«Дыярыуш» праз 20 гадоў
Каля 40 чалавек з розных куткоў Беларусі адзначылі 23 лютага дваццацігоддзе з дня заснавання грамадскага аб’яднання «Дыярыуш».

Фота Зінаіды Цімошак
Насамрэч, заснаваны «Дыярыуш» быў яшчэ ў верасні 1999 года, а ў лютым 2000-га зарэгістраваны як Мінская гарадская арганізацыя.

Фота Зінаіды Цімошак
«Слоўнік свабоды», «Жывая гісторыя», «Выратаванне грамадскіх і прыватных архіваў», «Пошук амерыканскіх грамадзян, якія прапалі падчас Другой сусветнай вайны», «Перасоўныя выставы па гісторыі антысавецкіх арганізацый ў Беларусі», «Гісторыя вольнага слова ў Беларусі» — распрацоўкі і мерапрыемствы па гэтых і многіх іншых тэмах займаюць важнае месца ў агульных дасягненнях нашага грамадства па пабудове нацыянальнасвядомай грамадскай супольнасці ў незалежнай Беларусі.
Важнае месца ў працы «Дыярыуша» займаюць кнігавыдавецкая дзейнасць, падтрымка музычных праектаў і розныя супольныя праекты.

Фота Зінаіды Цімошак
Аўтаномная праграма «Архіў найноўшай гісторыі» займаецца зборам дакументаў і даследаваннем гісторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі ў кантэксце гісторыі Сярэдняй Еўропы.
— Сваю ўвагу арганізацыя канцэнтруе, пераважна, на так званай гісторыі паўсядзённасці, гісторыі свабоды, гісторыі яшчэ не завершанай барацьбы за незалежнасць і грамадзянскія правы, — гаворыць старшыня Выканаўчай рады Ларыса Андросік. — У Грамадска-Навуковую раду пры аб’яднанні ўваходзяць вядомыя гісторыкі і праваабаронцы, літаратары, журналісты. Мы імкнёмся да супрацоўніцтва з усімі, хто працуе ў галінах гісторыі і культуры, адукацыі. Шукаем партнёраў як у сваім краі, так і па-за межамі краіны.
Кіраўнік арганізацыі згодная з выказваннем удзельніка свята, што «трэба ўліць новае віно ў старыя мяхі»: «Так, мы заклапочаны тым, каб ажывіць нашу дзейнасць яшчэ больш цікавымі праектамі, зацікаўлены ў супрацоўніцтве з новымі прафесіяналамі і актывістамі з розных культурна-асветніцкіх сфер краіны і ўжываць новыя метады ў асветніцкай дзейнасці, каб прыцягнуць больш моладзі ў свае праекты».
Адна з такіх актыўных грамадскіх супрацоўніц — Алена Арэшка, якая працуе ў дзяржаўнай установе «Палац дзяцей і моладзі» загадчыкам дзіцячай і юнацкай тэлестудыі. Журналісцкі і тэлевізійны кірункі, электронныя і друкаваныя СМІ — у гэтых сферах Алена працуе на працягу 16 гадоў.
— Цяпер свет стаў зусім іншым, таму трэба мяняць і метады асветніцкай работы з дзецьмі і моладдзю, — гаворыць Алена пра новыя выклікі часу. — Дзеці становяцца занадта касмапалітычнымі, узнікае праблема іх ідэнтычнасці. Матывацыя дзейнасці прысутнічае дзеля таго, каб займець славу, каб неяк выдзеліцца са свайго асяроддзя. Папяровыя кнігі дзеці ўжо не хочуць чытаць.

Фота Зінаіды Цімошак
Актывістаў «Дыярыуша» і гасцей павіншавалі са святам культуролаг Вацлаў Арэшка, барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Бартосік, Раман Арлоў.

Фота Зінаіды Цімошак
Зміцер Бартосік прыйшоў на свята не адзін, а з сямейным музычным гуртом. Жонка Таццяна іграла на баяне, а дзеці Юстына і Геральд уразілі публіку сваімі цудоўнымі спевамі.
Фота Аляксея Хадыкі