Ізраіль: краіна цудаў, якую стваралі беларусы

«У кожнага прыстойнага чалавека ёсць сваякі ў Ізраілі», — з выразным грасіраваннем кажа мая сяброўка. Ну, сваякі, не сваякі, але выхадцы з Беларусі досыць шчыльна ўвайшлі ў гісторыю гэтай краіны. Асаблівы гонар ад гэтага адчуваеш, калі трапляеш у Ізраіль сённяшні і бачыш, як з бязлюднай пустэчы тутэйшая зямля менш чым за стагоддзе пераўтварылася ў сапраўдную краіну цудаў.

Гара Масада ў Юдэйскай пустыні

Гара Масада ў Юдэйскай пустыні

Чыстая латарэя

Канешне ж, усе ведаюць, што першым прэзідэнтам Ізраіля быў наш зямляк з Моталя Хаім Вейцман. Шырока вядомы яшчэ адзін кіраўнік краіны і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Шымон Перэс з Вішнева на Валожыншчыне, ды іншыя грамадскія і палітычныя дзеячы, якія самі ці іх продкі паходзілі з нашых земляў.

Але ці ведаеце вы, як утварыўся Тэль-Авіў, другая сталіца, эканамічны і культурны цэнтр Ізраіля, які сёлета адзначыць 110-годдзе? Гісторыя яго пачалася 11 красавіка 1909 года, калі сярод голай пустэчы 66 чалавек зладзілі латарэю ракушак (літаральна: на ракушках напісалі нумары і прозвішчы), падчас якой размеркавалі яшчэ неіснуючыя ўчасткі зямлі яшчэ неіснуючага яўрэйскага квартала Ахузат-Байт побач са старажытным горадам Яфа. Аўтарам ідэі стварэння квартала быў гадзіннікавы майстар з Гродна Аківа Ар’е Вайс. Неўзабаве першы яўрэйскі квартал атрымаў назву Тэль-Авіў («узгорак вясны»), якую, дарэчы, прапанаваў ураджэнец мястэчка Ула на Віцебшчыне Менахем Шэйнкін. Вы можаце ўявіць, каб у Беларусі людзі сабраліся і вырашылі стварыць горад?.. Наўрад ці. Але на тое яна і Зямля Абяцаная, каб на ёй здараліся цуды і здзяйсняліся біблейныя прароцтвы.

Хайфа. Від на порт і Бахайскія сады

Хайфа. Від на порт і Бахайскія сады

Увогуле, біблейнай тэматыкай тут прасякнута само паветра. Немагчыма пера­даць адчуванні, якія ўзнікаюць, калі бачыш самы старажытны на зямлі 10-тысячагадовы горад Ерыхон, падзенне якога апісваецца ў Старым Запавеце. Ці трапляеш у Назарэт, дзе, паводле Новага Запавету, адбылося Звеставанне Марыі, праязджаеш Кану Галілейскую (дарэчы, як і Назарэт, сёння — цалкам арабскі горад), дзе Ісус стварыў першы цуд: падчас вяселля пераўтварыў ваду ў віно, спускаешся да возера Кінерэт (Галілейскага мора) у вёсцы апосталаў Капернаўм, дзе Пётр лавіў рыбу і спрабаваў хадзіць па вадзе… Не кажучы ўжо пра галавакружны Ерусалім з яго Сцяной плачу, Храмам Труны Гасподняй, Гефсіманскім садам, далінай Геены вогненнай, Елеонскай гарой, адкуль адбылося Усшэсце Хрыста…

