Віктар Казько: «Усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ!»

Настальгія — гэта наша нацыянальная хвароба. Родная зямля так проста беларуса не адпускае, пра гэта распавёў Міхасю Скоблу пісьменнік Віктар Казько на старонках «Народнай Волі».

_horad___bczb_kvetki___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

«Не магу маўчаць!» — гэты талстоўскі выраз апошнім часам успамінаецца мне ўсё часцей. Бо маўчаць сапраўды немагчыма, калі пад грымоты вайны ў суседняй краіне ў Беларусі поўным ходам ідзе паляванне на іншадумцаў, калі на кожную лыжку праўды дзяржаўная прапаганда выплюхвае сем бочак хлусні. Праўдзівага слова як ніколі не хапае. Але, на жаль, не вельмі і чуваць сёння галасы беларускіх пісьменнікаў. Адны ў зацішным замежжы, другія — у айчынных турмах, трэція, відаць, мяркуюць, што яны не Талстыя, дык што ўжо там рыпацца…

У спадзеве пачуць сумленную ацэнку таго, што адбываецца ў краіне,  пазваніў Віктару Казько. Тым больш надарылася добрая нагода — нядаўна яго ўзнагародзілі прэміяй «Залаты апостраф».

 — Віктар Апанасавіч, прэміямі вы не абдзелены — маеце і Дзяржаўную прэмію Беларусі, і прэмію Гедройца. З якім пачуццём прынялі «Залаты апостраф»? Ці не пазнавата ён да вас дайшоў?

Дык да нас усё позна даходзіць, мы ж позні народ (смяецца). Цяпер я рэдка выходжу з хаты — з жонкай няшчасце, пазваночнік пашкодзіла, і ў самога ногі ледзь ходзяць. Вось дзякуючы нагодзе выйшаў у свет, паглядзеў на маладыя твары, пасядзелі, пагаварылі. І згадаўся Ніл Гілевіч, калі яшчэ ў савецкі час атрымаў ордэн Дружбы народаў. Я яго віншую, а ён (відаць, чакаў нечага большага), сказаў: «Спатрэбіцца і гэты ардэнок». Падобным чынам выказаўся і нядаўна памерлы Аляксей Дудараў пасля атрымання прэміі гэтак званай «саюзнай дзяржавы», маўляў, любая прэмія не лішняя.

— Ну, «Залаты апостраф» можна разглядаць як прызнанне з боку маладзейшага пакалення ў літаратуры. Хіба гэта не прыемна?

Прыемна. З другога боку, адчуванне сябе вялікім і ўсімі прызнаным — нармальная з’ява да гадоў трыццаці. А пасля гэта больш падобна на нейкую вар'ятню… Асабліва ў наш час, калі знішчаецца сама беларуская літаратура. У мяне часам адчуванне, што яе ўжо няма, што яна скончылася з Быкавым, з Брылём. Цяпер мы ўсе жывём без адчування будучыні, спрабуем жыць як набяжыць. Жыццё праходзіць міма, мы застаёмся па-за ім. Помніш, у мележаўскім “Подыху навальніцы” мільгае такі палескі дыялог: «Ці за Гомлем людзі е?» — «Е, але дробненькіе». І вось гэтыя «дробненькіе», але з вялікімі амбіцыямі людзі, сёння вырашаюць, каму жыць, а каго прыдушыць. Пуцін нішчыць Украіну ракетамі, але ён вынішчае і Расію, яе інтэлект, растоптвае рускага чалавека гэтак жа, як у Беларусі ўжо амаль растапталі беларуса. Вялікая памылка была, калі не зрабілі суда над камуністычнай партыяй і Лубянкай. А іх варта было судзіць — за ГУЛАГ, за свядомае знішчэнне мільёнаў людзей, за арганізаваныя галадаморы, за ўсё.

— Каб такі суд адбыўся, прыход Пуціна ў Крэмль быў бы немагчымы.

Пра гэта я і кажу. А так маем тое, што маем. Крэмль марыць аб адной шостай зямной сушы, аб аднаўленні імперыі. А гэта аднаўленне немагчыма без Казахстана, Украіны і Беларусі. Пачалі з «вяртання» Украіны, а потым можа дайсці справа і да нас. Так, Еўропа і ЗША дапамагаюць украінцам. Але неяк з аглядкай, абмяжоўваючы пастаўкі пэўных тыпаў зброі, цыркаюцца. І цырканне гэта можа закончыцца кепска. Дапамога патрэбна самая эфектыўная і адразу. І ўсё ж, я перакананы, Украіна пераможа, яна вызваліць свае тэрыторыі. У пэўным сэнсе яна ўжо перамагла, паказаўшы ўсяму свету нязломны ўкраінскі дух, паставіўшы ўкраінскі народ на п'едэстал усясветнай павагі. Што да Расіі, то яна адна, без кааліцыі, не выйграла ніводнай вайны — згадайце вайну з Японіяй 1905 года, ці вайну ў Афганістане…

— Дык Беларусь сама лезе ў тую кааліцыю, хоць у артыкуле 18 Канстытуцыі сказана адназначна: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў».

