Два мастакі — два лёсы

Пётр Мірановіч. Беларускі мастак у ЗША

Імя мастака Пятра Мірановіча (1902–1990) трывала знітавана з мастацкай творчасцю беларускай дыяспары Паўночнай Амерыкі, дзе ён стала жыў і працаваў пасля вучобы ў Венскай акадэміі мастацтваў.

Усё Бацькаўшчыне



2647c1dba23bc0e0f9cdf75339e120d2.jpg

Пётр Мірановіч. Беларускі мастак у ЗША
Імя мастака Пятра Мірановіча (1902–1990) трывала знітавана з мастацкай творчасцю беларускай дыяспары Паўночнай Амерыкі, дзе ён стала жыў і працаваў пасля вучобы ў Венскай акадэміі мастацтваў.
Усё Бацькаўшчыне
Век свайго жыцця аддаў Мірановіч творчасці і Бацькаўшчыне — Беларусі. Усё, што рабіў, — займаўся жывапісам, удзельнічаў у нацыянальных і агульнаамерыканскіх мастацкіх выставах, чытаў лекцыі, пісаў артыкулы пра беларускую культуру і асвету, — жыў Радзімай.
З ініцыятывы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку ў 1964 годзе была праведзена яго персанальная выстава. Больш за 60 твораў асвятлялі творчыя дасягненні майстра на амерыканскім кантыненце. Як паведамляла эміграцыйная прэса, на ёй экспанаваліся партрэты беларусаў-выгнаннікаў, краявіды Латгаліі, намаляваныя па замалёўках і фотаздымках, прывезеных мастаком з радзімы, а таксама вядомая па шматлікіх выставах і рэпрадукцыях карціна «Беларускія эмігранты». Не выклікае здзіўлення і асаблівых пярэчанняў думка паказаць некалькі работ мастака ў экспазіцыі «Мастакі беларускай дыяспары» ў музеі Гісторыі і культуры Беларусі.
Разам з гэтым ёсць пытанне, як ставіцца да міжваеннага даробку майстра, які нарадзіўся ў этнічна беларускім асяродку цяперашняй Латвіі: у вёсцы Стрэмкі, Піедруйскай воласці, Краслаўскага павету. Як — праз прызму мастацтва беларускай дыяспары ў Амерыцы ці ў кантэксце «заходнебеларускай мастацкай плыні» — разглядаць творчасць мастака даваеннага перыяду, які пасля заканчэння Краслаўскай латышскай школы паступіў у Даўгаўпілскую дзяржаўную беларускую гімназію?
Гэта найпершае пытанне для мастацтвазнаўцаў-адмыслоўцаў. Для аматараў мастацтва, зразумела, найпершае — убачыць творы мастака.
Пачатак
Навучаўся Пётр Мірановіч у Латвійскай акадэміі мастацтваў (1928–1933), рэктарам якой быў вядомы мастак і педагог, аднакашнік прафесара Рушчыца, прадстаўнік паўночнага Адраджэння — Вільгельм Пурвіт. Азы прафесіі Пётр засвойваў у майстэрні дэкаратыўнага жывапісу ў прафесара Яніса Кугі, а з 1933 па 1937 гады — у майстэрні кампазіцыі прафесара Гедэрта Эліяса, у якога і абараніў у 1937 годзе дыпломную працу «У сялянскай хаце».
Па заканчэнні акадэміі Мірановіч далучаецца да творчага асяродка Латвіі і плённа працуе ў розных жывапісных жанрах: краявіды Латгаліі, сюжэты з жыцця аўтахтонных беларусаў Латвіі, партрэты беларускай інтэлігенцыі, робіць касцельныя роспісы, малюе абразы. Удзельнічае ў выставах латышскіх мастакоў, выстаўляе свае творы «Адліга», «Латгалачка», «Вандраванне», «Вяртанне дадому» і іншыя на Чацвёртай мастацкай выставе Фонду культуры Латвіі ў 1937 годзе. Разам з гэтым Пётр Мірановіч займаецца асветна-педагагічнай дзейнасцю, выкладае маляванне, з’яўляецца сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі, падчас вайны спачатку працуе інспектарам беларускіх школаў, а потым рэферэнтам па пытаннях культуры.
Арсеннеўскія вобразы
Андрэй Зарэчны (псеўданім паэта Хведара Ільяшэвіча) у адным з артыкулаў адзначаў, што светаадчуванне Мірановіча, яго «падыход да сучаснасці сугучны тону і настроям, пануючымі ў навейшай (паслянашаніўскай — С.Г.) літаратуры».
Намаганні наноў народжанай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, як і выяўленчага мастацтва, былі скіраваныя на фізічнае сцвярджэнне беларуса ў свеце. Дэкларатыўна-культавыя («знакавыя») творы тэматычнага жывапісу, з іх прыглушана каларыстычнай гамай, гэткім своеасаблівым рэхам «прадметнага колеру позніх перадзвіжнікаў» арганічна спалучаліся з паэтычнымі радкамі кшталту: «Край мой родны, край мой бедны, гразь, балоты ды пясок, ледзь дзе крыху луг прыгодны, хвойнік, мох ды верасок: а туманы, як пялёнкі засцілаюць лес і гай — ах ты бедная старонка, ах забыты Богам край».

