Ян Баршчэўскі — стваральнік тутэйшай готыкі
Кніга, якая ў прынцыпе спадабалася тады многім: і расейцам, і палякам, да беларускага чытача ішла вельмі доўга. Ва ўласна беларускі кантэкст Баршчэўскі вярнуўся толькі ўжо ў паваенны час дзякуючы дбанням Уладзіміра Караткевіча.
У гэты дзень, 12 сакавіка 1851 года, пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік і фалькларыст Ян Баршчэўскі. У дзень памяці аднаго са стваральнікаў містычнага кірунку ў беларускай літаратуры «Будзьма» спрабуе расчытаць яго самы вядомы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» па-новаму.
Дакладнай даты нараджэння Яна Баршчэўскага мы не ведаем. Даследчыкі называюць як мінімум 4, кожная з якіх мае сваё права на існаванне. У любым разе ён з’явіўся на свет хутчэй за ўсё ў фальварку Мурагі на Полаччыне. Бацька паходзіў са збяднелай мясцовай шляхты і, верагодна, быў уніяцкім святаром.
Такая таямнічасць у біяграфіі менавіта гэтага пісьменніка дадае хіба што асаблівай пікантнасці, асабліва з улікам таго, што ён пісаў у дарослым веку. Прагалы ў жыццяпісе стаюць хутчэй плюсам, чым мінусам, бо і сам Баршчэўскі быў паводле лёсу чалавекам нетыповым.
Вучыўся ў Полацкім езуiцкiм калегiуме, які быў на той момант цэнтрам культурніцкага жыцця ў рэгіёне. Там хутчэй за ўсё і захапіўся літаратурнай справай — дакладна вядома, што ў гады навучання ўзяўся складаць вершы, за што нават атрымаў адпаведную мянушку — Вершапiсец. Творы той пары зроблены ў добрай стылізацыі пад народныя песні, таму многія доўгі час думалі, што гэта ўзоры фальклору, а не аўтарскія творы.
У 1817 годзе Ян Баршчэўскі перабраўся ў Санкт-Пецярбург, дзе ўладкаваўся на працу ў марское ведамства. Гэта дазволіла яму пабачыць блізкі і далёкі свет — пабываць у Францыі, Англіі, Фінляндыі. Але ў хуткім часе пісьменнік кінуў службу і пачаў займацца выкладаннем лацінскай і старажытнагрэцкай моў. У вольны час малады Баршчэўскі шмат вандраваў па родных мясцінах — у ваколіцах возера Няшчэрда.
Цікавіцца побытам беларусаў Баршчэўскі пачаў у вельмі маладым узросце. А ў час гэтых сваіх вандровак ён збірае фальклор і запісвае цікавыя гісторыі. Гэта ідэальна кладзецца на тую сітуацыю, якая на той час пануе ў Еўропе, бо цікавасць да жыцця простых людзей была ў той момант даволі вялікай і цалкам вытлумачальнай.
Рэч у тым, што яшчэ з канца 18 стагоддзя ў Еўропе пачалі афармляцца нацыі ў сучасным разуменні. І асновай нацый пасля перамогі Вялікай французскай рэвалюцыі ў 1789 годзе зрабілася не знаць або арыстакратыя, не кароль з яго світай, а просты народ. Самыя звычайныя людзі, які мелі адчуць пэўную лучнасць між сабой. Адпаведна і вобразам нацыянальных супольнасцяў зрабіўся звычайны чалавек. А адбываліся гэтыя працэсы ў тым ліку і дзякуючы літаратуры.
Раней прадстаўнікі знаці імкнуліся адасобіцца ад «простых людзей», прыдумляючы сабе элітарнае паходжанне. У Рэчы Паспалітай такой ідэяй у свой час быў сарматызм, а да гэтага ў летапісах Вялікага Княства Літоўскага сцвярджалася аб тым, што літоўскія ўладары вядуць сваё паходжанне ад рымскіх патрыцыяў, якім давялося бегчы з вечнага горада. Логіка тут была зразумелая: заможнаму арыстакрату хацелася мець і адпаведную біяграфію, знатны радавод, каб нічога не нагадвала аб тым, што ён можа быць з селянінам адной крыві.
У часы Баршчэўскага сітуацыя была ўжо дыяметральна супрацьлеглая. Адукаваныя людзі пачынаюць масава займацца вывучэннем усяго, што хоць бы неяк звязана з мінулым роднага краю. А гэта і казкі, і паданні, і легенды, і павер’і. Дадамо сюды яшчэ і цікавасць да археалогіі, нумізматыкі і ўсяго што хоць бы неяк тычыцца гісторыі, каб карціна была поўнай.