Я ўжо не веру ніякім канстытуцыям, ніякім словам, якія гучаць з высокіх трыбун. Таму што за імі няма праўды! Да таго ж, у нас «не да законаў». І таму ўлада робіць, што хоча. Клянецца суверэнітэтам, і ў той жа час з беларускай зямлі ва Украіну ляцелі ракеты, на беларускіх аэрадромах базуюцца расійскія ваенныя самалёты, на нашых палігонах праходзяць навучанне расійскія вайскоўцы…

— У гэтым вінаваты тыя, хто пры ўладзе, ці ўвесь народ? Як вы ставіцеся да калектыўнай адказнасці?

Калі тут базы расійскія, то хіба мы не вінаваты? Так, гэта калектыўная адказнасць. Прычым, перад усім светам. Адказнасць і — бездапаможнасць. Што я сёння магу зрабіць? Толькі плявацца. Выйсці на пратэст сілаў у мяне ўжо няма. У мяне ёсць толькі магчымасць ахвяраваць сваім жыццём. І калі будзе патрэбна — што ж тут зробіш… Як ніколі я адчуваю духоўную параднёнасць з украінцамі, і гэта ўжо да канца.


— Ведаю, што вы ў свой час былі ў Кітаі. Якой можа быць яго роля ў расійска-ўкраінскай вайне?

Кітайцы — вельмі хітрая нацыя. Думаю, ад гэтай вайны найбольш выйграé Кітай. Не, кітайцы не пойдуць і не захопяць расійскі Далёкі Усход. Будзе ціхая экспансія, ужо цяпер там жывуць і працуюць мільёны кітайцаў. А яны працавітыя, як мурашкі. Будучы ў Кітаі, я бачыў, як будуецца Пекін, як кітайцы кошыкамі насілі цэглу на дваццаты паверх. У звычайнага кітайца — шматок зямлі, але ў яго там і ставок з крэветкамі, і садок. Гэта толькі мы, беларусы, жадаем забагацець адразу. Павесілі сабе на шыю мільярды расійскага доўгу за Астравецкую АЭС, а яна да сённяшняга дня не запрацавала на поўную магутнасць…

— Нашы суседзі адгароджваюцца ад Беларусі жалезабетоннымі платамі, Украіна — двухкіламетровым мінным полем. Раней такое і ў страшным сне не магло прысніцца.

А што нашым суседзям рабіць? Усе ж помняць, як бессаромна Беларусь за грошы спрыяла мігрантам, якія як вошы паўзлі праз мяжу ў тую ж Польшчу. Вось і маем вынікі. Расія і Беларусь сёння ва ўсім цывілізаваным свеце ізгоі. А што пра ўкраінцаў ці пра тых жа палякаў гаворыцца на Беларускім тэлебачанні? Ці ж можна спакойна слухаць Азаронка? Я проста не магу, адразу выключаю. Адзін смурод…

— Тут яны ў адну дудку дудзяць — і беларускае, і расійскае тэлебачанне. Часам здаецца, што вяшчаюць яны з адзінага тэлецэнтра.

Днямі глядзеў, як адна расійская жанчына дзякавала за новы аўтамабіль, аб якім марыў яе сын. Яна дзякуе, едучы на тым аўтамабілі… на магілу сына, які загінуў ва Украіне. З акупаваных тэрыторый у Расію ўжо вывезлі тысячы ўкраінскіх дзяцей. З іх робяць манкуртаў, прымушаючы дзякаваць за «вызваленне». У прапагандысцкіх праграмах паказваюць, як сямігадовая дзяўчынка ўдзячна тым, хто яе прыняў у Расіі, тым, хто забіў яе бацькоў, хто асіраціў яе… У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца — большага цынізму проста не можа быць!

— Трэці год у Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, ратуючыся ад якіх людзі масава выязджалі за мяжу. У тым ліку добрыя спецыялісты. Але ж гэта вялікія эканамічныя страты для дзяржавы. Чаму яна ніяк не хоча гэтага зразумець?

Дзяржава выпіхвае найбольш актыўных. Начхаць ёй на страты — абы пратэстаў не было. Усе аўтарытарныя кіраўнікі не трымаюць каля сябе разумных людзей. Разумны чалавек пачынае думаць, а надумаць ён можа чорт ведама што. Таму хай думае дзе-небудзь у Польшчы. Хто не з'язджае, тых запалохваюць. Усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ. Звальняюць з работы, не працягваюць кантракты, прыдумалі такое вызначэнне — альтэрнатыўныя палітычныя погляды. Маёй знаёмай запісалі гэта ў характарыстыцы і звольнілі.

— Улада стварыла камісію па вяртанні, заклікае вяртацца…

З тых, хто вырашыў вярнуцца, калі не памыляюся, ужо каля паўсотні чалавек былі затрыманы і асуджаны. Здавалася б, навошта ж вы едзеце? Туга па радзіме даймае. Настальгія — гэта наша нацыянальная хвароба. Родная зямля так проста беларуса не адпускае. Я гэта добра разумею, бо шмат гадоў пражыў у Расіі, у Кузбасе. І мяне ўвесь час цягнула ў Беларусь — проста неадольна! Мы з маім сябрам-дзетдомаўцам гатовы былі пешкі ісці ў Беларусь… Радзіма прыцягвае людзей. І на гэтым сёння цынічна гуляе ўлада.


