Выстава “І рай і боль на Песеннай зямлі” ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава пад такой назвай адкрылася вечарам 21 сакавіка ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі. У экспазіцыі ўпершыню дэманструюцца каля 200 твораў графікі беларускіх мастакоў 1920–1930-х гадоў з музейнага збору, які створаны ў першай траціне XX стагоддзя і зараз налічвае каля 500 малюнкаў.



Выстава з’яўляецца часткаю доўгатэрміновага праекту “У пошуках страчанага”, прысвечанага мінуламу гэтай установы культуры, якая з 1923 года мела назву Беларускі дзяржаўны музей (БДМ). 

Асаблівасцю той эпохі была актыўная краязнаўчая дзейнасць, калі беларусы ўсвядомілі сябе нацыяй, пачалі шчыра і з вялікім натхненнем раскопваць свае гістарычныя карані. У гэты перыяд закладваюцца мастацкія калекцыі БДМ, які цесна супрацоўнічаў з Інстытутам беларускай культуры,  Цэнтральным бюро краязнаўства і мастакамі. Ладзіліся сумесныя археалагічныя, фальклорныя і этнаграфічныя навуковыя экспедыцыі, выданні і выставы, у тым ліку I Усебеларуская выстава краязнаўчых здымкаў і замалёвак, што ў 1928 годзе адбылася ў залах БДМ і зрабіла вялікі ўнёсак у ягоныя калекцыі. Дарэчы, тады ў музеі працавалі выбітныя дзеячы беларускай навукі і культуры Вацлаў Ластоўскі, Міхась Філіповіч, Янкель Кругер і Аляксандр Ляўданскі.

На выставе экспануюцца працы мастакоў — супрацоўнікаў БДМ, выбітных майстроў графікі міжваеннай Савецкай Беларусі, прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы і графікаў Заходняй Беларусі, чые працы патрапілі ў збор з калекцыі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні (Літва) пасля Другой сусветнай вайны.

Каштоўнасць экспазіцыі ў тым, што на ёй дэманструюцца працы, што адначасова з’яўляюцца мастацкімі творамі і навуковымі замалёўкамі. З дакументальнай дакладнасцю мастакі данеслі да сучасніка вобраз Беларусі і нашых суайчыннікаў 1920–1930-х гадоў: сельскія і гарадскія краявіды, заняткі і тыпы жыхароў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, помнікі дойлідства, традыцыйнага народнага мастацтва і рамёстваў.       

Выстава працуе па 21 красавіка. Да гэтага дня запланавана выданне каталогу калекцыі твораў майстроў айчыннай графікі 1920–1930-х гадоў.