На першы погляд, занятак такі можа падацца бессэнсоўным — ну казкі і казкі, або песні. Для чаго іх збіраць? Але насамрэч тут ёсць важны момант — акурат усе гэтыя рэчы і фармуюць нацыю, а не пафасныя гімны, хваласпевы ці пракламацыі. Кажуць, што Беларусь стварылі паэты. Гэта сцверджанне адначасова і слушнае, і не. Бо наша краіна абсалютна не ўнікальная ў гэтым плане — нічым не горшая за Францыю ці Германію. Хіба, можа, культура не такая раскручаная і разрэкламаваная.
Ствараючы свой самы знакаміты твор, Баршчэўскі прыдумляе абсалютна ўніверсальную гісторыю, якая будзе зразумелай кожнаму. Жыве такі сабе шляхціч Завальня, якія прымае ў сваім доме ўсіх вандроўнікаў. Здарожаным людзям ён дае дзе пераночыць, корміць вячэрай, але грошай за гэта не бярэ. А просіць у якасці платы распавесці нейкую дзівосную гісторыю. У выніку мы маем цэлы калейдаскоп містычных гісторый, расказаных звычайнымі людзьмі з рознымі лёсамі і характарамі.
Але містыка ў тых гісторыях фігуруе не толькі, каб нагнаць страху. Тым больш — гэта і не чыста аўтарская прыдумка, як можа падацца на першы погляд. Там прысутнічае глыбокая повязь з народнымі традыцыямі.
Твор Баршчэўскага, які выдаваўся ў 1844-1846 гадах асобнымі кнігамі ў Санкт-Пецярбургу, называецца «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Але пры гэтым варта разумець, што ў гэтым зборніку пад назвай «Беларусь» Баршчэўскі мае на ўвазе ў першую чаргу Полацкі, Невельскі і Себежскі паветы, а не ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. І хаця гісторыі і былі напісаны на польскай мове, якая тады была распаўсюджанай сярод шляхты, кантэкст у іх выключна тутэйшы, беларускі.
Яно і зразумела, бо дзеячы той пары імкнуліся паказаць адасобленасць земляў былога Вялікага Княства Літоўскага і ад Польшчы, і ад Расіі. А народная традыцыя ў гэтым плане лепшы доказ таго, што і мы маем нешта сваё. Бо ўласная культура — тое самае, што і ўласнае аблічча, якое калі і мае падабенства, дык адно з продкамі. І ў такім разе не так істотна, якое ў цябе падданства і кім ты выхаваны паводле адукацыі, важна, кім пачуваешся ты сам.
Кніга займела шырокі рэзананс яшчэ да таго, як пабачыла свет. Але адбылося дзіўнае, хаця і цалкам сабе лагічнае: польская літаратурная крытыка спрабавала адшукаць у тых апавяданнях нешта сваё, што ўкладалася б у схемы калі не ўласна польскія, дык як мінімум Рэчы Паспалітай.
Аднак у творах з выразнай рэгіянальнай спецыфікай, нават па беларускіх мерках, нічога такога не было. Пэўна, таму «Завальню» Баршчэўскага і нельга аднесці да ўласна польскай літаратуры, хаця яна і пісалася на польскай мове. Адна гісторыя з вужыным каралём чаго вартая: яна на міфалагічным узроўні лучыць нас з літоўцамі.
Кніга, якая ў прынцыпе спадабалася тады многім: і расейцам, і палякам, да беларускага чытача ішла вельмі доўга. Ва ўласна беларускі кантэкст Баршчэўскі вярнуўся толькі ўжо ў паваенны час дзякуючы дбанням Уладзіміра Караткевіча. Цяпер цяжка сабе ўявіць беларускую літаратуру без гэтага твора, бо ён з’яўляецца падставовым і абавязковым для прачытання. Гэта не проста набор гатычных гісторый, якія добра пагартаць познім вечарам, седзячы ля каміна. Гэта добры ўзор літаратуры нацыянальнай — якая дазваляе людзям пазнавацца ў шырокім свеце, адчуваючы сваё месца.
Скончыў свой жыццёвы шлях Ян Баршчэўскі ў характэрнай манеры: апошнія гады ён жыў у Чуднаве, што ва Украіне. Там і памёр. У 2019 годзе нечакана было адшукана ягонае надмагілле. Сімвалічна, што адбылося гэта ў адзін год з тым, калі ў Вільні праявіліся рэшткі паўстанцаў 1863 года.
Л. Г., budzma.org