Еўрапейскі погляд на сваё і на суседскае

У сталічнай галерэі «Ў» прадставілі ўнікальныя па сваёй значнасці выданні Алег Трусаў, Валянцін Голубеў і Павел Церашковіч.

Не так часта ў сталічнай
галерэі  збіраюцца беларускія гісторыкі, каб распавесці пра свае навуковыя
здабыткі, звярнуць увагу чытачоў на новыя гістарычныя выданні

Не так часта ў сталічнай галерэі збіраюцца беларускія гісторыкі, каб распавесці пра свае навуковыя здабыткі, звярнуць увагу чытачоў на новыя гістарычныя выданні


У пятніцу, 14 кастрычніка, вядомыя беларускія гісторыкі і педагогі Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Павел Церашковіч прадставілі зацікаўленым чытачам свае новыя гістарычныя творы, якія пабачылі свет дзякуючы выдавецтву Зміцеру Коласа і ў рамках працы Навукова-творчай лабараторыі «Еўрапейская школа ХХІ стагоддзя» пры Таварыстве беларускай школы (куратар Тамара Мацкевіч).

z.kolas_pra_plany_vydavectva_logo.jpg

Уладзімір Колас: Ліцэй зачынілі, але выдавецкая дзейнасць не спынілася

Кнігі, які былі прадстаўлены, з’явіліся не на пустым месцы:

Калісьці існавала такая навучальная ўстанова, як Беларускі гуманітарна-культурны адукацыйны цэнтр, галоўнай структурнай адзінкай якой быў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, — адзначыў былы дырэктар ліцэю Ўладзімір Колас. — У структуры цэнтру было і выдавецтва, якое давала магчымасць спрычыніцца да той інфармацыі і ведаў, якія тычыліся гісторыі, культуры і мовы нашага народа, без савецкіх ідэалагічных догмаў, стэрэатыпаў і клішэ. Выдавецтва таксама займалася і стварэннем падручнікаў, якія вельмі хутка разыходзіліся. Лёс ліцэю вядомы многім. Але выдавецкая дзейнасць не спынілася.

Ужо вышлі ў свет, альбо знаходзіцца ў працэсе выдання, серыя кніг па гісторыі сусветнага мастацтва, па літаратуры, а таксама, па гісторыі беларускага мастацтва. Не абыходзіць выдавецтва і гістарычныя дапаможнікі. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца ўнікальнае выданне Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V-XVстст.», дзе ўпершыню сфармуляваны беларускі погляд на развіццё сярэднявечнай Еўропы.

Кніга Валянціна Голубева «Найноўшая гісторыя Беларусі» ахоплівае перыяд ад 1945 года да нашых дзён. Яе напісаў вельмі актыўны ўдзельнік тых гістарычных падзей, якія вырашалі лёс краіны, яе незалежнасці і стварэння Канстытуцыі».

Таксама, у планах выдавецтва яшчэ адна цікавая кніга, над якой працуе прафесар Павел Церашковіч — «Геаграфія Польшчы».

«Прадстаўленыя сёння кнігі — сапраўды інтэлектуальна прадуманыя даследаванні, але напісаныя даступнай мовай, каб гэтымі кнігамі маглі карыстацца настаўнікі, студэнты, вучні і ўсе, хто цікавяцца пытаннямі гісторыі», — адзначыў філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі, які каардынаваў працу над гэтымі вучэбнымі выданнямі.

«Як філолаг, кнігу Алега Трусава чытаў з вялікім захапленнем і хачу адзначыць мову кнігі, якая падалася жывой, а не суконнай, як гэта бывае ў іншых навучальных дапаможніках» — падкрэсліў Баршчэўскі. Ён выказаў спадзяванні, што новае выданне будзе інспіраваць іншых аўтараў ствараць новыя кнігі на гэту тэматыку, бо ў айчыннай гістарыяграфіі вялікія прагаліны, дзе патрэбны беларускі погляд на падзеі мінулага.

Алег Трусаў дзеліцца сваім поглядам на гісторыю Еўропы

Алег Трусаў дзеліцца сваім поглядам на гісторыю Еўропы


Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, археолаг Алег Трусаў распавёў, што мара напісаць такую кнігу ў яго з’явілася гадоў пятнаццаць таму. Бо менавіта тады, у сувязі са знікненнем СССР, канчаткова знікла савецкая версія сярэднявечнай гісторыі. Узніклі новыя краіны, адпаведна, змяніліся іх гістарычныя канцэпцыі. Перад тым, як узяцца за фармаванне беларускай канцэпцыі, давялося пазнаёміцца трактоўкамі гісторыі сярэднявечча новых дзяржаў (а іх у калекцыі Трусава каля 40 падручнікаў!)

