Інтэграцыя па-бальшавіцку: як Масква спрабавала стварыць супольную дзяржаву
Сто гадоў таму, 27 лютага 1919 года, у Вільні была абвешчана Літоўска-Беларуская ССР. Пра марыянеткавую буферную квазідзяржаву, кароткае існаванне якой паказала, наколькі мала расійскія бальшавікі лічыліся з беларусамі і беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, піша Радыё Свабода.
«Літоўскі Ленін»
Тыя, хто заспелі савецкі Вільнюс, памятаюць, што ў гістарычным цэнтры сталіцы Літоўскай ССР, на плошчы побач з ратушай, узвышаўся помнік не Леніну (як у Мінску ды іншых сталіцах саюзных рэспублік), а Міцкявічусу-Капсукасу. (Бронзавы Ілліч у Вільні, вядома, таксама быў, але зводдаль ад гістарычнага цэнтру, на Лукішках). І галоўны ўніверсітэт у савецкай Літве насіў імя не Леніна, як у Мінску, а Міцкявічуса-Капсукаса. І калі які горад у Літве і быў перайменаваны ў гонар бальшавіцкага дзеяча, то гэтым дзеячам былі не Дзяржынскі і не Кіраў (як у Беларусі), а зноў жа Міцкявічус-Капсукас.
Памятаю, як адзін мой літоўскі калега з віленскай польскамоўнай газеты Czerwony Sztandar, які праводзіў для мяне экскурсію па старым горадзе, праходзячы паўз ратушную плошчу, паказаў на бронзавую статую.
— Гэта наш літоўскі Ленін,— сказаў ён іранічна.
А потым ужо сурʼёзна дадаў:
— Ён, вядома, быў і бальшавіком, але найперш — літоўцам.
Менавіта Вінцас Міцкявічус-Капсукас стаў кіраўніком (прэм'ер-міністрам і міністрам замежных спраў) Літоўска-Беларускай ССР, створанай 27 лютага 1919 года на загад Масквы. Напэўна, паўплывала тое, што літовец-бальшавік Капсукас быў вядомай асобай у тагачаснай РКП(б): шмат гадоў правёў на царскай катарзе і ў вымушанай эміграцыі, асабіста быў знаёмы з Леніным і Сталіным.
Гэта была дзіўная рэспубліка. Здавалася б, мінула ўсяго паўтара месяца, як была створана ССРБ, і тут — такая раптоўная і вокамгненная «інтэграцыя» з паўночнымі суседзямі аж да поўнай змены ўсіх дзяржаўных інстытуцый. Зразумела, што ні ў беларусаў, ні ў літоўцаў ніхто пра іхныя жаданні не пытаў: Маскве проста было важна стварыць буфер паміж РСФСР і толькі што паўсталай і варожа настроенай супраць бальшавізму Польшчай.
Ва ўрадзе ніводнага беларуса
Колькасна і тэрытарыяльна ў новай рэспубліцы пераважалі беларусы і беларускія землі. Але ніводзін з беларускіх нацыянальных дзеячаў у склад кіраўніцтва ўраду чамусьці не трапіў. Першага старшыню ўраду ССРБ Змітра Жылуновіча ў Літбеле не зрабілі нават народным камісарам. Працоўнымі мовамі ў рэспубліцы былі літоўская, руская і польская — на іх пісалі дакументы і выдавалі літаратуру. Ды і сама назва новай рэспублікі была ўтворана насуперак усім алфавітам (чамусьці менавіта «Літоўска-Беларуская», а не «Беларуска-Літоўская»).
Сучаснікі ўспаміналі, што Міцкявічус-Капсукас паспяхова супраціўляўся рэвалюцыйнаму тэрору, распаўсюджанаму ў той час на іншых тэрыторыях, дзе кіравалі бальшавікі, і ахвотна прыцягваў да працы ў камісарыятах літоўскую нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю, напрыклад удзельніка Літоўскай Тарыбы Басанавічуса ці пісьменніка і ксяндза Тумаса-Вайжгантаса.
Цяжка сказаць, як бы склалася далейшая гісторыя Літбела, калі б не імклівы наступ на ўсход польскіх легіёнаў. Ужо 8 красавіка палякі занялі Вільню, крыху пазней — Ліду, Наваградак, Баранавічы. Кіраўніцтва Літбелу пераехала ў Мінск, але неўзабаве (8 жніўня) Мінск таксама занялі польскія войскі.
