў пакуль няма ўяўлення пра мастацкія якасці «Дастыш фантастыш» і свае меркаванні яны фарміруюць пад уплывам СМІ ці інтэрнэту. Але адзнакі мастацкім якасцям
новага фільма пакінем крытыкам-кіназнаўцам. Заўважу толькі тое, што здымачная група з «Беларусьфільма» вырашыла зацікавіць слухачоў вынікамі сваёй працы праз музыку, заінтрыгаваць,
каб тыя, хто прыйшоў у клуб «Рэактар», паспяшаліся ў кінатэатры на прэм’еру. У гэтым былі зацікаўлены самі музыканты, бо гэта прэм’ера супадала з іх асабістымі
радаснымі падзеямі.
Гурт «J:морс», Юлія Глушыцкая і Раман Арлоў
Напрыклад, вакалістка гурта «Naka» Насця Шпакоўская рыхтуецца стаць маці. Але гэта не перашкодзіла ёй выйсці на сцэну і ў экспрэсіўнай манеры выканаць песню з фільма
«Дастыш фантастыш» «Клочьями». Гэтая кампазіцыя ўвайшла ў саўндтрэк, а таксама ў новы альбом гурта пад назвай «Пора». На прэзентацыі прагучалі
іншыя кампазіцыі, якія змешчаны на новай кружэлцы гурта. Дарэчы, у яе праграму ўвайшла і першая беларускамоўная песня гурта «Naka» — «Бяжы» з праекту
«Перазагрузка». Дзіўна, але падчас прэзентацыі Насця выканала гэту песню на рускай мове, хоць па-беларуску гэтая песня ў яе гучыць больш пераканаўча. Мо таму такое здарылася, што
музыкі не жадаюць саступіць з больш лёгкай і кан’юнктурнай сцежкі пад назвай «рускі рок»?
Гурт «Нака»
Больш актыўна ў напрамку пачынаюць працаваць (абы не сурочыць!) удзельнікі гурта «ДетиДетей». На прэзентацыі саўндтрэка «Дастыш фантастыш» вакалістка каманды Ганна
Хітрык аб’явіла пра хуткі выхад іх першага беларускамоўнага альбома «Рух» і прэзентацыі яго на вялікай сцэне тэатра імя Я. Купалы. Гэтыя намеры былі падмацаваныя такімі
кампазіцыямі, як «Люты», «Раптам».
У праграме прэзентацыі саўндтрэка «Дастыш фантастыш» былі прадстаўлены выканаўцы, якія не ўдзельнічалі ў здымках, але музыка якіх, па словах арганізатараў канцэрта, магла б быць
выкарыстана для «агучкі» стужкі. Маецца на ўвазе гурт «Разбітае сэрца пацана», які добра павесяліў публіку сваім гумарам, карыкатурнай
«трасянкай» і пафаснымі рухамі дзеўчын з камічнага бурлеск-дуэта «ЭВМ». Усе разам яны ствараюць на сцэне феерычнае шоу. Слухачы надзвычай добра прынялі такія
кампазіцыі «Разбітага сэрца пацана», як «Сінус-косінус», «Смартфон», «Палюбіла гапара», асабліва «закаціла» ў
зале гумарыстычная песенька «Лук і часнок», пад якую можна было б добра патанчыць у зале клуба «Рэактар» і на здымках фільма, калі б гурт запрасілі на здымачную
пляцоўку. Будзем спадзявацца, што гэта яшчэ ў іх наперадзе!
Знаёмства публікі з саўндтрэкам «Дастыш фантастыш» не абышлося і без музычных прэм’ер. Гэткім сюрпрызам, які прыцягнуў увагу публікі, стаў дэбютны выступ праекта былога
гітарыста гурта «J:морс» Рамана Арлова пад кідкай назвай «У нескладовае». Удзельнікі гурта — вядомыя беларускія рок-вакалісты Ганна Хітрык,
(«ДетиДетей»), Віктар Рудэнка («Dali»), інструменталісты Юлія Глушыцкая (віяланчэль), Канстанцін Гарачы (клавішныя), Вячаслаў Сергеенка (бас) і Вадзім Марголін
(гітара), Андрэй Сапоненка (ударныя).
