Гурт «Крама» з Ігарам Варашкевічам аднаўляе песню «Бонды» на верш Міхала Анемпадыстава

Ігар Варашкевіч з музыкантамі вырашылі даць другое жыццё даўняй кампазіцыі гурта «Бонда» «Да неба»(1986) з тэкстам Анемпадыстава, і першае выкананне на канцэрце 4 сакавіка у мінскай рэстарацыі «Друзья» прысвяціць памяці паэта і мастака.

krama_rrrr.jpg

Ігар Варашкевіч ўспамінае гісторыю песні: «У групе «Бонда» асноўным паэтам быў барабаншчык Сяргей Кныш. Аднак акрамя яго тэксты пісалі – ці спрабавалі пісаць – і іншыя. Фелікс Аксёнцаў, напрыклад, які потым ажыццявіў свае задумы з групай «Ulis», Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песню тэкст. І Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў тэкст. І было гэта, наколькі я памятаю, у 86-м годзе. Сяргей Кныш пайшоў у армію, ён адсутнічаў два гады. А з Міхалам мы пазнаёміліся, думаю, праз Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Саму песню, музыку мы напісалі, калі былі на студэнцкай “халтуры” ў Ніжневартаўску. Бо амаль усе вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Я дакладна памятаю, як я нават проста без гітары хадзіў па вуліцах і напяваў гэтую мелодыю. А як вярнуліся дадому, Міхал і напісаў тэкст, які нам падышоў. Атрымалася песня «Да неба».
 
Потым, калі ўжо была «Крама», я неаднаразова прапаноўваў Міхалу напісаць нам які тэкст, але ён увесь час неяк так ветліва знаходзіў прычыны для адмовы. То ў яго нейкая іншая тэрміновая справа, то натхненне не прыйшло. Але ніякай крыўды ў мяне, натуральна, не было, і тым больш – няма зараз. Проста тады яго ідэі, магчыма, больш супадалі з іншымі музыкантамі. Напрыклад, з Касяй Камоцкай. Гэта я толькі нядаўна зразумеў, задумаўся ўжо пасля смерці Міхала – што з Касяй Камоцкай ён увасобіў у жыццё сваю любоў да польскай групы «Maanam». Я, дарэчы, гэты калектыў любіў не менш за Міхала. Але з-за таго, што я хлопчык, мой вобраз не падыходзіў. А вось у Касі Камоцкай ён нешта такое ўбачыў, адчуў. Таму і атрымалася так многа выдатных песень.
Свой веснавы канцэрт на пачатку сакавіка мы пачалі планіраваць яшчэ восенню, ужо была дата. А пасля трагічнага сыходу Міхала з’явілася ідэя адрадзіць песню, даць ёй новае жыццё. І так атрымліваецца, што менавіта 4-га сакавіка будзе 40 дзен з дня смерці Міхала Анемпадыстава. І яго памяці мы прысвяцім гэтую кампазіцыю — «Да неба».
На дне глыбокіх вуліц, сярод бетону, цэглы і шклаБывае, замінае глядзець у неба імгла. Каб быць бліжэй да зорак, каб мець кавалак Сонца ў руках, Адзін псіхічна хворы аднойчы ўзлез на дах.
Ён змагаўся з ветрам, Ён глытаў паветра. Грукатала сэрца, Вабіў Млечны Шлях.
На ім штаны і швэдар, за ім ў паветры ззяюць крылы.Ён паглядае долу, палюе з-пад рукі. Лічыць не трэба крокаў, калі нарэшце трапіў на дах. Лунае між аблокаў нязграбны дзіўны птах.
Ён змагаўся з ветрам, Ён глытаў паветра. Грукатала сэрца, Вабіў Млечны Шлях. 
Паводле прэс-рэліза