ААН: да 2050 года беларусаў стане меней амаль на мільён
У Беларусі ў 2050 годзе колькасць насельніцтва складзе 8 млн 571 тысяч чалавек. Гэта на 897 тысяч менш у параўнанні з 2017 годам. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў дакладзе ААН «Перспэктывы сусветнага народанасельніцтва», які размешчаны на сайце арганізацыі.
Як вынікае з дакладу, штогадовы прырост насельніцтва Зямлі складае 83 млн чалавек. І, па прагнозах арганізацыі, дадзеная тэндэнцыя захаваецца да 2050 года. Па дадзеных за 2017 год, людзей на зямлі было 7,6 млрд чалавек. Да 2050 года нас стане 9,7 млрд.
Аднак ёсць нямала краін, дзе колькасць насельніцтва будзе зніжацца. Да такіх адносіцца і Беларусь.
Як прагназуецца, насельніцтва нашай краіны у 2030 годзе будзе складаць 9 млн 163 тысячу чалавек супраць 9 млн 468 тысяч у 2017 годзе. Да 2050 года беларусаў і зусім застанецца 8 млн 571 тысяча чалавек.
У дзясятку лідэраў па скарачэнні колькасці насельніцтва — Балгарыя, Харватыя, Латвія, Літва, Польшча, Малдова, Румынія, Сербія і Украіна.
Так, па прагнозах арганізацыі, да 2030 года украінцаў стане менш на 3 млн чалавек, а да 2050 года насельніцтва краіны скароціцца да 36,4 мільёна чалавек. У 2017 годзе, па дадзеных ААН, ва Украіне пражывала 44,2 мільёны чалавек.
Кіраўнік Беларусі, нагадаем, неаднаразова заяўляў, што дынаміку прыросту насельніцтва ў краіне неабходна павялічыць.
«Беларусь можа пракарміць 20 млн чалавек. А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 млн насельніцтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў жніўні мінулага года.
Паводле tut.by