Петр Мірановіч. «Суседкі»


Паэзія міжваеннага перыяду не імгненна, але пазбаўлялася «празмернай сентыментальнай расчуленасці і бедавальніцтва над краям і доляй, занесенай у нашу літаратуру чужым расійскім народніцтвам», — адзначае Андрэй Зарэчны.
Пётр Мірановіч не кан’юнктурна падаўжае і паглыбляе цэнтраўтвараючую, магістральную тэму заходнебеларускага мастацтва на новым узроўні, адпаведна паэтычнаму «тону» часу, а перагукаецца з паэзіяй Наталлі Арсеньевай ў трактоўцы чалавека, аднак ў больш аптымістычных каларыстычных рашэннях.
У Андрэя Зарэчнага, які меў музычны слых на слова і добры густ на колер, жывапіс Мірановіча абуджаў арсеннеўскія вобразы. Нездарма, займаючыся асветна-выхаваўчай працай і папулярызуючы творчасць мастака, Беларускі студэнцкі саюз (Вільня) выдаваў паштоўкі з яго творамі.
Між зямлёй і небам
У даваенных кампазіцыях Пятра Мірановіча чалавек «між зямлёй і небам» не толькі прысутны, але і дзейны. Шырока і годна крочыць па веснавой раллі, хай і не надта заможны сейбіт («Сяўба»). З хвалямі стыхіі з усёй моцы змагаюцца дзвінскія плытагоны («Ганкі плывуць»). У яго творах мы бачым розныя характары і людскія тыпы, гатовыя бараніць плён сваёй працы («Бура на сенакосе»). Не выпадкова паўстала і цэльная партрэтная галерэя створаных ім вобразаў — Скарына, Сапега, Каліноўскі, Купала, якая натуральна падаўжаецца выявамі выдатных асобаў нашага часу: Арсеннева, Салавей, Сядура, Сахараў. (У дадзеным выпадку незалежна ад таго, дзе яны былі напісаныя).
Мяркую, што ёсць усе падставы адносіць даэміграцыйны перыяд творчасці (тэматычна і эстэтычна) мастака беларускай дыяспары ў Амерыцы Пятра Мірановіча да «заходнебеларускай мастацкай плыні». Бо колькі гэту плынь не перагароджвалі ўздоўж і ўпоперак, нічога з гэтага не атрымалася.

