Фатограф-аматар з Заходняй Беларусі і супярэчлівае жыццё паваеннага СССР
У галерэі TUT.BY намаганнямі Міколы Таранды і яго сяброў адкрылася фотавыстава ягонага дзядзі Пятра Таранды, які пражыў насычанае, поўнае прыгодаў жыццё.
Пётр Таранда, які паходзіць з вёскі Зарытава Ляхавіцкага раёна, пры паляках працаваў інструктарам па радыёфікацыі, пры Саветах быў памочнікам машыніста, папрасіўся на фронт і стаў кулямётчыкам, працаваў на лесанарыхтоўцы ў Сібіры, будаваў чыгунку каля горада Серова, за скрадзены мех мукі апынуўся у лагеры. Калі быў вызвалены праз два з паловай года па амністыі, вярнуўся на Радзіму, ажаніўся і ўладкаваўся на Баранавіцкую швейную фабрыку. З гэтай пары і пачаў займацца фатаграфіяй. Ягоная калекцыя фотаздымкаў 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя налічвае каля тысячы здымкаў.
На фотаздымках, што экспануюцца ў галерэі, з дапамогай пераважна партрэтнага жанру адлюстравана грамадскае, асабістае жыццё і побыт работнікаў фабрыкі, жыхароў бліжэйшых вёсак. Выступоўцы адзначалі, што фатограф у сваіх працах здолеў адлюстраваць глыбіню і супярэчнасць пасляваеннага часу. Зрэшты, ці так гэта, можна пераканацца на ўласныя вочы. Экспазіцыя адчынена да 16 лютага.