Хто глядзіць на зоркі?

8 чэрвеня ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» адчынілася выстава «Viatoris глядзіць на зоркі» прафесара мастацкага факультэта Педагагічнага ўніверсітэта ў Кракаве Пятра Яргуша. (На здымку: Аўтограф ад мастака Пятра Яргуша)



0f089a3bcf38d052f7882d12b3923a82.JPG

8 чэрвеня ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» адчынілася выстава «Viatoris глядзіць на зоркі» прафесара мастацкага факультэта Педагагічнага ўніверсітэта ў Кракаве Пятра Яргуша.

(На здымку: Аўтограф ад мастака Пятра Яргуша)


Польскі інстытут у Мінску дапамог арганізаваць выставу, адпаведна, на адкрыцці не бракавала дыпламатаў, на чале з дырэктарам інстытута Пётрам Казакевічам і амбасадарам Францыі Мішэль Рэнэры.
Падзея неардынарная і знакавая — выстава сталічнага ўзроўню па-за межамі сталіцы. Тым болей што і мастак, 51-гадовы жывапісец, знаходзіцца ў росквіце творчай кар’еры — толькі за мінулыя месяцы яго экспазіцыі адчыняліся ў Кракаве і Варшаве, а таксама ў Клужы-Напока ў Румыніі. А агулам толькі персанальных выстаў Пётр Яргуш зладзіў каля 60. Ён з’яўляецца арганізатарам і ініцыятарам жывапісных пленэраў на Украіне, у бліжэйшы час збіраецца ў Дагестан. Супрацоўнічае з Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны РП пры рэалізацыі праграмы «Gaude Polonia». У 2008 годзе ўзнагароджаны рэктарам Педагагічнага ўніверсітэта за сукупнасць педагагічнай і мастацкай дзейнасці. У 2011 годзе адзначаны Сярэбраным медалём Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Мастак-вандроўнік, ён і ў свае карціны ўкладае адчуванне і сэнс знакаў падарожжа ў часе, прасторы жыцці.
Паслухаем мастака: «Карціна — як след. Карціна — як знак. Закляцце. Паказальнік дарог. Як крыж, які падрастаючы сын атрымлівае ад свайго бацькі. Як талісман у дарогу, як знак чатырох бакоў свету і прадказанне будучай сустрэчы».
Таму тыя працы, якія госці выставы ўбачылі ў Заслаў’і, пакідалі ўражанне сімвалаў-іерогліфаў, частак вялікага тэксту, які апанаваў сцены залі і прасіўся на вуліцу. Два вялікія творы аздаблялі фасад будынка пры ўваходзе — улюбёны прыём майстра, які нярэдка экспануе свае работы папросту на вуліцы, на слупах для аб’яў. Вялізныя, бы плакаты, напісаныя шырокімі росчыркамі пэндзля, з недасказанымі вобразамі, якія мусяць нараджаць уражанні і асацыяцыі, як успаміны, якія ўсплываюць у памяці.
Пётр Яргуш так і кажа : «Я прывёз у Мінск аповесць. А аповесць вымагае Тваіх вушэй, як карціна вымагае Тваіх вачэй… Я прывёз і мой смутак па аповесці і сваю рэзкасць, і нярэзкасць бачання…» Гэта нефігуратыўнае мастацтва? Не, так сказаць нельга. З фрагментаў, з ліній і гульні фарбаў і форм мастак канструюе настрой. А настрой накіроўвае сваімі рытмамі вашае ўспрыняцце і фантазію. Памятаеце вялізныя работы-рытмікі беларуса з Польшчы Лёніка Тарасевіча? Вось так і Яргуш фармуе вібрацыі вашых эмоцый, але яго прыёмы, бадай, больш фігуратыўныя.

Дырэктар музея Мікалай Паграноўскі на ганку музея. За ім — работа П. Яргуша


Адным словам, адправіўшыся бліжэйшымі днямі ў старажытнае Заслаўе, вы атрымаеце магчымасць не толькі пазнаёміцца з яго класічнымі архітэктурнымі помнікамі і гістарычнымі мясцінамі. Але займееце шанс на пэўны час прасякнуцца атмасферай сучаснай, сусветнага ўзроўню авангарднай выставы, якая праэкспанавана пры гэтым з адметным густам — дзякуй дырэктару музея Мікалаю Паграноўскаму.
Такое спалучэнне, між іншым, ставіць пытанне пра крытычны недахоп у цэнтрах гістарычнага турызму ў Беларусі (Нясвіж, Мір, Навагрудак, і далей па спісе) невялікіх галерэй сучаснага мастацтва — дзеля паказу не толькі твораў знакамітых гасцей краіны, але і беларускіх мастакоў. Вялікая мастацкая супольнасць у сталіцы — добра, але не дастаткова для паўнавартаснага культурнага жыцця краіны.
Дарэчы, хто не зможа паехаць у Заслаўе, частку аднайменнай выставы да 24 чэрвеня зможа пабачыць у галерэі TUT.BY — на вуліцы Веры Харужай, 1А, 6 паверх.