«У нескладовае» — праект, які створаны для папулярызацыі беларускай рок-музыкі і беларускай мовы ў Расіі. Што для дасягнення такой мэты прапануюць музыканты? Па-першае,
радыёфарматную музыку. Па-другое, музыку хітовую і ў нейкім сэнсе нечуваную за межамі Беларусі. І гэтыя амбіцыі былі акрэслены падчас дэбютнага выступлення праекта. Гучалі
песні-«знаёмствы», якія ўвойдуць у першы альбом гурта («Сусвет»), а таксама трэкі да новай стужкі расійскіх кінавытворцаў («Никогда не
сдавайся»). Гэтыя творы былі хораша сустрэты слухачамі. Па меркаванні многіх з іх, «У нескладовае» мае перспектывы, каб іх папулярнасць расла ў абедзвюх краінах і праект
дасягнуў сваіх мэт. Але пры ўмове пазбаўлення музычных уплываў, якія ідуць ад улюбёных грандаў сусветнага року і «alma mater» Р. Арлова — гурта
«J:морс».
Гурт «У нескладовае»
Што ні гавары, але гурт «Крамбамбуля» — самы вопытны з усіх раней пералічаных каманд у працы ў кіно. Бо за плячамі Лявона Вольскага і яго каманды ўдзел у камедыі ўкраінскіх
кінематаграфістаў «Каралева бензакалонкі-2». І вось новая спроба, цяпер ужо на радзіме. Па словах Лявона, «Крамбамбуля» прапанавала рэжысёру «Дастыш
фантастыш» тры трэка: песні «Раз, два, тры, усе за стол», «Азалаціся», «Свята кожны дзень». Некаторыя з іх прагучалі ў гэты вечар. Але
цэнтрам канцэртнага выступу гурта Л. Вольскага стала выкананне хітоў, якія прынеслі ім агульнабеларускую вядомасць: «Турысты», «Старыя хіпаны»,
«Абсент» і шэраг іншых. Пад незвычайна актыўныя апладысменты слухачоў Лявон разам з лідэрам гурта «J:морс» Уладзімірам Пугачом выканалі песню-прызнанне ў любові да
роднага краю «Такога няма нідзе». Гэтак жа трактавалася і наступная кампазіцыя Вольскага з праекту музыканта «Белая яблыня грому» пад знаёмай назвай
«Пахне чабор» на верш П. Броўкі.
Пазітыўная скіраванасць музыкі «Крамбамбулі» адбілася на настроі тых, хто прыйшоў на канцэрт у «Рэактар», першым пазнаёміўся з фільмам і цяпер не падзяляе
аптымізму наконт мастацкіх вартасцяў камедыі «Дастыш фантастыш». Яны выказвалі спадзяванне, што наступным разам усё будзе лепш. Вось жа музыканты ў нас цудоўныя!
Лявон Вольскі
P.S. Вядомая аксіёма: нельга меркаваць пра фільм, не пабачыўшы яго, прынамсі, у кінатэатры. Але хочацца выказацца адносна адной з самых прыкрых заганаў многіх рэжысёраў
«Беларусьфільма». Не так даўно даведаўся, што на беларускай студыі плануецца здымаць фільм пра падзеі Грунвальдскай бітвы. Мяркуецца, што ў гэтым кіно немцы будуць гаварыць
па-нямецку, літоўцы — па-літоўску, і толькі беларусы разам з Вітаўтам па-руску. Як можна сур’ёзна ставіцца да такіх «твораў»?
Вось і рэжысёр «Дастыш фантастыш» А. Канановіч схіляецца да такой пазіцыі: беларуская мова — не для кіно. Прынамсі, гэта выснова вынікае з таго факту, што роднае слова
гучыць у камедыі фрагментарна, для стварэння «мясцовага каларыту».
Пакуль рэжысёры «Беларусьфільма» не зразумеюць формастваральную ролю роднага слова ў кіно, датуль іх намерам і плёну іх працы чэзнуць на задворках «русского мира»,
а нам спрачацца: ёсць беларускае кіно ці яго няма.