ЯК СПРАВЫ? Зорная сям’я Алесь і Вікторыя Лютычы
«Як справы?» — новая рубрыка «Новага Часу», назва якой гаворыць сама за сябе. Нашы сённяшнія суразмоўцы — незвычайная, нават зорная сям’я. Абодва вядомыя музыкі, абодва ляўшы. Алесь — лідар гуртоў «:B:N:» («Бяз Назвы») і «Lovestory», Віка — амаль адзіная жанчына-бубначка ў Беларусі, грае адразу ў трох рок-гуртах («:B:N:», «Akute» і «Lovestory»). А яшчэ Алесь і Віка рыхтуюцца стаць бацькамі.
— Такім чынам, як справы?
Алесь: — Справы добра. Калі зараз на працы пытаюцца па руску: «Как дела?» —то я адказваю: «Пока не родила!»
Віка: — Так. Зараз усё вакол гэтай падзеі. Імёны ўжо абралі, але пакуль іх называць не варта.
— Як вы пазнаёміліся?
Віка: — Летам 2014 года ён мне пачаў пісаць у Фэйсбук. Я ў той час адпачывала ў Чарнагорыі, а ён мне піша і піша. Прычым нешта кшталту «Як там надвор’е? Як цэны? У мяне сястра там адпачывала». А мы ж незнаёмыя яшчэ былі, і гэта неяк было дзіўна. У гатэлі дрэнна працаваў вай-фай і мне даводзілася выходзіць на калідор і лесвіцу паверха, каб адказаць. Я ж такая: калі пішуць, то трэба адказаць. Толькі адкажу, вярнуся ў нумар — блэмсь! Зноў паведамленне. Так і хадзіла.
Алесь: — Справа ў тым, што гурт «:B:N:» запрасілі на канцэрт у Віцебск, а ў тагачаснага бубнача на гэтую дату былі нейкія справы, і ён не меў магчымасці паехаць. Таму я пачаў шукаць яму замену на гэты дзень. І праз знаёмых знаёмых убачыў фота Вікі за барабанамі. Потым свежая фотка з Чарнагорыі. Ну, і вырашыў пачаць здалёк, з Чарнагорыі, дзе я таксама не так даўно быў з сябрамі. Увечары прыехаў з працы дадому, запаліў мангал, наліў піва, лёг у гамак і пачаў ёй пісаць. Ноч, мангал, зоркі па ўсім небе — прыгажосць!
Віка: — Ага, так! А я там скакала паміж нумарам і лесвіцай! Потым ужо на лесвіцы села, каб не скакаць лішні раз! Калі я вярнулася у Мінск, ён мне напісаў, што трэба сыграць канцэрт. Мне не вельмі хацелася пасля адпачынку, але я агучыла ганарар, за які была гатовая на гэты «подзвіг», Алесь згадзіўся — і я пачала «разбіраць» песні. Дамовіліся пра сумесную рэпетыцыю ў Мінску, таму што я і ўсе ўдзельнікі «:B:N:» з Мінска, а ён адзіны быў з Бярозы.
Алесь: — Але ж на гэтым гісторыя не скончылася. Напярэдадні рэпетыцыі ў майго стрыечнага брата было вяселле! Вы ж разумееце, усе маладыя, пасля вяселля пайшлі яшчэ гуляць, у мяне гітара... Дадому я вярнуўся а 5-й гадзіне раніцы, а цягнік на Мінск адыходзіў у 7:40. Карацей кажучы, я праспаў. Разлупіў вочы на гадзіну пазней і адразу кінуўся шукаць выйсце з сітуацыі. Дзве гадзіны да першай рэпетыцыі, а я яшчэ ў Бярозе! Знайшоў сябра з машынай, і мы літаральна паляцелі ў Мінск. «Злавілі» дзве камеры па дарозе, але паспелі! Пасля рэпетыцыі, калі ўжо спакойна ехалі ў Бярозу, я такі гавару сябру: «Добрая якая дзяўчынка!» А ён на мяне глянуў і пачаў рагатаць! Кажа: «Ага, добрая! Ты паглядзі, як у цябе вочы блішчаць! Усё зразумела з табой». А першы пацалунак быў у Віцебску пасля канцэрта».
— Так, гісторыя знаёмства незвычайная. А былі якія-небудзь дзіўныя здарэнні ці гісторыі ўжо калі вы былі разам?
Віка: — Ммм, ну, той факт, што Алесь ездзіў па 250 км толькі ў адзін бок дзеля таго, каб наўпрост пабачыцца, для мяне быў вельмі ўражлівы.
Алесь: — Я тады працаваў па графіку «дзень – ноч – два дні выхадныя» на «Бярозакераміцы» майстрам змены. І вось звычайна пасля змены ўвечары сядаў у машыну і ехаў у Мінск да Вікі, а пасля працоўнай ночы бег на цягнік — і таксама да яе».
