Як зрабіць Беларусь прыгожай. Апошняе інтэрв'ю Міхала Анемпадыстава

Гэтае інтэрв'ю з Міхалам Анемпадыставым для svaboda.org было запісана некалькі тыдняў таму. Меркавалася, што яно будзе апублікавана напрыканцы студзеня — Міхал павінен быў выбраць некалькі сваіх ілюстрацый.

646cd743_9eb4_4676_8aad_46ec378ab9d6_cx0_cy22_cw0_w1023_r1_s.jpg


Што стварае хараство ў прасторы вакол нас? Колеры, будынкі, прырода ці нейкія іншыя дэталі? Як зрабіць гэтую прастору прыгожай, утульнай і зручнай? Раіць мастак Міхал Анемпадыстаў.

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога


Традыцыя беларускага хараства

У беларусаў традыцыі дзве: вясковая і шляхецкая. Народная культура была перадусім вельмі функцыянальная. Гэтым яна нагадвае прынцыпы, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным дызайне. Бо дызайн мусіць быць найперш функцыянальны і зручны, недарагі, з даступных матэрыялаў. Народная культура вельмі дызайнерская. У ёй выкарыстоўваюцца дрэва, камень, а пазней цэгла.
У шляхецкай культуры ўсё залежала ад заможнасці шляхты. У магнатэрыі было перайманне цалкам еўрапейскай традыцыі. Калі прыходзіла барока, то пераймалася барока. Потым ракако і так далей. Цікава, што агульнаеўрапейскія трэнды адаптоўваліся на нашай глебе і набывалі пэўныя лакальныя адметнасці. Лепш за ўсё гэта відаць на прыкладзе традыцыйнай шляхецкай сядзібы ХІХ ст. Гэта сціплы дамок з ганкам, калонамі, з трохкутным класічным порцікам над уваходам. Гэта мясцовае пераасэнсаванне архітэктуры класіцызму. У нас ён перайшоў у дрэва і набыў дасяжныя для рэалізацыі формы. І стаў эталонам шляхецкага раману.
Традыцыйная культура дашліфоўвалася стагоддзямі і таму вартая ўвагі. У ёй высокая эстэтычная каштоўнасць.


Гісторыя беларускага кічу

069f1a5d_b59d_4c29_a9b2_c40abba882d8_w650_r0_s.jpg


Змены пачаліся тады, калі адбылося руйнаванне традыцыйнага ладу жыцця. Ён знік падчас Першай сусветнай вайны. Гэта звязана з масавымі ўцёкамі, рэвалюцыяй і знішчэннем патрыярхальнага ладу. Калі лад разбурыўся, то і гэтая культура знікла. Яна перастала сама сябе паўтараць.
У Еўропе традыцыйныя формы пераймалі эліты. Яны спрабавалі перанесці іх на тагачасны сучасны лад жыцця. Узнікала пераасэнсаванне. А ў СССР ніхто гэтым не займаўся. Традыцыйны лад павінен быў стаць гісторыяй. І сялянства ў выніку пачало эксперымэнтаваць. Пачалі з'яўляцца формы, якія мы сёння называем кічам. Яны станавіліся новым канонам народнага мастацтва.
У афіцыйным горадабудаўніцтве адбываліся іншыя працэсы, абсалютна не звязаныя. Пошукі савецкіх канструктывістаў у 1920-я гады, мінімалісцкі стыль. У той час былі шчыльныя кантакты з еўрапейскай архітэктурнай школай. Вядома, што людзі, якія працавалі ў Bauhaus, працавалі і ў СССР, і шмат што пабудавалі ў 1930-я. Шмат што, распрацаванае імі, рэалізоўвалася і пасля вайны, напрыклад, нашыя мікрараёны. І цяпер яны рэалізуюцца, але ўжо ў меншай ступені.