Фактычна гісторыя Літоўска-Беларускай ССР на гэтым і скончылася, хоць дэ-юрэ яна яшчэ працягвала існаваць да ліпеня 1920 года. 12 ліпеня 1920 года савецкая Расія падпісвае з Літвой дамову, паводле якой перадае Літоўскай Рэспубліцы шэраг беларускіх тэрыторый уключна з Горадняй, Шчучынам, Ашмянай, Лідай, Смаргонямі, Паставамі... Паўднёвая мяжа Літвы з БССР згодна з гэтай дамовай павінна была пралегчы па Нёмане. Пры гэтым у беларусаў ніхто ні пра што не пытаўся: проста паставілі перад фактам. Ад Літвы Масква патрабавала ўзамен толькі нейтралітэту ў вайне з Польшчай і знішчэння на сваёй тэрыторыі «антысавецкіх арганізацый і груп», у тым ліку органаў БНР.
Пазней гэтая дамова была важным аргументам літоўскага боку пры вызначэнні ў 1939 годзе савецка-літоўскай мяжы і далучэнні да Літвы шэрагу новых тэрыторый, — пасля таго, як у выніку пакту Молатава — Рыбентропа Трэці рэйх і СССР падзялілі паміж сабой акупаваную Польшчу. Да межаў, вызначаных 12 ліпеня 1920-га ў Маскве, Літва, праўда, ужо не вярнулася, аднак ладны кавалак земляў, якімі да верасня 1939 года валодала Польшча, ад Савецкага Саюзу яна ўсё ж атрымала.
Што да першага і апошняга кіраўніка Літбелу Міцкявічуса-Капсукаса, то далейшы лёс яго і яго сямʼі склаўся драматычна. Жыў у Маскве, быў актыўным дзеячам Камінтэрну, рэдагаваў літоўскія камуністычныя газеты. У 1935 годзе ва ўзросце 54 гадоў раптоўна памёр у маскоўскім шпіталі. Яго жонку ў 1937-м арыштавалі і расстралялі за «трацкісцкую дзейнасць». Траіх малых дзяцей, якія засталіся сіротамі, выратавала цётка — інакш бы іх чакаў дзіцячы дом для дзяцей «ворагаў народу».
У лесе пад Друскенікамі, у адной кампаніі са Сталіным і Дзяржынскім
У сённяшняй Літве імя Міцкявічуса-Капсукаса амаль забыта. Горад Капсукас яшчэ ў 1989-м зноў стаў Марыямполем. Тады ж яго імя знікла з назвы Віленскага ўніверсітэту. Бронзавы Капсукас з цэнтру Вільні пераехаў у парк Грутас пад Друскенікамі, недалёка ад мяжы з Беларуссю — своеасаблівы музей таталітарнай скульптуры, дзе ён зноў апынуўся ў адной кампаніі з Леніным, Сталіным і Дзяржынскім, як калісьці.
У школьных падручніках і гістарычных атласах для літоўскіх дзяцей няма ані згадкі ні пра Літбел, ні пра кіраўнікоў гэтай рэспублікі. А вось у падручніках для беларускіх школьнікаў гэтая тэма засталася да сёння.
Калі азіраешся на не такую ўжо далёкую гісторыю савецкай Літвы і савецкай Беларусі і параўноўваеш асобы кампартыйных правадыроў у Вільні і Мінску, то немагчыма не заўважыць, як істотна адрозніваліся адны ад другіх, нягледзячы на нібыта адну ідэалогію і аднолькавыя функцыі. Так, літоўскія першыя сакратары таксама былі «прававернымі» камуністамі, але адначасова і літоўцамі, якія, як маглі, абаранялі перад Масквой свае нацыянальныя інтарэсы і каштоўнасці. Гэтая эстафета ў Літве паслядоўна перадавалася — ад Міцкявічуса-Капсукаса і аж да Альгірдаса Бразаўскаса, апошняга кіраўніка Кампартыі Літвы. Гэта пры яго лідарстве партыя падтрымала рух Літвы да незалежнасці, а сам ён — былы першы сакратар ЦК КПЛ — у 1993 годзе ў выніку ўсенароднага галасавання быў выбраны прэзідэнтам краіны, а потым, пасля першай кадэнцыі, добраахвотна адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы, каб саступіць дарогу маладым.
Дэмантаж помніка Міцкявічусу-Капсукасу ў 1990-м годзе
Цяжка ўявіць, каб падобным жа чынам у БССР склаўся лёс апошніх кіраўнікоў рэспублікі Яфрэма Сакалова ці Анатоля Малафеева. І менавіта таму, што дзеячамі партыйнымі яны былі, а вось нацыянальнымі беларускімі — ніколі.
Валянцін Жданко, Радыё Свабода