Гродзенскі Стары замак адкрылі пасля першага этапу рэстаўрацыі (фота)
Стары замак адкрылі для наведвальнікаў 6 лістапада — скончыўся першы этап рэстаўрацыі. Да гэтага замак быў закрыты чатыры гады. У першы дзень працы музея Hrodna.life даведаўся, як выглядае абноўленая экспазіцыя, інтэр'еры замка і пейзажы горада з агляднай пляцоўкі.

Зала Старога замка, прысвечаная Стэфану Баторыю
Паселішча на Замкавай гары ў Гродне пачалі забудоўваць яшчэ ў Х ст. Спачатку гэта было ўмацаванае паселішча гараджан. Яно было аточана драўлянымі сценамі-гароднямі. Пасля пажара ў апошняй чвэрці ХІІ ст., які знішчыў ранейшыя гародні, гродзенцы пабудавалі абарончыя муры. У самых важных для абароны месцах іх збудавалі з плінфы.

З 6 лістапада гродзенскі Стары замак адкрылі для наведвання. Можна зайсці і ўбачыць на ўласныя вочы вынікі першага этапу рэстаўрацыі
У часы княжання Вітаўта, пасля чарговага пажара ў 1398 годзе, было вырашана больш не ўзводзіць драўляныя пабудовы, а збудаваць мураваны абарончы замак. Новазбудаваная гатычная крэпасць мела пяць вежаў. Для ўмацавання сцен фундамент з вялікіх камянёў і раствора заклалі на глыбіню метра. Абарончыя сцены дасягалі вышыні 6−8 метраў.
Так выглядае двор замка. Раней тут былі дрэвы. Уязную браму ўпрыгожылі выявамі з каралём Баторыем і дэкаратыўнай ляпнінай
Будаўніцтва скончылася прыкладна ў 1400 годзе. А ў 1402 і 1403 гадах адбыліся апошнія набегі крыжакоў на Гродна. Яны нават не спрабавалі пайсці на штурм замка. Пацярпелі толькі ваколіцы горада.

Можна ўбачыць частку старой замкавай сцяны
Замак часоў Вітаўта амаль цалкам быў разбураны пасля перабудовы палаца для караля Стэфана Баторыя. Каралеўскі палац быў пабудаваны нанова ў стылі рэнесансу. Нягледзячы на гэта, новы будынак не губляў сваіх абарончых функцый.

Першая зала распавядае пра гісторыю забудовы Замкавай гары

Калідор, які вядзе да сувенірнай крамы, стаў карціннай галерэяй
Каменны мост, які вядзе да Старога замка, з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі. Яго пабудавалі ў 1580−1590-х гадах.
Першы раз пра рэканструкцыю замка пачалі гаварыць у 20-я гады ХХ ст. У 1928 годзе нават распачалася падрыхтоўка да рэстаўрацыі. Да пачатку Другой сусветнай вайны паспелі правесці толькі археалагічныя раскопкі і кансервацыйныя працы. Пасля вайны, у 1950-я гады, адрамантавалі фасады замка.

Так выглядае фрагмент залы, прысвечанай каралю Стэфану Баторыю

Калідор, які вядзе да аглядных залаў. Вокны ў ім зроблены накшталт байніц
Маштабныя работы на тэрыторыі Старога замка распачалі восенню 2017 года. За аснову рэканструкцыі ўзялі праект мінскага архітэктара Уладзіміра Бачкова. Гэты праект выклікаў шмат спрэчак сярод гісторыкаў. У час першай чаргі рэканструкцыі рэстаўравалі браму, галерэю паміж ёй і палацам, а таксама вежу.
Падчас другой чаргі плануюць рэстаўраваць палац. На завяршальным этапе — сцены над Нёманам і ўнутраны двор. Паводле задумкі, замак павінен выглядаць так, як у часы Стэфана Баторыя.