Эдуард Рымаровіч: «Толькі ў таго, хто памятае сваю гісторыю, ёсць будучыня»
У кожнага чалавека свой шлях, і некаторыя асобы назаўсёды застаюцца ў нацыянальным пантэоне. Творчасць Эдуарда Рымаровіча — беларусацэнтрычная паводле адлюстраванага аўтарскага светапогляду.

Эдуард Рымаровіч. Грунвальдскай бітве 1410 года прысвячаецца
Эдуард Рымаровіч напісаў больш за дзве тысячы работ, і ў кожнай з іх — Беларусь.
«Працаваў Эдуард неверагодна шмат. З раніцы да позняга вечара. Вельмі не любіў, калі яго адцягвалі бытавыя ці іншыя надзённыя праблемы. Час, не выдаткаваны на творчасць, лічыў згубленым, — дзеліцца ўспамінамі пра мастака яго ўдава, Галіна Уладзіміраўна Гайкова. — Ён не дазваляў сабе ніякай нават самай дробнай нядбайнасці або фанабэрыстасці ні ў працы, ні ў адносінах з людзьмі. Прыязнасць, прыроджанае пачуццё такту, прыстойнасць, чысціня намераў у грамадскай дзейнасці і ў жыцці былі адметнымі рысамі яго характару».

Эдуарда Рымаровіча не стала ў 2013 годзе. За апошнія пяць гадоў жыцця Эдуард Рымаровіч выстаўляў свае працы на шаснаццаці выставах рэспубліканскага значэння і трох міжнародных. У 2010 годзе па запрашэнні «Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў» у Манежы горада на Няве пад яго выставу была адведзена цэлая сцяна, што само па сабе, да радасці мастака, ужо было прыярытэтным.

Вітражы, роспісы, дыярамы, станковы жывапіс — усе яго працы прасякнутыя любоўю да Беларусі, і невыпадковы яго аўтарскі подпіс — «Рымар» — араты.

Беларуская мінуўшчына вабіла мастака. У яго гістарычных карцінах і партрэтах увасоблена цэлая галерэя нашых славутых продкаў: «Усяслаў Чарадзей», «Сапега», «Леў Сапега», «Андрэй Казімір Завіша», «Уладзіслаў ІV», «Ян Сабескі», «Партрэт Дуніна-Марцінкевіча», «Сустрэча Ягайлы і Вітаўта ў Берасці». Да 600-годдзя перамогі ў бітве пад Грунвальдам паўстала палатно «Грунвальдскай бітве 1410 года прысвячаецца». Адметныя подпісы ўнізе на карціне найбольш яскрава характарызуюць асобу і светапогляд Эдуарда Рымаровіча: «Грунвальдская бітва — адна з найважнейшых бітваў сярэднявечча» і «Толькі ў таго, хто памятае сваю гісторыю, ёсць будучыня».

Эдуард Рымаровіч пакінуў шмат фундаментальных прац: яго роспісы ўпрыгожваюць бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук і бібліятэку імя Янкі Купалы, а вітражы — Дзіцячы цэнтр «Батлейка». У тэхніцы ручнога ткацтва выкананы сем вялікіх габеленаў для Абласнога краязнаўчага музея Маладзечна «Старажытныя гарады Мінскай вобласці». Мастак стварыў жывапісныя партрэты для архітэктурнага помніка «Калегіум езуітаў» у Воршы, зрабіў таленавіты роспіс на тэму палявання і дыярамы для музея Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», дыярамы для Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Не злічыць напісаных Эдуардам Рымаровічам пейзажаў. «Эдуард быў паляўнічым, і больш чым за 30 гадоў сваіх падарожжаў па паляўнічых угоддзяў нанізваў на нітку памяці і ўбіраў у сябе дзівосную прыгажосць, каб потым узнаўляць яе ў карцінах, пісаць і пісаць, не пакладаючы рук у любімай майстэрні», — расказвае ўдава.

Ад імя ўрада і беларускага народа карціны Рымаровіча былі паднесеныя ў дар Нью-Ёрку, прэзідэнтам Францыі, Украіны, Расіі, В'етнама, Кітая, а таксама мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу.

16 лютага Эдуарду Георгіевічу Рымаровічу споўнілася б 59 гадоў. Яго жыццё абарвалася на ўзлёце вялікіх задум і вялікіх магчымасцяў. Светлая памяць.