Гарэлка, кнігі, кіно: рэкляма ў беларускіх газэтах 100 гадоў таму
Пра што распавядала рэкляма ў беларускіх газэтах сто гадоў таму? За гэты час мы амаль не зьмяніліся, беларусам цікава ўсё тое ж. Пагартаем розныя выданьні.

Рэкляма ў Беларускай Крыніцы. 1925 год
Пісулькі
Выданьне Беларускае жыцьцё ў 1919 годзе паведамляла:
Хутка паявяцца Пісулькі з партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў (выдавецтва Беларускага Жыцьця).
У першы чарод друкуюцца пісулькі з партрэтамі: В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, А. Гаруна, Я. Лёсіка, З. Бядулі.
Цана кожнай пісулькі 25 фэнігаў.
Купляць можна ў Рэдакцыі Беларускага Жыцьця (Сьв. Міхальскі завулак 2, кв. 16) і ў Беларускай Кнігарні (Завальная 7).
Ці пайшлі б вы ў 2024 годзе ў кнігарню за Пісулькамі з выявамі сучасных літаратараў?

Тая ж рэкляма, толькі пазьней. Кошт ужо не ў фэнігах, а капейках
Лякарня
Орган Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі – Беларуская Крыніца ў 1925 годзе зьмясьціла рэкляму мэдычнай установы:
Лякарня Літоўскага Таварыства Санітарнае Помачы
Вільня, Віленская вуліца 28
У абмуляторыі прымаюць дактары-спецыялісты: дзіцячыя хваробы – ад 3 да 4 гадзінаў, унутраныя хваробы 10-4, хірургічныя 1-2, жаночыя 11-1, вачэй 11-2, вушэй, носа, горла 2-3, зубоў 10-11, скуры і венэрычныя 2-3, нэрваў 1-2.
У лякарні аддзелы: унутраны, хірургічны, гінекалягічны і радзільны.
Кабінэт Рэнтгена і Электра-Медычны: Лячэньне праменьнямі, фатаграфаваньне, прасьвятленьне, электрычныя ванны, электрычны масаж.
Аналітычная Лябараторыя.

Газэта Беларусь. 1919 год
Рэстаран
Беларускае жыцьцё ў 1919 годзе пісала пра жыцьцёва неабходнае:
Беларускі рэстаран «Стэлла», былы «Т-во Афіцэраў» (Міцкевічава вул. 83, проці нямецкай кірхі).
ЗНОЎ АДЧЫНЕН
Цэны: Сьнеданьне – 5 руб. Абеды з 2-х страваў – 8 руб. Вячэры з 2-х страваў – 10 руб. І порцыямі.
Адпускаецца розная гарэлка.
У часе абеда граець канцэртны квартэт ад 1 да 4 гадзіны і ў вечары ад 7 1/2 да 11 гадзіны.
Глядзіце таксама

Нэаполь
Тое ж выданьне ў 1920 годзе рэклямавала іншы рэстаран:
Успомніце мінуўшчыну!
Усё як перад вайной!
Найстарэйшая кавярня «Нэаполь» ізноў адчынена ў падворку ў старым памяшканьні: Францішканская (Губэрнатарская) 10.
Сьнеданьні, абеды, вячэры, гарбата, кава, какао і розныя закускі па найдзешавейшай цане.
Паважаныя кліенты, якія заўсёды хадзілі ў свой стары сямейны «Нэаполь», маю надзею, што і далей будуць да нас хадзіць.
З пашанай М. Найман.

Беларускае Жыцьцё. 1920 год
Вальготна пасядзець
Газэта Беларусь у 1919 годзе не адстае ад калегаў, і прапануе рэкляму цікавага месца ў Менску:
Дзе весела і вальготна пасядзець?
Пэўня ж у рэстаране павільёне На Гарадзкім Скверы.
У цяні дрэў, пад шатамі пахучага бэзу можна
Смачна пасьнедаць, сытна паабедаць, добра павячэраць.
Зыкі чаруючага аркестру песьцяць слух.
Пахучая гэрбата, смачная кава, натуральная чакаляда і какао.
Размаітыя закускі. Найлепшыя трункі. Найлепшая правізія.
Танна, прытульна, весела.

Вольная Беларусь. 1917 год
Гімназія
Газэта Беларуская Думка ў чэрвені 1919 года падавала наступную рэкляму:
І-ая Віленская Беларуская Гімназія (для дзяўчат і хлапцоў)
Востра-Брамская 9.
Прыймовыя экзамены ўва ўсе 8 клясаў і 2 прыгатаваўчых ад 24 па 28 чэрвеня гэтага года, а пасьля канікул з 20 жніўня.
Пачатак вучэбных заняцьцяў 1 верасьня г.г.
Прыйманьне просьбаў ў канцэлярыі гімназіі штодзённа ад 11 да 1 гадзіны апрача сьвят.

Газэта Беларусь. 1919 год
Кнігі
Беларуская Крыніца ў 1925 годзе зьмясьціла некалькі рэклямаў, датачных кнігаў:
Выйшаў з друку і прадаецца ў Вільні, Завальная 7.
Новы Беларускі Малітвеньнік
для Беларусаў-Каталікоў
У звычайнай аправе каштуе 3 злотых.

Газэта Наша Думка. 1921 год
Танная прадажа кніжак
З уступкай на палавіну, або 50%
Беларуская кнігарня ў Вільні, Завальная вуліца 7
Даводзіць да ведама ўсяго беларускага грамадзянства, што ладжаныя кнігарняй так званыя «Два тыдні таннай беларускай кніжкі» дзеля просьбаў многіх сялянаў прадаўжаюцца да 5 студзеня 1926 году з тэй мэтай, каб кожны селянін-беларус мог мець магчымасьць набыць сабе патрэбныя кніжкі на сьвята.
Дык адрасуйце: Вільня, Завальная 7 Беларуская Кнігарня.
Увага! Кніжкі высылаюцца толькі па атрыманьні належнай сумы, або задатку ня меней 1/3 вартасьці кніжак. Усім тым, што прыслалі заказы, а не прыслалі грошаў, кніжкі ня будуць высылацца аж да атрыманьня належных грошаў.
Глядзіце таксама
