Дзе была пражская друкарня Скарыны?
Калі ў 90-я гады Радыё Свабода пераехала ў Прагу, мне давялося трапіць з адным з чэшскіх беларусістаў Мілаславам Зімам на Страмесцкі пляц у цэнтры чэшскай сталіцы. Памятаю, як я аслупянеў, калі спадар Зіма проста і без эмоцыяў паказаў на адзін з дамоў і сказаў, што тут, на другім паверсе, была друкарня Скарыны...

Прайшло шмат гадоў, няма ўжо на свеце Міласлава Зімы, а я ўсё не магу суняць хвалявання, калі падыходжу да гэтага дому або прыводжу туды гасцей і сяброў. І яшчэ больш хвалявання надае думка пра тое, што Скарына бачыў амаль усе навакольныя дамы, храмы і вулкі, бо яны тады ўжо былі.
Сам дом, дзе была друкарня, пабудаваны ў 1371 годзе. За сваю доўгую гісторыю ён змяніў не менш за пяць назваў (такая ў чэхаў
традыцыя — даваць дамам назвы). Са страчаных мне найбольш падабаецца «U Zlatého pelikána». Але да ХХІ стагодзьдзя дайшлі дзьве
назвы, якія абедзьве цяпер выкарыстоўваюцца. Гэта «U čapů» і «U bílého anděla». Першая з іх, самая старажытная,
звязана з тым, што некалі на франтоне былі намаляваныя буслы, а другая, магчыма, з паданнем, што некалі там з’яўляўся белы прывід маладой маці, якая коштам
свайго жыцця ўратавала сына і, як анёл-ахоўнік, блукала па доме, пакуль сын не дасягнуў паўналецця. Вельмі сімвалічна, што народжаны ў краіне буслоў Скарына друкаваў беларускія кнігі
ў доме з такой "беларускай" назвай — "У буслоў".
Першапачаткова гатычны, гэты дом у XVI стагоддзі быў перабудаваны ў стылі Рэнесансу, а ў XVІI стагоддзі — у стылі барока. Таму сёння
ў знешнім выглядзе будынак колішняй друкарні спалучае прыкметы ўсіх трох стыляў.

Так ён выглядае ў фронце забудовы паўднёвага боку Стармесцкага пляцу Прагі:

Так выглядаюць дамы ў фронце забудовы паўднёвага боку пляцу злева ад друкарні. У часы Скарыны яны ўжо былі:

Гэта фрагмент першага паверху друкарні:

Гатычнае скляпенне другога паверху друкарні:

Адно з памяшканняў на другім паверсе друкарні:

Паводле чэшскіх беларусістаў Вацлава Жыдліцкага і Міласлава Зімы, друкарня Скарыны была ў гэтым памяшканні. У часы Готыкі і Рэнесансу столі часта былі драўляныя:

Выгляд з акна друкарні на легендарны пражскі Арлой — астранамічныя куранты 1410 году на вежы гатычнай ратушы. Скарына мог падчас працы паглядаць
у гэтае вакно:

Аркада друкарні Скарыны (чырвоныя скляпенні) злучаецца з аркадамі суседніх будынкаў. Рынкі ў сярэднявеччы атачалі аркадамі, каб гандляры там маглі хаваць ад дажджу свой
тавар.

Суседняя з друкарняй вуліца Мелантрыхава, па якой мог не раз хадзіць Скарына:

Будынак старажытнай аптэкі насупраць друкарні. Скарына мог там купляць лекі. Будынак у венецыянскім стылі, размаляваны ў тэхніцы сграфіта (шкрабаніна па сырым тынку) Сярод
выяваў — Адам і Ева пад дрэвам пазнання дабра і зла, шэсце Бахуса і інш.:

Усходні бок Старамесцкага пляцу. Усе гэтыя будынкі за часамі Скарыны ўжо існавалі (некаторыя да нас дайшлі перабудаваныя). Значыць, ён іх бачыў:

Гатычны сабор Панны Марыі перад тынам (Chrám Panny
Marie Před Týnem) у часы Скарыны меў ужо такі выгляд:

Шыкоўны дом «U zvonu», пабудаваны ў першай палове XІV стагоддзя ў стылі карункавай венецыянскай готыкі з венецыянскім шатром.
У ім адразу пасля пераезду ў Прагу ў сярэдзіне XІV стагоддзя жыў імператар Святой Рымскай імперыі, гарачы патрыёт Чэхіі Карл ІV.

У Празе ёсць яшчэ шмат месцаў, звязаных з прысутнасцю Францішка Скарыны ў гэтым фантастычным па прыгажосці еўрапейскім славянскім горадзе. Але наваколле друкарні — асаблівае месца, і для
нас, беларусаў, сакральнае.
Сяргей Абламейка, www.svaboda.org