Для бяздомнага мастака з Гомеля сабралі 7 500 долараў (відэа)

 Здымачная група фільма пра вядомага гомельчука Валерыя Ляшкевіча збірае грошы з пачатку года. Рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка спадзяецца, што дзякуючы рэзанансу і прэстыжным ўзнагарод, якія фільм «Скрыжаванне» атрымаў за мяжой, атрымаецца сабраць грошы на дом Валерыю Ляшкевічу, які ўжо 20 гадоў жыве і малюе на вуліцы.



147.jpg

Стужку "Скрыжаванне" ацанілі ў Варшаве як гледачы, так і міжнароднае журы. Гісторыя пра бяздомнага мастака з Гомеля атрымала ўзнагароду грамадскасці як лепшы дакументальны фільм Варшаўскага кінафестывалю, а журы прысудзіла фільму спецыяльную ўзнагароду «За францысканскую філасофію і ўменне рэжысёра стварыць магутны эфект сціплымі сродкамі», піша «Радыё Свабода». 

На фестывалі дакументальнага кіно «Расія»  фільм "Скрыжаванне" атрымаў адразу тры ўзнагароды: «Лепшы фільм пра чалавека-стваральніка», «Лепшы дэбют" і "Прыз глядацкіх сімпатый».

— Калі мы паказвалі гэты фільм у Гомелі, дзе рабілі выставу Ляшкевіча, гледачы сядзелі з каменнымі тварамі, ніякай рэакцыі не было наогул. Гэта было вельмі дзіўна. Калі ж мы паказвалі ў Екацярынбургу, была поўная зала. І недзе за 10 хвілін да канца фільма пачаўся гул. Я не магла зразумець, што адбываецца. Пасля нехта крыкнуў: «Людзі, дзе вы?», «Лукашэнка, ты дзе?", "Давайце паедзем, забярэм дзядулю». І гэта такая публіка вельмі культурная. Калі ўключылі святло, я ўбачыла, што ўсе з мокрымі вачыма сядзяць. Многія падыходзілі з прапановамі дапамагчы, адна бабуля падышла са жменяй рускіх манет, кажа, што гэта ўсё, што ў яе ёсць з сабой. Мне была цікавая рэакцыя ў Варшаве. І таксама, як у Расіі, нас прынялі вельмі цёпла. Прысутнічаў намеснік амбасадара ў Польшчы Эдуард Швайко са сваёй жонкай. Былі водгукі падзякі, пытанні, як можна дапамагчы, як купіць карціны мастака. У мяне на электроннай пошце ўжо некалькі дзясяткаў лістоў на розных мовах — ангельскай, польскай, рускай — з прапановамі дапамагчы матэрыяльна, — распавяла рэжысёр стужкі Анастасія Мірашнічэнка

Фільм здымалі каля года. Ён падзелены на некалькі частак — зіма, вясна, лета і зноў зіма. Здымачных дзён было  каля 10.

"Мы прыязджалі ў Гомель і летам ездзілі ў Санкт-Пецярбург, таму што там Валерый летам працуе і прадае свае карціны. Мы прыязджалі да яго проста так. І вось у адну з нашых паездак Валерый сказаў нам, што яго вялікая мара — уласная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі. Шчыра кажучы, я не ведала, ці магчыма гэта, я нават не ведала, якую каштоўнасць маюць яго карціны. Я звязалася з намеснікам дырэктара, і ў музеі пагадзіліся арганізаваць выставу, і ў выніку нам прызначылі тэрмін. Пасля музей нават пагадзіўся прыняць у фонд некалькі карцін Валерыя Ляшкевіча", — падзялілася плённымі вынікамі Анастасія.

Варта дадаць, што стужку здымалі на грамадскіх пачатках, то бок без ганарараў калектыву.

Пра вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча — гарадскую легенду Гомеля — можна прачытаць артыкул у "Новым часе".   Болей за 18 гадоў Ляшкевіч маляваў, прадаваў свае карціны, збіраў ахвяраванні і проста жыў на вуліцы.