Як у канцы 20-х у Беларусі спрабавалі паставіць спектакль пра індзейцаў
Беларуская тэатральная сцэна яшчэ з часоў езуіцкага школьнага тэатра ведае пастаноўкі паводле экзатычнага амерыканскага матэрыялу. У 1928 годзе планавалі паказаць «Спеў аб Гаяваце».
Нярэдка падобныя відовішчы ўзнікалі як адказ на аналагічныя практыкі ў блізкіх краінах. Гэтаксама і спроба інсцэнізацыі «Спеву аб Гаяваце» рабілася па расійскіх слядах. Не рэалізаваная ў гатовы спектакль, яна, апроч іншага, уносіць рысы ў карціну беларусізацыі. Некаторыя дэталі пастаноўкі адлюстраваны ў лістах ад вядомых актрысы і мастацтвазнаўца… Пра гэта піша «Звязда».
На гастрольнай афішы БДТ-2 сярод работ, «якія тэатр мае паказаць на працягу бягучага сезона» 1927—1928 гг., называлася пастаноўка «Гаяваты» М. Агнёва. У 8-м нумары часопіса «Полымя» за 1928 г. у «Хроніцы беларускай культуры» паведамлялася, што пасля «некаторых перашкод» БДТ-2 «асталяваўся» ў Гомелі, дзе збіраецца прабыць да пачатку сакавіка наступнага года. Пералічваўся рэпертуар і п’есы, над якімі ішла работа: «Мяркуецца ў гэтым годзе скончыць таксама “Гаявату” Агнёва» (Мікалай Агнёў, сапраўднае прозвішча — Розанаў, рускі пісьменнік і педагог).
Факт работы над інсцэніроўкай паэмы Г. Лангфэла «Спеў аб Гаяваце» адзначаецца ў акадэмічнай «Гісторыі беларускага тэатра», дзе часткова тлумачыцца прычына таго, чаму спектакль не адбыўся. Малады калектыў з цікавасцю працаваў над «Гаяватай», але з-за канфліктаў паміж дырэкцыяй і мастацкім кіраўніком С. Хачатуравым апошні звольніўся з тэатра, і пастаноўка не была завершана: «Не ўсе яшчэ ў калектыве як след разумелі неабходнасць рашучых перамен у рэпертуарнай палітыцы і ў некаторых творчых прынцыпах. На дапамогу прыйшлі кіруючыя арганізацыі». Наркамасветы БССР прапаноўваў абнавіць рэпертуар сучаснымі п’есамі, «выкарыстаць» перакладны рэпертуар тэатраў РСФСР і УССР, замяніць мастацкага кіраўніка — каб той павёў калектыў «па шляху сапраўднага савецкага тэатра».
Стэфанія Станюта, 1920-я гг.
У спробе распрацоўкі гэтага эпізоду істотна дапамог мастацтвазнаўца Уладзімір Мальцаў. Гэта адзін з самых інфармацыйна канкрэтных з нашых рэспандэнтаў (не толькі ў пытанні пра «Гаявату»), хаця таварыства спачатку ўспрыняў або памылкова назваў у адказе на наш ліст як «індыйскае».
«Паважанае беларуска-індыйскае [так!] таварыства, у адказ на ваш ліст паведамляю:
“Гаявата” рэпетаваўся ў БДТ-2 у 1927 годзе пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка тэатра Сурэна Хачатурава. Спектакль не быў выпушчаны. У вядомых мне рэцэнзіях і інш. матэрыялах (у т.л. архіўных) падрабязных звестак аб рэпетыцыях гэтага спектакля, яго задуме, мастацкім рашэнні не змяшчаецца. З невялікага артыкула “Беларускі Другі дзяржаўны тэатр”, апублікаваным у зб. “Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва ў CCCP. 1917—1927. Выстаўка ў залах Акадэміі мастацтваў. Ленінград”, выпушчаным у 1927 г. у Ленінградзе камітэтам выстаўкі, можна атрымаць наступную інфармацыю: “Гаявата” — вопыт спектакля для моладзі, паст. — С. І. Хачатурава. Па замове БДТ-2 да п’есы напісаная музыка маскоўскім кампазітарам Шэншыным (стар. 332).
Былыя студыйцы, якія жывуць цяпер у Мінску, аб рэпетыцыях “Гаяваты” нічога не памятаюць. Іх хатнія тэлефоны: Бялінская Марыя Сяргееўна […]. Станюта Стэфанія Міхайлаўна […]. Шынко Лідзія Пятроўна […] п. Ждановічы, Мінская вобл. Інтэрнат персанальных пенсіянераў, корп. 3, кв. 13.
Многія пералічаныя вамі артысты праз 2—3 гады пасля заканчэння беларускай студыі ў Маскве пайшлі з тэатра і змянілі прафесію. Розны час на сцэне працавалі толькі: Сцяпан Скальскі (Віцебск, Мінск), жонка ягоная — Ірга Белая (актрыса БДТ-2, пераехала ў Амерыку), Сянько (Віцебск, жонка М. Міцкевіча), Віктар Тышкевіч (Мінск), Люба Гіпнер (Віцебск), Рагавенка (нейкі час сядзеў у турме за нацыяналізм, затым вярнуўся ў Віцебскі тэатр), Бялінскі (працаваў на эстрадзе, з’ехаў у Ленінград).