Ерусалім

Ерусалім


Мультыкультурнасць ва ўмовах вайны

Але вернемся да сучаснай гісторыі. Афіцыйна дзяржава Ізраіль вядзе сваю гісторыю з 1948 года. І ўвесь гэты час, больш за 70 гадоў, яна існуе ў рэжыме перманентнай вайны з навакольнымі арабскімі дзяржавамі (апроч Егіпта і Іарданіі, з якімі быў заключаны мір) за тэрыторыю. Нягледзячы на гэта, мяне Ізраіль уразіў менавіта сваёй мультыкультурнасцю. Яўрэйскае насельніцтва тут складае 74%, 21% — арабы, і амаль 5% прыпадае на прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Сюды з’язджаюцца рэпатрыянты з усяго свету. Апроч іўрыту тут гучаць арабская, англійская, руская, французская мовы. Тое, што роўныя правы ў Ізраілі маюць усе этнічныя групы, незалежна ад веравызнання, — не проста дэкларатыўны пастулат. Гэта выконваецца на практыцы. Мячэці тут суседнічаюць з сінагогамі, яўрэйскія крамы — з арабскімі, мужчыны ў пейсах ходзяць побач з жанчынамі ў хіджабах. Турысты лёгка могуць трапляць з ізраільскага Ерусаліму ў палесцінскі Віфлеем, і на мяжы, хутчэй за ўсё, нават не правераць пашпарт. Што праўда, самім ізраільцянам уезд у Палесціну забаронены.

Ерусалім. Сцяна плачу

Ерусалім. Сцяна плачу


Пры гэтым нельга адмаўляць, што Ізраіль ледзь не штодня абменьваецца ракетнымі ўдарамі з Палесцінай, Ліванам, Сірыяй. Як кажуць ізраільцяне, нярэдка іх краіна дзейнічае «на апярэджанне». Складана даваць ацэнку гэтым дзеянням, калі дзяржаву ўвесь час атачаюць гарачыя кропкі, і армія заўсёды знаходзіцца ў рэжыме баявой гатоўнасці. Але хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на гэта, унутры самой краіны не адчуваецца ніякай варажнечы і небяспекі.

Тэль-Авіў

Тэль-Авіў


Эканоміка і бяспека

Не можа не ўражваць тое, што ва ўмовах адвечнага ваеннага канфлікту эканоміка Ізраіля з’яўляецца адной з самых моцных у свеце. Безумоўна, гэта дарагая краіна: кошты тут параўнальныя са скандынаўскімі. Да прыкладу, прыстойная кватэра ў Тэль-Авіве каштуе мільён долараў. Зрэшты, у іншых гарадах можна знайсці някепскае жытло і за 600–700 тысяч. Мінімальны месячны заробак у Ізраілі складае 1600 долараў. Калі наймальнік заплаціць работніку менш за гэтую суму, яму пагражае крымінальная адказнасць (зрэшты, нелегалам, якіх у краіну прыязджае досыць шмат, даводзіцца пагаджацца і на меншыя грошы). А, скажам, доктар у звычайнай гарадской паліклініцы зарабляе 11 тысяч долараў.

Што праўда, ізраільцяне вельмі шмат працуюць. А 5-ай гадзіне ранку людзі ў Тэль-Авіве ўжо едуць на працу, і вяртаюцца назад у сярэднім пасля 8 вечара. Але вось дзіва: на тварах месцічаў мы не заўважылі і ценю той адвечнай заклапочанасці і прыгнечанасці, уласцівай абліччам нашых суайчыннікаў. Наадварот, людзі тут вельмі адкрытыя, добразычлівыя, ва ўсім імкнуцца дапамагчы. Нават узброеныя ахоўнікі на вакзале і ў аэрапорце (сярод якіх, дарэчы, ледзь не большасць — маладыя сімпатычныя дзяўчаты) выглядаюць не суворымі робатападобнымі цэрберамі, а звычайнымі, прыязнымі асобамі. У такіх нават дагляд праходзіць прыемна, даю слова!

