Cамае эратычнае беларускае свята — Купалле
Гомельская “Талака” разам з прыхільнікамі з усёй Беларусі сустрэла самую кароткую ноч года каля вёскі Хальч Веткаўскага раёна. Скакалі праз вогнішча і шукалі чароўную папараць-кветку і нашы журналісты...
Купальскай ночы ў старажытныя часы надавалася адмысловае значэнне. Лічылася, што менавіта ў гэты час назіраецца найбольшы ўздым жыватворных сілаў прыроды, адбываецца магічны пераход у новую фазу, калі дні зноў станавіліся карацейшымі за ночы. Разам з тым у дні летняга сонцастаяння абуджаліся злыя духі і нячысцікі. Каб напужаць і прагнаць іх, нашы продкі распальвалі вогнішчы і ладзілі абрадавыя дзеянні, скіраваныя на прадухіленне шкоднага ўплыву вядзьмарак і духаў на чалавека.
Гомельская “Талака” ўжо здаўна вядомая сваімі святкаваннямі аўтэнтычных абрадаў беларусаў. Адна з найбольш старых недзяржаўных арганізацый Гомельшчыны і Беларусі спецыялізуецца на зборы і вывучэнні краязнаўства свайго краю і перадае гэтыя звесткі ўсім зацікаўленым.
Яўген Меркіс, старшыня гомельскай “Талакі”:
— На нашым Купаллі заўжды вельмі шмат людзей. Прыязджаюць як прадстаўнікі іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, так і замежныя госці. У гэтым годзе ахвотнікаў пасвяткаваць з намі назбіралася каля 90 чалавек, да нас зноўку далучыліся і нашыя ўкраінскія сябры, але бывалі госці з Нямеччыны, Швецыі, Расіі, Польшчы і іншых краінаў.
Звязана гэта з тым, што традыцыйная культура беларусаў не можа нікога пакінуць абыякавым. Талакоўскае Купалле цікавае яшчэ і жывой традыцыяй. Мы спяваем традыцыйныя песні нашага краю, сабраныя сябрамі арганізацыі ў фальклорных экспедыцыях, танчым беларускія танцы, гуляем у традыцыйныя гульні а не скочым праз вогнішча з гарэлкай, як часта ўяўляюць сабе святкаванне Купалля іншыя. Толькі ведаючы сваю спадчыну, можна ведаць, куды рухацца і за што трымацца, што бараніць,а гэта надзвычай актуальна ў наш час.
Пачынаўся абрад з нарыхтоўкі бярвення для вялізнага вогнішча, на якое — як сімвал сонца — майстравалася адмысловае кола. Хлопцы рабілі і арэлі, на якіх абавязкова трэба было пагушкаць дзяўчат.
Сваё галоўнае ўпрыгажэнне ў купальскую ноч — вянок — дзяўчаты рабілі самастойна. З меладычнымі спевамі яны выправіліся ў навакольныя палі, каб назбіраць прыгожых зёлак для вянку, а таксама для абрадавага напою — крупніку.
Перад пачаткам святкавання ўсе сабраліся на агульны імправізаваны стол. Пачаць есці можна было не адразу, а толькі пасля “келіха кола” — адмысловага рытуалу частавання абрадавай стравай — яешняй і піцця салодкага крупніку з мёдам. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з іншымі і выказаць свае пажаданні.
Пасля гэтага госці выправіліся, каб распаліць нарэшце вялізнае вогнішча. З зычаннямі добрага ўраджаю і поспехаў вадзілі карагоды і чакалі падзення кола пасля прагарання слупа. Лічылася, што таму, хто зловіць кола, будзе асабліва шчасціць. Такі гонар гэтым разам выпаў госцю з Чарнігава, дудару Радыёну Баеву:
— Я прыехаў на гомельскае Купалле не ў першы раз. На Гомельшчыне надзвычай цікавыя абрады, тут ёсць дужа цікавыя песні, якія я нават магу выкарыстоўваць на дудзе і валынцы для ўзбагачэння свайго рэпертуару.
