Эксперт: Лукашэнка вяртае беларускую школу ў мінулае стагоддзе

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім адмянілі уступныя экзамены ў гімназіі ў 5 клас.

school_3.jpg

Якія наступствы будзе мець для будучыні Беларусі набор дзяцей у гімназіі па прапісцы.
Статус гімназіі захаваецца, але праграма ў гімназіі будзе адрознівацца ад звычайнай школы толькі з 9 класа, паведамляе. Зараз дзяцей у 1 клас будуць набіраць па прапісцы, патлумачыла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.
Што рабіць таленавітым дзецям, якім не пашчасціла жыць побач з гімназіяй?
Намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч лічыць, што гэтыя змены прывядуць да паніжэння ўзроўню адукацыі.
Паводле яе слоў, указ кіраўніка дзяржавы пазбаўляе бацькоў, якія плацяць падаткі, права выбару ўстановы адукацыі для свайго дзіцяці.
— Дзе і на якім узроўні вучыцца дзецям, будуць вызначаць не бацькі, а выканкамы. Гэты ўказ вяртае нашу школу ў мінулае стагоддзе — адзначае эксперт.
Рэпетытар Яўген Лівянт не бачыць ні аднаго плюсу ў тым, што гімназіі зробяць роўнымі са школамі.
— Што рабіць таленавітым дзецям, якім не пашчасціла жыць побач з гімназіяй — гэта галоўнае пытанне. Гэта — бяда, — падкрэслівае рэпетытар.
Паводле яго слоў, рэформа спыніла сацыяльныя ліфты. Дзеці, у якіх бацькі не валодаюць дастатковымі фінансавымі магчымасцямі, не змогуць атрымаць якасную адукацыю.
Для школьнікаў прыйдзецца наймаць дарагіх рэпетытараў, каб у 10-11 класах яны змаглі нагнаць упушчанае.

Мацкевіч: Школа стане установай прымусовага ўтрымання

З новага навучальнага года ў гімназіях апынуцца дзеці з розным узроўнем ведаў. Ці змогуць настаўнікі стварыць умовы для іх навучання?
Намеснік міністра адукацыі мяркуе, што «гэты момант — у руках настаўніка». На думку Раісы Сідарэнка, настаўнік павінен стварыць умовы для развіцця дзіцяці, у якога вынікі ніжэй, і для дзіцяці, у каго веды вышэй.
Тамара Мацкевіч таксама лічыць, што гэта магчыма. Аднак, на яе думку, для пачатку трэба даць, каб у школу прыйшлі прафесіяналы, якія змогуць гэта зрабіць.
— Тыя настаўнікі, якія сёння выходзяць з нашых універсітэтаў, былі адабраны з самых горшых абітурыентаў, якія нікуды больш не змаглі паступіць. Яны не змогуць стварыць умовы для дзяцей з розным узроўнем ведаў, — мяркуе намеснік старшыні Таварыства беларускай школы.
У выніку, па яе словах, дзеці са слабымі здольнасцямі будуць пазбаўленыя магчымасці самарэалізацыі, ім патрэбныя іншыя метады. А дзяцей з высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі будуць стрымліваць у развіцці, таму што школьная праграма заменчаная на вучня ніжэй сярэдняга ўзроўню.
На думку Тамары Мацкевіч, школа стане установай прымусовага ўтрымання, дзе дзеці будуць адседжваць 5-8 гадзін, а потым пойдуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.
Такім чынам, лічыць эксперт, наша інтэлектуальная эліта пазбаўляецца магчымасці развіцця.

Лівянт: Свет рухаецца па шляху вузкай спецыялізацыі

Яўген Лівянт не сумняецца, што настаўнік-прафесіянал пры наяўнасці матывацыі зможа працаваць у класе, дзе ёсць вучні з высокім і нізкім узроўнем.
— Але навошта ўсё ўскладняць? Свет рухаецца па шляху вузкай спецыялізацыі. Навошта вучыцца ў адным класе школьнікам, якія матываваныя і хочуць вывучыць на добрым узроўні матэматыку, фізіку і іншыя прадметы, і тым, каму гэта не цікава? — задаецца пытаннем суразмоўца «Заўтра тваёй краіны».
Адзіную прапанову Мінадукацыі, якое падтрымаў Яўген Лівянт, — вызваленне двух гадзін у гімназіях ад прывязкі да замежнай мове.
Як патлумачыла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, гэтыя гадзіны і застануцца, але сама гімназія будзе вызначаць, на якія прадметы яны пойдуць — гэта можа быць, да прыкладу, замежная мова, матэматыка, фізіка.
У той жа час Яўген Лівянт лічыць, што дзве гадзіны для паглыбленага вывучэння прадмета — вельмі мала.