Каларытны арабскі горад Ака 

Каларытны арабскі горад Ака 

Дарэчы, наконт дагляду: Ізраіль вядомы сваімі ўзмоцненымі захадамі бяспекі, таму паказаць ахоўніку сумку і прайсці праз рамку на ўваходзе ў гандлёвы цэнтр тут — звычайная справа. Але, зноў жа, усё гэта адбываецца настолькі лёгка, што абсалютна не ўзнікае ўражання ваеннага становішча. Шчыра кажучы, начытаўшыся гісторый пра страшныя допыты і падрабязныя дагляды ў ізраільскім аэрапорце, я крыху хвалявалася. Але на справе ўсё абмежавалася стандартным наборам пытанняў «адкуль-куды-навошта». Асаблівая цікаўнасць да вас можа ўзнікнуць, калі вы ці вашы дакументы выклікаюць падазрэнні (напрыклад, у пашпарце стаяць візы арабскіх краін), альбо калі вы трапляеце ў пазаштатную сітуацыю. Так, пакідаючы Ізраіль, мы спазніліся здаць багаж у аэрапорце. Пасля праверкі сек’юрыці нашы рэчы ўсё ж прынялі, але па прылёце мы заўважылі, што чамадан мужа быў ускрыты, і ў ім знаходзілася паведамленне пра тое, што служба бяспекі аэрапорта правяла яго дадатковую праверку.

. Від на Тэль-Авіў з боку Яфы

. Від на Тэль-Авіў з боку Яфы


Зямля, што цячэ малаком і мёдам

Чым яшчэ ўражвае Ізраіль? Ды тым, што мясцовую пустыню здолелі літаральна пераўтварыць у аазіс. Тут існуюць кібуцы — сельскагаспадарчыя абшчыны, якія займаюцца вырошчваннем самай разнастайнай прадукцыі. Чаго толькі няма на тутэйшых плантацыях: аліўкі, фінікі, бананы, манга, папаі, памела, вінаград, клубніцы, бульба, памідоры, перцы, агуркі і яшчэ шмат пладоў, назваў якіх мы не ведаем. Апельсіны, мандарыны і лімоны растуць у дварах, як у нас яблыкі і грушы. Калі мы зайшлі ў супермаркет, дык проста аслупянелі: адзін толькі аддзел садавіны-гародніны па памерах займае больш, чым нашы сеткавыя крамы крокавай даступнасці.

 Так растуць лімоны

 Так растуць лімоны


Паўтаруся, усё гэтае багацце (дарэчы, вельмі смачнае — мы каштавалі) узрастае на бедных ападкавых пародах, а то і пасярод пустыні, з улікам рэдкасці (а то і поўнай адсутнасці) дажджоў і адпаведнага дэфіцыту вады! Пры гэтым ледзь не да кожнай травінкі не толькі ў кібуцах, але і ў гарадах падведзеныя трубачкі для паліву. Раней ізраільцяне карысталіся вадой з возера Кінерэт, а цяпер сталі апрасняць і марскую ваду. Для паліву ж выкарыстоўваюць ачышчаныя воды з каналізацыі.

Нягледзячы на тэхналагічнасць (гэты сектар у Ізраілі надзвычай моцны — прывітанне, ІТ-краіна!), лад жыцця ізраільцян вельмі традыцыйны. Пасля працы яны аддаюць перавагу хатнім сямейным вечарам, а не паходам па барах (хаця апошніх тут дастаткова). Сем’і тут звычайна шматдзетныя: больш за ўсіх нараджаюць арабы (8 дзяцей — норма), па трое-пяцёра дзяцей выхоўваюць яўрэі, а вось у хрысціян дэмаграфічная сітуацыя пагаршаецца. Асобна варта сказаць пра шабат: з заходу сонца ў пятніцу і да заходу ў суботу яўрэі апранаюць святочныя строі і святкуюць (пры гэтым да рэлігійных сябе адносяць толькі 2%). Большасць устаноў, крамаў, транспарту не працуе — турыстам трэба гэта ўлічваць.

Паўліны ў Ізраілі — як у нас галубы: на кожным кроку

Паўліны ў Ізраілі — як у нас галубы: на кожным кроку

Увогуле, у Ізраілі што ні дзень — то свята (а святкуюць тут шумна, весела, з песнямі і танцамі), а кожная справа суправаджаецца падзякай Богу. Можа быць таму яны выглядаюць шчаслівымі і знаходзяць сілы будаваць сваю краіну і штодня адстойваць яе незалежнасць.


Фота з архіву аўтаркі