Віка: — Так, пасля начной змены заўсёды прыязджаў. Я працую ў адным пакоі з вучнямі, а ў другім Алесь спіць пасля начной.
Алесь: — Пасплю дзень, пакуль Віка займаецца, а ўвечары хадзілі гуляць. Наступны дзень таксама разам, потым начным цягніком на Бярозу — і амаль з вакзала на працу. Так дзесьці паўгода прайшло. Потым абмеркавалі, што трэба нават разам жыць. А трэба яшчэ паведаміць, што я патрыёт Бярозы. Я заўсёды казаў, што я з Бярозы нікуды не паеду, я ўлюбёны ў гэты горад, там мае ўсё! Але я-такі звольніўся, не без прыгод, з завода і перабраўся ў Мінск. Тут з дапамогай сяброў вельмі пашанцавала з працай у краме музычных інструментаў. Вельмі добрыя калектыў і кіраўніцтва, ды і музычнае асяроддзе мяне заўсёды прываблівала. Так усё выдатна і склалася.
— Майстар з завода праз два дні ўжо працуе ў краме музычных інструментаў... Калі і як у тваім жыцці з’явілася музыка, захапленне ёй?
Алесь: — Калі мне было 7-8 гадоў і з кожнага праса гучаў «Ласковый Май», я маляваў невялікія карцінкі, як Юра Шатуноў грае на клавішных. Апроч таго я хадзіў у музычную школу. Год я граў на фартэпіяна, але мне паведамілі, што гэта не маё, і другі год я хадзіў на баян. У гэты час з’явілася футбольная секцыя, і амаль усе хлопцы, зразумела, пайшлі туды. І вось уявіце сабе: усе на футбол, а я — на баян! Было так крыўдна! Я пачаў філоніць... Іду на гэты баян, знаходжу лужыну і каленкамі туды — хоп! Потым дадому — і такі: «Мама, я трапіў у лужыну». Усё, на музыку спазніўся, а спартыўная зала была літаральна ў 150 метрах. Так музычная школа і знікла з гарызонту. А дзесьці ў сёмым класе хлопцы з двара пачалі граць на гітары. І я знайшоў дома старую гітару. Не наладжаная, нічога! Я пачаў падгледжваць, як хлопцы бяруць акорды, і дома спрабаваў сам. Ахвота была вялікая граць самому, і амаль праз паўгода я ўжо быў першым спеваком двара! «Машина Времени», «Чиж», «ДДТ» — на ўсе суседнія двары чуваць было».
— Ну, з табой зразумела. Віка, а як ты прыйшла да барабанаў?
Віка: — Напачатку я слухала ўсялякую папсу, кшталту «Backstreet Boys», але неяк убачыла відэа гурта «Hanson», дзе хлопец майго ўзросту грае на барабаннай устаноўцы, — і літаральна прапала. Год да таго я таксама хадзіла ў музычную школу на фартэпіяна. Але пасля гэтага — усё! Толькі барабаны! Я спампоўвала каталогі, праглядала іх, запамінала што да чаго. Нават з паперы рабіла макеты! А потым высветлілася, што муж матчынай знаёмай ці то граў калісьці на барабанах, ці што яшчэ, але ў яго быў стары хэт з сольнікам і ён яму быў непатрэбны. Зараз бачна, што і барабан такі таннейшы, і талеркі цяжкія, але тады гэта было шчасцем!
Тым часам я канчаткова зразумела, што барабаны — гэта на ўсё жыццё, але школу па класе фартэпіяна скончыла. Мама з татам, бачачы такое, знайшлі настаўніка. Два-тры разы на тыдзень пасля лiцэя я імчала да яго з велічэзным энтузіязмам! Праз паўгода на дзень нараджэння я атрымала сапраўдную устаноўку «Amati» з філармоніі, дамовілася з завучам школы аб тым, каб граць вечарамі, калі ўсе сыходзяць. І вось увечары там прыбіральшчыцы літаральна паміралі ад майго грукату! Зараз я вельмі ўдзячная ўсім, хто даў мне магчымасць развівацца ў гэтым напрамку.
— То-бок, ад сваякоў не было ніякага ціску ці незадавальнення — маўляў, трэба нейкай «карыснай» справай займацца, а не вось гэтым усім?
Віка: — Не, мяне вельмі рана «павяло» ў бок барабанаў. Да таго ж, у бацькі была вельмі вялікая калекцыя плытак, і музыка ў доме гучала заўсёды. Дарэчы, я сваю першую татуіроўку хадзіла рабіць з бацькам. Мне было дзесьці 15 гадоў, і мне адной яе наўпрост не зрабілі бы. І вось мы выходзім з метро і ён апошні раз пытаецца: «Дакладна хочаш? Не перадумала?» — «Не, не, канешне хачу!» — «Ну, тады пайшлі!» Дарэчы, досыць доўга я грала такі жорсткі метал — дэз, грайнд, — ну і нічога. З разуменнем да гэтага ставіліся. Са школы я ведала што мой шлях — гэта англійская мова ды музыка. Такі вось я гуманітарый.