На жаль, моладзь у Чарнігаве для святкавання Купалля так не згуртавалася, як у Гомелі. Нашыя маладзёны ў гэтым плане інертныя. Канешне, хапае людзей, якія цікавяцца ўсім гэтым, але яны чамусьці не аб’ядноўваюцца ў нейкую супольнасць ці арганізацыю, каб займацца гэтым на рэгулярнай і якаснай аснове, як гомельская “Талака”.
Пад чароўныя гукі дуды, і нават галісійскай валынкі, юнакі працягнулі святкаванне гульнямі ды спевамі. Найгалоўным рытмаўтваральным прыпевам у большасці з іх на Купаллі з’яўляўся матыў “Ой рана, на Йвана”, але варыятыўнасць песняў не пакіне ў абыякавасці любога меламана.
Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі:
— На дадзены момант назіраецца гэткая постфальклорная сітуацыя, калі мы нават самі нейкія абрадавыя моманты нараджаем нанава, і менавіта гэта — жывая традыцыя. На жаль, мы не з’яўляемся прамымі пераемнікамі ад тых жа самых бабулек, то бок мы не жывем у вёсках, дзе гэта ўсё адбывалася раней у аўтэнтычнай форме. Але мы з’яўляемся рэтранслятарамі гэтага ў будучыню. Моладзь глядзіць, назірае і ўдзельнічае ў жывой беларускай традыцыі, асэнсоўвае і знаходзіць сябе ў сусвеце з яшчэ адной часцінкаю нашага ментальнага кода.
Танчылі ж талакоўцы і іх госці "Падыспань", "Базар", "Ойру", гулялі ў “Шуляка” і шмат разнастайных забаваў, у якіх хапала магчымасцяў хлапцам абняць дзяўчат. Надзвычайная насычанасць традыцыйнага Купалля эратычнымі момантамі паходзіць здаўна. Для маладых гэта была магчымасць у чарговы раз прыглядзецца адно да аднаго, пагуляць, паабдымацца і пацалавацца. Даследчыкі лічаць пошукі Папараць-кветкі раніцаю для нашых продкаў таксама вельмі важным этапам знаёмства патэнцыйных будучых пар — купальская ночка выдатна падыходзіла для гэтага.
Лідзія Лешчанка, талакоўка і ўдзельніца святкавання:
— Купалле дае моладзі асэнсаванне сябе часткаю беларускай культуры, далучэнне да сваіх каранёў, разуменне, што ні “савок”, ні Амерыка — гэта не тваё роднае, а вось яно — тут. Канешне, вывучаць абрады і збіраць ды апрацоўваць інфармацыю аб нашай спадчыне лепей навукоўцам, але пакуль што гэта часта даводзіцца рабіць аматарам. Пры гэтым вывучыць пару песняў, праспяваць іх ды трапіць у ноты здольны кожны з нас.
Важным момантам супрацьстаяння злой сіле было і спальванне ведзьмы ў вогнішчы, да якой чаплялі ўсё старое і пакідалі з ёй усе свае кепскія ўспаміны за год. Ачысціцца і абараніцца ад духаў можна было і скокамі праз вогнішча — як паасобна, так і парамі.
Раніцаю ж удзельнікі Купалля рушылі да ўзбярэжжа ракі, каб разам сустрэць сонца. Дзяўчаты сплаўлялі свае вянкі, а самыя смелыя ішлі купацца, бо ачысціцца можна не толькі агнём, але і чароўнаю вадою.
Удзельнікі Купалля з гомельскай “Талакою” паўдзельнічалі ў адным з самых адметных беларускіх святаў, але святкаваць яго можна на працягу з 21–24 чэрвеня. Менавіта на
працягу гэтых трох дзён назіраецца самая кароткая ноч у годзе. Тым не менш праз прывязванне абраду да хрысціянскага свята Іаана Хрысціцеля яго святкуюць і ў ноч з 6–7 ліпеня праз адставанне
Юліянскага календара, таму магчымасці ёсць, галоўнае — не спаць!