Колеры

150ec9f7_854e_4555_b096_a68fb6dbaca3_cx1_cy22_cw99_w650_r1_s.jpg


​Каларыстыка — гэта адзін са складнікаў таго, што мы бачым. Яе няправільна вырываць з кантэксту архітэктуры і гарадскога асяроддзя. Праблема не ў самой каларыстыцы. Кепска арганізаваную прастору, няўтульную, некамфортную, ня выратуе ніякі колер. Штучная прастора, у якой жыве чалавек, — гэта цэльны аб’ект. Там усё звязана, кожны элемэнт мае значэнне, у тым ліку і колеры. Некарэктна параўноўваць каларыстыку Мінску і Вільні, маючы такую розную прастору і яе якасць.
У нашай традыцыйнай культуры колеры будынкаў і матэрыялаў натуральныя, яны не фарбаваныя. Фарбы для дрэва з'явіліся толькі ў ХІХ стагоддзі, а даступнымі сталі ў ХХ. Традыцыйнае беларускае жытло не фарбавалася. Яно было колеру натуральнага дрэва, якое з цягам часу цямнела, шарэла. Адпаведна беларускае традыцыйнае жытло — натуральных шэрых колераў.
Калі мы возьмем нашыя пяціпавярховыя хрушчоўкі і пафарбуем іх у самы ўдалы колер і пакінем па-за ўвагай тэрыторыю двароў, азеляненне і іншыя дэталі, то наўрад ці нешта кардынальна зменіцца. Гэта будуць проста ярка пафарбаваныя дамы, хай сабе і гарманічна, у непрыемнай прасторы. Колеры архітэктуры ня могуць быць самі па сабе прыгожыя — без уліку таго, што навокал.
Ёсць напрацоўкі рэкамэндаваных фасадных колераў. Вельмі шмат гэта робіцца ў Швецыі, Даніі і Нямеччыне, у краінах з блізкім да нас кліматам. Ёсць канкрэтныя колеры, правераныя зменамі пораў году, як яны выглядаюць узімку, улетку, увесну і ўвосень. Трэба ўзяць і накласці на нас. Гэта самы просты спосаб, калі казаць пра архітэктуру вялікіх памераў.
У выпадку мястэчак і вёсак самы архаічны колер — шэры. Ёсць шмат сучасных матэрыялаў, які надаюць дрэву новы колер. Цёмна-брунатны, ажно да чорнага колеру. Драўляны дом, асабліва ўзімку, проста выдатна выглядае ў такой каларыстыцы. У Беларусі фарбавалі разведзеным з вадою попелам — лугам. Гэта так і называлася — лугаванне. Яно выбельвала. Фарбавалі вапнай таксама.
Любоў да пэўных колераў не закладзеная ў характар народу. Гэта не нешта ментальнае. Гэта культурны набытак або традыцыя. У беларусаў гэта таксама культура.

Дрэвы

Для нашых шыротаў азеляненне вельмі важнае. Бяз дрэваў нават самыя прыгожыя колеры будуць глядзецца абы-як у пустой прасторы. Азеляненне і наяўнасць дрэваў, кустоўя, гэта адзін з неабходных элемэнтаў.
Дрэва, як вядома, вырастае не хутка. Але ж дызайн — гэта працэс. Ён расцягнуты на гады, і гэта трэба разумець. Любыя змены краявіду псуюць яго надоўга. Таму, калі мы спілоўваем дрэвы, то павінны разумець, што, пакуль ня вырастуць новыя, то нічога цікавага не адбудзецца. Калі будуецца брыдкі будынак, і ня там, дзе трэба, то ён таксама застаецца на гады ў гэтай прасторы. Яго нікуды асабліва не прыбярэш. Таму падыход да гораду, да месца, дзе мы жывём, павінен быць вельмі прадуманым. Усё павінна рабіцца з аглядкай на тое, як гэта будзе выглядаць: ці будзе гэта гарманічная прастора, ці проста месца для жытла.


Дах

f53f8775_cd63_40a9_bfa0_fd42df9ad500_w650_r1_s.jpg


Вялікае значэнне мае дах і ягоны колер. З усіх матэрыялаў, якія ў нас існавалі, даступнай была гонта. У Мінску 80% будынкаў былі крытыя гонтай, якая мае шэры колер са срэбным адценнем. Была цэментная шэрая дахоўка і шыферная дахоўка. Апошняя была не хвалістая, а па форме класічнай дахоўкі. Класіцызм у канцы ХVІІ ст. пачаў выкарыстоўваць бляху. Металічная бляха выкарыстоўвалася на афіцыйных будынках і сакральных.
У візуальным абліччы шыферу я нічога ня бачу. Гэта нейтральны шэры матэрыял. Ён не выбіваецца з беларускай прыроды. Іншае пытанне, што ён шкодны для здароўя. Я, напрыклад, стандартызаваў бы колеры, якімі фарбуюць мэталачарапіцу. Гэта вельмі важна. Будынкі могуць быць і ідэальная пафарбаваныя, а дахі жахлівыя. Напрыклад, вішнёвы. А чаму ён вішнёвы, абсалютна незразумела.
У нас кожная фірма, якая вырабляе металічную дахоўку, сама падбірае колер. Я ўпэўнены, што яны не правяраюць, як ён выглядае ў асяроддзі. Былі пігменты — замяшалі і прадаюць. А яно ж потым фармуе аблічча гораду. Таму павінна быць нармаванне. А ў нас варта было б увесці правіла, што колеры металачарапіцы павінны адпавядаць рэгіянальнай традыцыі.