Алесь: — Не, у меня бацькі па-іншаму да тату ставіліся. Маці ў мяне верніца і сцвярджае, што, якім цябе Бог стварыў, такім і павінен заставацца. У 2000 годзе нас з гуртом запрасілі на фэст у Гародні. З намі тады выступалі гурт «Тяни-Толкай», які ў той час граў панк і ўжывую, вядомыя «Gods Tower». Для нас, простых хлопцаў з Бярозы, гэта было вялікай падзеяй. Я тады вучыўся ў Брэсце на юрыста, і на дзень выступу быў прызначаны экзамен. Бацькі вельмі хацелі, каб я атрымаў юрыдычную адукацыю, але што я абраў — здагадацца лёгка. Думаў, ну, потым здам. Не здаў.
— Калі гаворка зайшла пра фэсты, то што вам больш даспадобы: буйны фэст і шмат удзельнікаў ці сольны канцэрт у клубе?
Віка: — Мне больш фэсты. Я фанат вялікіх оўпэн-эйраў, для мяне лета і паветра — кайф неверагодны! Хаця «сольнік» — таксама вельмі крутая падзея. Мы калі граем з «Akute» «сольнік» па паўтары-дзве гадзіны — гэта вельмі падобна да тэатру як па падрыхтоўцы зместу, так і па самым ходзе. На «сольнік» прыходзяць менавіта «на цябе» з вялікім настроем, і гэта адчуваецца. А на фэсце, калі ты выходзіш і граеш першых пару песен, то бывае адчуванне з таго боку кшталту «Хто гэта? Што гэта?». Але звычайна потым яно знікае і ўжо ловіш сапраўдны кайф ад выступу.
Алесь: — Так, я пагаджуся, што «сольнік» — больш інтымнае мерапрыемства, там больш сыходзіць часу на працу над дэталямі. І калі на «сольнік» прыходзіць нехта новы, то ён, як правіла, прыходзіць з кімсьці і гатовы да тваёй музыкі. А, граючы на фэсце, ты павінен «закахаць» у сваю музыку тых, хто пра цябе яшчэ 10 хвілін таму нічога не чуў.
— Новы праект «Lovestory» — што гэта?
Віка: — Гэта свайго роду эксперымент. Вось я граю ў «Akute» ў адным стылі, Алесь у «:B:N:» — у іншым. Мы разам слухаем шмат рознай музыкі, якая ў любым выпадку нешта пакідае недзе ўнутры. І неяк прыйшла думка пайсці ды разам «паджэміць». Мы проста граем тое, што нам хочацца граць зараз, нягледзячы на тое, што мы граем у сваіх гуртах.
Алесь: —Так, насамрэч не ўсё, што я пішу, можа пасаваць для «:B:N:». Таму мы і вырашылі зрабіць такі эксперымент. Тры песні мы презентавалі да Вікінага сыходу ў дэкрэт, яшчэ дзве запісаныя і 3-4 адрэпетаваныя. Матэрыял ёсць, і зараз мы чакаем вяртання Вікі за барабаны.
— Ці было нейкае складанае ці цяжкае жыццёвае рашэнне, якое прымалася вамі разам?
Віка: — Важныя былі, а каб ужо ну вось зусім складаныя альбо цяжкія — не. Мы вельмі добра разумеем адно аднаго. Як кажуць, «на адной хвалі», таму спрэчак няма. Мы даволі хутка знаходзім кампраміс.
Алесь: — Так. Зараз асабіста для мяне самае складанае — запісацца да стаматолага. Амаль месяц я толькі збіраюся запісацца.
— А як вы бачыце свой ідэальны дзень? Як бы вы правялі яго?
Алесь: — Спачатку зрабіў бы сняданак для каханай, потым паехалі парэпетавалі. Пасля гэтага можна заняцца нейкімі сваімі справамі, сустрэцца з сябрамі. Потым разам бы дзесьці паабедалі і паехалі зноўку трохі парэпетавалі. А ўжо ўвечары паехаць у клуб, адыграць канцэрт. Пасля б выпілі па бакале добрага віна — і дадому!
Віка: — Што? Дзве рэпетыцыі на дзень, ды яшчэ і канцэрт? Я не згодная. Ты энерджайзер! Што да мяне, то ідэальны дзень павінен быць адпачынкам. Зранку пайсці на мора купацца, потым паснедаць і з’ехаць на экскурсію па прыгожым-прыгожых мясцінах, а вось увечары, я згодная з табой, — бакал віна.
— Уявім сабе, што раптам кавід скончыўся. Што вы зробіце першым і чаго чакаеце?
Віка: — Адразу на канцэрт! Свой, не свой — не мае значэння. Я вельмі сумую па ўсіх гэтых эмоцыях, па стасунках.
Алесь: — А яшчэ вельмі цікава будзе паглядзець на міліцыянтаў без масак.