Гадавіна па знанаму беларускаму музыку Змітру Сідаровічу — 17 мая

17 мая — гадавіна па выбітнаму беларускаму барду і дудару Змітру Сідаровічу (02.10, 1965, Мінск — 17.05.2014, Мінск, Заходнія могілкі). Напярэдадні гадавіны, 16 траўня а 12.30 у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска будзе адслужана беларускамоўная паніхіда па Змітру Сідаровічу.



sidarovicz_1_0.jpg

Гэты надзвычай таленавіты чалавек, які гарманічна спалучаў у сабе здольнасці фізіка і лірыка (кандыдат тэхнічных навук і дзеяч культуры), застаўся ў памяці беларусаў, як актывіст «Талакі» і збіральнік беларускага фальклору, сябра грамадзянскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі», творчы кіраўнік надзвычай папулярнага ў сярэдзіне 1990-х гадоў этна-рок-гурту «Камелот«. Менавіта з гэтым гуртом быў запісаны знакаміты альбом «У краіне талераў» (1995), які стаў класікай сучаснай беларускай музыкі. Шэраг твораў з гэтага альбому, у тым ліку «Грай, дудар!», «А дзе ж тыя ваяры?» і «Ясна панна мая» да гэтай пары ўспрымаюцца як сучасныя апрацоўкі старадаўніх народных песен.

Музыка — аўтар альбому «Вір» (2001), запісанага разам з гуртамі «Стары Ольса« і «Contredanse«, заснавальнік капэлы «На таку» (2008), якая ладзіла вечарыны традыцыйных беларускіх народных скокаў у сталічнай кавярні «Жар-птушка». Зміцер Сідаровіч даследаваў гісторыю музыкі, стварыў даведнік «Вялікія музыкі XX стагоддзя», выдаў зборнік вершаў «Тры жалуды», ладзіў штотыднёвую «Шляхецкую фолк-вечарыну» ў сталічным Палацы культуры МАЗу, пачаў адраджаць беларускую народную застольную музыку.

.

У апошнія гады жыцця творца пачаў запісваць і выдаваць музыку для дзяцей. Падрыхтаваныя ім разам з Таццянай Грыневіч-Матафонавай два ўнікальныя дзіцячыя альбомы сталі своеасаблівымі вучэбнымі дапаможнікамі для вывучэння фальклору дзецьмі. З гэтым праектам складальнікі аб’ехалі ці ня ўсю Беларусь, папулярызуючы народную песню ў школах. Самабытная музычна-спеўная творчасьць Змітра Сідаровіча – барда і дудара заўжды прыцягвала ўвагу ўсіх неабыякавых да беларушчыны людзей.

На думку мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, Зміцер Сідаровіч увасабляе сабой прыход да беларушчыны цэлага пакалення, якое шукала сябе ў цяжкой атмасфэры брэжнеўшчыны: «Ён быў вельмі светлым, рамантычным, наіўным чалавекам у самым добрым сэнсе гэтага слова, якога Бог адарыў здольнасцю дабудоўваць беларускую культуру цаглінкамі, якія зніклі. Ён інтуітыўна адчуваў, меў такую фантастычную здольнасць адчуць, чаго менавіта бракуе нашай культуры. Ён першы, хто пачаў вяртаць у сучаснасць рыцарскую традыцыю. Дзякуючы яму гэтая светлая хваля беларушчыны як творчасці ахапіла вельмі многіх».