Шкло

Шкло і шкло, падфарбаванае рознымі адценнямі, — гэта адно з самых прыдатных рашэнняў для сучаснай архітэктуры. У гэтым шкле як мінімум адбіваюцца неба і асвятленне. Коштам гэтага яны спалучаюцца з навакольным асяроддзем і не вытыркаюцца з яго.
Шкло — гэта ўдалы матэрыял для сучаснай архітэктуры. Ёсьць радыкальныя варыянты, як чорнае шкло. Гэта нетыпова для архітэктуры. Але мне гэта падабаецца. Яно надае пэўную скульптурнасць архітэктуры. Сучасныя хмарачосы ўсё часцей пачынаюць нагадваць не архітэктурныя аб’екты, а абстрактна-скульптурныя формы. Кампутары дазваляюць пабудаваць усё што заўгодна, любую форму. І чорны колер да гэтых формаў пасуе.


Дэталі, якія ствараюць прыгажосць

Пасляваеннае будаўніцтва ставіла за мэту даць людзям жыллё, а эстэтычныя пытанні адыходзілі на далёкі план. А калі яны не былі сярод мэтаў, то ўзнікла і адпаведная прастора.
Ня важна, як выглядаюць самі будынкі. Важна, як арганізаваны гэты працэс. Мае значэнне сама тэрыторыя. Як яна падзеленая будынкамі. Ці гэтыя будынкі занадта блізка, ці занадта далёка. Ці яны адбудоўваюць нейкую франтальную пазіцыю, ці яны ўтвараюць прыступку. Гэта складная архітэктурная задача. Далей важна, як пракладзеныя дарожкі. Важна, якія матэрыялы выкарыстоўваюцца на ходніках. Дзе стаяць трансфарматарныя будкі. Ці яны навідавоку, пасярод двара, ствараюць дамінанту. Дзе стаяць пляцоўкі дзіцячыя. Ці ёсць лавы, якія гэта лавы, ці яны зліваюцца з навакольным асяроддзем, ці ўтвараюць з ім гарманічную прастору.
У нас найчасцей сама прастора непрадуманая. Дарожкі пракладзеныя ня там, дзе зручна людзям. Будка стаіць ня там, дзе варта яе было б паставіць. Сметніца стаіць пад вокнамі. Каб гэта нейкім чынам нейтралізаваць, ставіцца лава, пафарбаваная ў фіялетавы колер. Тут акцэнт, там акцэнт. У выніку мноства гэтых плямаў, і глядзіш: нібыта ўсё і каляровае, але ў выніку здаецца шэрым.

Бурыць ці не бурыць?

069f1a5d_b59d_4c29_a9b2_c40abba882d8_w650_r0_s.jpg


Бурыць — гэта надта радыкальны мэтад горадабудаўніцтва. Архітэктура павінна ўмець упісацца ў тую прастору, якая ўжо ёсць. Гэта акурат паказнік добрай архітэктуры, калі яна ўлічвае ўжо тое, што існуе, і ўваходзіць у прастору новым аб’ектам, не разбураючы, а дапаўняючы яго.
Варта было б захаваць мікрараёны 60-х з хрушчоўкамі. Пытанне толькі, наколькі тэхнічна яны здольныя эксплуатавацца. Заўсёды ў такіх пытаннях павінен быць асаблівы падыход. Тут проста няма ўніверсальных рэцэптаў. Часта раёны добра збудаваныя, але іх псуе неарганізаваная чалавечая ініцыятыва ў выглядзе зашклёных балконаў, якія хто як умее, так і робіць. А архітэктура — гэта супольная прастора.
У Еўропе на гэты конт вельмі жорсткія законы, і яны выконваюцца. Цывілізаваны падыход — гэта абмежаванні. Калі нешта прадумваецца комплексна, то так і павінна быць.