— Вы ўспомнілі сваё жыццё ў Расіі. Вы ж тады і пісалі па-руску. Першыя дзве кнігі мелі наклады па 100.000 кожная. Але ж выходзілі яны ў Мінску і распаўсюджваліся найперш у Беларусі. Ці няма ў вас у сувязі з гэтым адчування, што вы тады пэўным чынам спрыялі русіфікацыі?

Тады я пра гэта не думаў. Нас, дваццаць чалавек з Хойніцкага дзіцячага дома, кінулі ў шахты Кузбаса. І трэба было неяк жыць. І мова была адна — руская. І гаварылі на ёй, і пісалі. Віктар Астаф'еў нават казаў, што Казько не беларускі, а сібірскі пісьменнік. Ну, раз пра тайгу піша… Кнігі выходзілі сапраўды фантастычнымі для нашага часу накладамі. У бібліятэцы часопіса «Дружба народов» мая кніга выйшла накладам 360.000 асобнікаў. У каго з беларусаў былі такія наклады? Хіба ў Быкава… Што сёння пра гэта гаварыць. Вось ляжыць у мяне на стале часопіс «Полымя» — сшытачак, газетная папера, 630 асобнікаў. Ці магчыма тут гаварыць пра літаратуру, пра яе нейкі ўплыў…

— Вы па-руску і ў «Новом мире» і ў «Дружбе народов» друкаваліся. Заўсёды без праблем?

Каб жа! Помню, аднойчы «Литературная газета» папрасіла апавяданне. Я напісаў. Пра выпадак у шахце — калі дваіх шахцёраў заваліла вугалем. Камбайн у разнос, лямпы патухлі, сядзяць яны ў поўнай цемры. І адзін на другога віну звальвае: ты, слесаруга, на трэсачках у цябе ўсё. А той адказвае: сёння на трэсачках увесь СССР… Тое апавяданне, мне пазней расказалі, адзін супрацоўнік «Литературки» кінуў у кут і таптаў, прыгаворваючы: не прапушчу антысавеччыны!..

— Чаму ж вы ў сталым ужо веку перайшлі на беларускую мову?

Што мяне пацягнула, я і сам толкам не ведаю. Відаць, мова і зямля, бабуля, якая пражыла 112 гадоў, маці, якая загінула ў 25 гадоў, вёска… Помню, мой літаратурны настаўнік Юрый Барабаш, намеснік галоўнага рэдактара той жа «Литературной газеты» (украінец па нацыянальнасці), калі я паслаў яму сваю першую беларускую кнігу, напісаў мне: «Як я зайздрошчу гэтаму вашаму кроку!»

— Пасля таго, як у 2006 годзе літаратурныя выданні былі захоплены прыўладным Саюзам пісьменнікаў, вы там не друкаваліся. Цэлых шаснаццаць гадоў. І вось вы зноў — аўтар «Полымя». Патлумачце сваю пазіцыю.

Разумею, што тут ёсць нейкая здрада. Буду казаць шчыра — мяне купілі. Купілі тым, што паабяцалі выдаць кнігу. А ў мяне ж ляжыць пад сто аркушаў ненадрукаванага. Можна сказаць, што сёння я чышчу аўгіевы стайні і сам здзіўляюся, колькі ў мяне панапісвана! Хацелася б гэта надрукаваць. А дзе? Наклад «Дзеяслова» усяго трыста асобнікаў. І ён не ідзе ні ў сетку «Белсаюздрук», ні ў бібліятэкі, ні ў школы. А «Полымя» ўсё ж ідзе.

— Вы самі звярнуліся туды?

Не, мне пазваніў галоўны рэдактар «Полымя» Віктар Шніп (ён жа галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура») і папрасіў што-небудзь даць для часопіса. Мяне яны цягнулі і раней, я вагаўся вельмі доўга. Але ж абяцаюць кнігу… Я даў у «Полымя» сваю раннюю аповесць «Высакосны год», пераклаўшы яе на беларускую мову. Хоць гэта не механічны пераклад, там шмат што зменена. Хай напісанае мной у маладосці застанецца на роднай мове, хоць бы для сына. Але і з «Дзеясловам» я мяркую працягнуць супрацоўніцтва.

— Дык вось чаму вам далі «Залатога апострафа» — каб не страціць такога аўтара.

Калі страчваецца ўся літаратура, страта нейкага там аўтара вялікага значэння не мае. Да таго ж, столькі гадоў мільгаць на часопісных старонках і займаць плошчу адзінага незалежнага выдання мне таксама няёмка. Усю мінулую восень і зіму я чысціў свае аўгіевы стайні, а дзе буду друкаваць… Як бы там ні было — беларуская літаратура адзіная.

Міхась Скобла, Народная Воля