Высветлілася, што есць польская, літоўская, расійская, украінская, нават латышская канцэпцыі, таго ж, утварэння ВКЛ, а вось беларуская яшчэ цалкам не сфармавана. «А чаму б мне не напісаць яе з беларускага пункту гледжання? Бо кожная нацыя трактуе гістарычныя падзеі, факты, кожную гістарычную асобу па-свойму. Да таго ж, я не знайшоў ніводнага падручніка па сярэднявечнай гісторыі, які быў бы напісаны па-беларуску» — адзначыў аўтар.

Трусаў таксама паведаміў, што ёсць задума перакласці «Гісторыю сярэднявечнай Эўропы V-XV стст.» на англійскую мову. Важна, каб беларускі погляд на сярэднявечную гісторыю стаў часткай агульнай гістарычнай навукі Еўропы.

Валянцін Голубеў тлумачыць складанасці найноўшай гісторыі

Валянцін Голубеў тлумачыць складанасці найноўшай гісторыі


Сучасная гісторыя яшчэ не сфармаваная, кожны пажадае яе раскрытыкаваць, патлумачыць падзеі і факты са свайго пункту гледжання і выказаць шмат іншых пярэчанняў. Валянцін Голубеў лічыць, што зараз у школе з’явіліся нядрэнныя падручнікі па гэтай тэме. У іх паказана Беларусь як самастойная дзяржава са сваёй гісторыяй і культурай. Але ўсе сучасныя падзеі завязаны на рашэннях і дзеях адной асобы, якая мудра кіруе краінай. Я крыху па іншаму бачу сітуацыю: усё добрае і станоўчае, што адбылося за апошнія 20 гадоў, стала магчымым таму, што Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

«Для напісання гэтай кнігі, — распавёў Голубеў, — я карыстаўся ўжо існуючымі падручнікамі, публіцыстыкай, матэрыяламі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, даследаваннямі акадэмічных вучоных. Гэтыя матэрыялы падаваліся так, каб вучні зразумелі важнасць таго, што Беларусь узяла на сябе адказнасць за свой лёс, а з гэтым прыйшла вядомасць у свеце, пачалося развіццё культуры, з’явілася самастойная знешняя палітыка. У сваім аналізе я прытрымліваюся такога погляду, што толькі дзяржава можа выратаваць нацыю, як і нацыя здольная выратаваць дзяржаву».

Прафесар Павел Церашковіч пра геаграфію Польшчы

Прафесар Павел Церашковіч пра геаграфію Польшчы


Стваральнік кнігі «Геаграфія Польшчы» гісторык, антраполаг прафесар Павел Церашковіч спыніўся на пытанні: навошта нам, беларусам, геаграфія Польшчы? Таму, што гэтая краіна — наша бліжэйшая суседка, з якой у нас шмат агульнага ў гісторыі, шмат кантактаў на розных узроўнях, ад палітычных і эканамічных да моўных і культурных. Нягледзячы на тое, што пра Польшчу можна даведацца шмат, але многія звесткі недакладныя, а часам вельмі розняцца. Таму, каб выданне было навукова абгрунтаваным, патрэбны комплексны падыход. Перш за ўсё, у тэрміналагічнай сферы.

Веданне геаграфіі гэтай краіны дазваляе зразумець, як Польшчы трансфармавалася ў 25-ю эканоміку свету, у чым іх праблемы і як нашыя суседзі шукаюць з іх выйсце, каб, калі спатрэбіцца, самім выкарыстаць іх вопыт.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы спадарыня Тамара Мацкевіч, якая актыўна дапамагала выданню кніг, нагадала пра тое, што праз месяц мы будзем адзначаць 95 год Таварыства беларускай школы. Прадстаўленыя тут кнігі выдадзены сябрамі ТБШ і гэта сведчыць пра тое, што яго інтэлектуальны рэсурс не губляецца. Спадарыня Мацкевіч спынілася на новым калектыўным выданні для настаўнікаў і вучняў «Медыяадукацыя ў школе. Фармаванне медыяграматнасці вучняў».

«Вельмі важна, каб у час «медыйных войнаў» нашы вучні змаглі арыентавацца ў шалёным інфармацыйным акіяне. Кніга, з аднаго боку, дапамагае настаўніку выкарыстоўваць медыі ў навучальным працэсе, а з другога, дапамагае вучням крытычна асэнсоўваць розныя падзеі і думкі, не паддавацца на інфармацыйныя ўкіды для развязвання «гібрыдных войн».— падкрэсліла Тамара Мацкевіч.