--------------------------------------------------------------------------------------
Васіль Сідаровіч. Беларускі мастак у СССР
«Сідаровіч як жывы стаіць перад маімі вачыма і сёння. Высокі, худы, маляваў вельмі многа і, здаецца, меў немалы талент. Аднак з навукай цяжкавата прыходзілася яму. Пераехаў у Мінск, і на гэтым нашы кантакты перарваліся».
Так узгадвае мастака Васіля Сідаровіча ў сваіх успамінах («На жыццёвым шляху» — Мн.: Маст. літ., 1992), напісаных па вяртанні з варкуцінскіх лагераў у 1956 годзе Ян Антонавіч Багдановіч, «Дзядзька Янка» (1906–1990) — выдавец часопіса «Шлях Моладзі», журналіст і настаўнік, адзін з рухавікоў нацыянальнага і грамадска-культурнага станаўлення ў Заходняй Беларусі, згадваючы мастацкія таленты ўтрыманцаў прытулку Віленскай беларускай гімназіі.
Да крыўднага мала вядома пра гэту асобу. Трагічны лёс таленавітага заходнебеларускага юнака, які ва ўмовах польскай анексіі і ўзмацнення рэпрэсіяў шчыра звабіўся на святло з Камуністычнага Усходу.
Польскі шпіён
Гэтая біяграмка-напамін, не прыўносіць нічога новага, але мае сэнс, бо культура робіцца «не з навінаў, а з успамінаў», ды і ніхто, здаецца, яшчэ не адмяніў біблейскую ісціну — «як памятаем мы, так будуць памятаць і нас».
Васіль нарадзіўся ў 1905 годзе ў маленькай вёсачцы Сівіца на Віленшчыне (зараз Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) і быў малодшым з братоў. Усяго ў сям’і селяніна Лукаша было трое сыноў і дзве дачкі.
Ад пачатку 20-х гадоў праз не надта маёмасны стан бацькоў жыў у гімназічным прытулку разам з будучымі паэтам Алесем Салагубам, мастаком Раманам Семашкевічам і здабываў асвету ў Віленскай беларускай гімназіі. Як і шмат хто, быў прыхільнікам ідэяў грамадства сацыяльнай роўнасці і, адпаведна, сябрам падпольнага Камуністычнага Саюза Моладзі Заходняй Беларусі.
Азы малявання засвойваў саматугам, а ад 1926 года ў майстэрні-студыі Язэпа Драздовіча пры беларускай гімназіі. З гэтага часу паказвае сваю палітычную графіку ў гімназічных перыёдыках, якія выдавалі камсамольцы ВБГ — «Золак», «Покліч», а таксама ў часопісе «Рунь». У 1926–1928 гадах яго сацыяльна завостраныя абразкі раз-пораз з’яўляюцца ў беларускім сатырычным часопісе «Маланка».
Напрыканцы 1920-х Васіль Сідаровіч, па прыкладу старэйшага сябра Рамана Семашкевіча, які перайшоў «зялёную мяжу», уцёк у Савецкую Беларусь.
Трапіўшы з Мінску ў Віцебск, пасля непрацяглага навучэння ў мастацкім тэхнікуме быў высланы ў Чэлябінск. Там паднадзорны мастак працаваў сцэнографам у тэатры, пакуль яго, «як эмігранта і польскага шпіёна,» не расстраляла НКУС у 1937 годзе. Імя рэпрэсаванага мастака не трапіла ні ў беларускія мартыралогі, ні ў расійскія мемарыялы.
Спадчына
Спадчына Васіля Сідаровіча выяўлена, не кажучы пра вывучанасць, слаба.
Нізкі яго графічных твораў («Хоць гультаём мяне завуць, а з працы ўсе маёй жывуць», «Што Рыгор у свеце бачыў», «Беларусь, ты прабуджайся, ашукаць сябе не дайся», «І на зямлі, і пад зямлёй «апякун» усё за табой» і інш.), якія не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, друкаваліся ў 1930-я гады ў віленскіх беларускіх выданнях.
Апрача захаваных у прыватных калекцыях жывапісных спробаў Васіля Сідаровіча 1920–1930-х гадоў («Ручай», «Вясна», «Ваколіца вёскі Селіцы», «Стагі за ваколіцай» і інш.), работы яго, пэўна, ёсць і ў дзяржаўных установах Віцебска, Чэлябінску. Але шукаць іх там прыватным чынам «па-партызанску» не выпадае. Патрэбна дзяржаўная зацікаўленасць, спрыянне ва ўзнаўленні памяці і «вяртанні» мастака.
Але пакуль што жывапісны абразок Васіля Сідаровіча — бадай адзіны візуальны напамін пра творцу трагічнага лёсу, не трапіў у экспазіцыю выставы «Заходняя Беларусь у выяўленчым мастацтве», якую наладзіў НММ пад 70-я ўгодкі Уз’яднання.
Не віна ў тым ні каардынатара выставы, ні экспазіцыянераў.