Са спектакля «Гаявата — правадыр іракезаў» Маскоўскага тэатра для дзяцей, каля 1923 г.
Усе яны, са слоў М. С. Бялінскай, ужо памерлі. За атрыманнем больш падрабязнай інфармацыі рэкамендую вам звярнуцца ў Віцебскі тэатр, а таксама прагледзець дадаткі (анатаваны паказальнік па персаналіях) у 3-х томнай Гісторыі Беларускага тэатра, выпушчанай ІМЭФ АН БССР у апошні час» (б/д, штэмпель 21.02.1990).
Адрасант закрануў адно істотнае пытанне — музыку. Вядома, што маскоўскі кампазітар ужо меў музыку да расійскай пастаноўкі «Гаявата, правадыр іракезаў» (каля 1923 г.). Аднак у публікацыі, якую цытуе Мальцаў, пішуць, нібыта музычнае суправаджэнне замаўлялі з Беларусі.
Згаданы ў лісце малавядомы музычны дзеяч Аляксандр Шэншын (1890—1944) заслугоўвае асобнай увагі — як удзельнік беларуска-індзейскіх сувязей: «У 1921—1925 гг. загадваў музычнай часткай Маскоўскага тэатра для дзяцей, а таксама з’яўляўся дырыжорам аркестра гэтага тэатра. Прыкладна ў той жа час працаваў у рэдакцыі часопіса “Современная музыка”. З 1922 да 1929 года выкладаў музычна-тэарэтычныя прадметы спачатку ў Маскоўскай кансерваторыі (1922—1924), затым — у Музычным тэхнікуме імя А. М. Скрабіна (1924—1929)».
Мы звярнуліся да актрыс Станюты і Бялінскай. Стэфанія Станюта ў 1990 г. ужо не памятала імёны выканаўцаў, рэжысёра і «ці быў пераклад» (яго зрабіў Міхайла Грамыка), але паведаміла, што паэму акцёры прачыталі і ёй дасталася роля Накоміс.
«Стэфанія Міхайлаўна!
Адважваемся звярнуцца да Вас па вельмі важным для нас пытанні. Былі б надзвычай удзячны за адказ, нават самы лаканічны.
Сутнасць справы можна раскрыць коратка: спроба інсцэнізацыі С. Хачатуравым і трупай БДТ-2 паэмы Г. Лангфела “Спеў аб Гаяваце” (“Гаявата”). Што б Вы маглі прыгадаць? Кожнае слова ўспамінаў сучасніка і, магчыма, непасрэднага ўдзельніка вельмі цікавае і каштоўнае для нас. Хто з артыстаў браў асабліва актыўны ўдзел у тым пачынанні?
БДТ-2, 1928 г.
Няхай не бянтэжыць Вас наша шчырае перакананне: калі б стаў магчымы беларускі спектакль з жыцця індзейцаў (або фільм-вестэрн), то, безумоўна,Вы цудоўна выканалі б ролю індыянкі.
Жадаем Вам здароўя і поспехаў у творчасці» (БІТ № 15, 18.01.1990 на адрас Тэатра імя Я. Купалы: Мінск, Энгельса, 7, у той жа дзень і туды ж быў і ліст да М. С. Бялінскай).
«Паважанае тавар[ыст]ва беларуска-індзейскай сувязі!
На жаль, нічога істотнага для вас я сказаць не магу адносна пастаноўкі ў тэатры Беларускім Дзяржаўным 2-гім спектакля “Песнь о Гайавате”. Помню, што паэму мы прачыталі. Паэма цудоўная. А вось хто павінен быў быць рэжысёрам, хто павінен быў выконваць, не помню. І ці быў пераклад? Помню толькі, што
я павінна была выконваць ролю Накоміс.
Шкадую, што не магу вам што-небудзь падказаць.
З павагай
С. Станюта [як роспіс]
—8/II 1990 г.» (заваротны адрас на канверце: Мінск, Тэатр Янкі Купалы).
Як бачым, хаця Стэфанія Міхайлаўна не лічыла, што можа дапамагчы і даць звесткі па сутнасці пытанняў, яна дала звесткі пра сваю ролю і прачытанне паэмы.
Адказу ад народнай артысткі БССР Марыі Сяргееўны Бялінскай (22.07.1906, Магілёў — 3.05.1990), якая памерла менш чым праз чатыры месяцы пасля ліста да яе, мы так і не атрымалі: «Даруйце, калі ласка, што турбуем Вас, але мы не ведаем, да каго з ветэранаў БДТ-2, акрамя Вас, С. М. Станюты і Л. П. Шынко, можна яшчэ звярнуцца па нашым пытанні. Напэўна, Ва памятаеце спробу інсцэнізацыі “Гаяваты” ў 1927-8 гг.? Ці не прымалі Вы ўдзел у гэтым пачынанні? Што Вы можаце прыгадаць пра яго?».
У цэлым можна канстатаваць, што ў гісторыі з «Гаяватай» на беларускай сцэне больш пытанняў, чым адказаў.