Віктар Казько: Самае сапраўднае вынішчэнне будучай Беларусі

Пісьменнік Віктар Казько ў размове з Міхасём Скоблам паразважаў пра беларускую рэальнасць: «Усе гэтыя рэферэндумы — спроба трымаць народ у вуздэчцы, задурыць яму галаву. Адны кажуць, што трэба ісці галасаваць, другія — ні ў якім разе. Я мяркую так: хто смялейшы, хай не ідзе. А той, хто прывык трымаць дулю ў кішэні, хай ідзе і «птушачкі» ставіць. З нашых канстытуцыйных рэформаў ужо ўвесь свет пацяшацца».

skobla_kazko.jpg.webp

Прачытаўшы ў свежым «Дзеяслове» новую аповесць Віктара Казько, я чарговым разам парадаваўся за пісьменніка. Склад і лад ягонай прозы па-ранейшаму здзіўляе і сваёй філасафічнасцю, і афарыстычнасцю, і нейкай народнай мудрасцю, якая не заўсёды трапляе ў творы нават народных пісьменнікаў. Мне як чытачу радасна і прыемна, што адзін са старэйшых нашых творцаў не стаіўся ў маўчанні, піша і друкуецца. І ўдвая было прыемней, калі ён з ходу пагадзіўся на гутарку для «Народнай Волі».

— Віктар Апанасавіч, у канцы мінулага года на Піншчыне паўтарылася гісторыя, апісаная вамі ў аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». Калі на абарону дубоў выйшлі старэнькія бабулькі, для змагання з імі прыязджалі «амонаўцы». Сілы аказаліся няроўныя… У аповесці ўсё ж перамаглі абаронцы дубровы. Той факт быў узяты вамі з жыцця?

— Так, гэта цэлая эпапея была. На роднай Жыткаўшчыне я некалькі гадоў змагаўся супраць высякання дубоў. Звяртаўся ва ўладу, агітаваў людзей, падключаў прэсу, помню, нават маскоўская газета «Труд» умешвалася. І так атрымалася, што дапамаглі чорныя буслы. У той ваколіцы налічвалася 25 гнездаванняў чорнага бусла, а ён быў пад аховай дзяржавы. Таму і дубы былі ўратаваны… Я сачыў за падзеямі ў вёсцы Ахова на Піншчыне, мне гэта таксама балела. Са слязамі на вачах глядзеў на бабулек з нейкімі патырчакамі ў руках, на загадчыка мясцовага Дома культуры Аляксандра Дземчука, які залез на дуб, каб не даць яго спілаваць. Яму прысудзілі 30 сутак. За што? За тое, што падтрымаў сваіх людзей? Я помню, як дырэктар нашага дзіцячага дома абураўся, калі ў лесе ссякалі рабіну, каб абабраць ягады. Раней селянін ссякаў дрэва толькі на пільную патрэбу. На човен, на будаўніцтва хаты. А сёння ў многіх месцах векавыя дубы пускаюцца на звод, бо драўніна на сусветным рынку падаражэла. На прыроду ў наш час наступае не чалавек, а бяздушны спажывец. І за гэта яшчэ заплацяць нашы нашчадкі.

— Каб жа толькі на прыроду. Наступ ідзе, напрыклад, на мову, прычым ва ўсіх сферах — у адукацыі, у дзяржаўных СМІ, дзе роднай мовы амаль не засталося. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка час ад часу заяўляе, што трэба падтрымліваць беларускую мову. Вось і нядаўна ў сваім Пасланні парламенту і народу заяўляў.

— Але, заўважце, тая заява гучала на рускай мове. Што ж ты клопат пра родную мову выказваеш на мове чужой?.. Увогуле, да таго, што гаворыцца з высокіх трыбун, сур’ёзна ставіцца ўжо немагчыма. Сёння гаворыцца адно, заўтра другое, а паслязаўтра трэцяе. Адказнасці за балбатню ніхто не нясе. А хлусня — гэта ж грэх. За ўчынены чалавекам грэх адказнасць будуць несці яго нашчадкі — ажно да саракавога пакалення! Таму бясконцая хлусня — гэта ж вынішчэнне свайго роду. Хто-небудзь з чыноўнікаў пра гэта задумваецца? Асабліва сённяшнія кіраўнікі БТ. Для мяне дзяржаўнае тэлебачанне ўжо памерла, сканала, гэта нябожчык. Яго цалкам на прапагандонства скіравалі — з экрана ўжо ніводнага праўдзівага слова не пачуеш. А, як кажуць у народзе, варта сказаць тройчы, што чалавек — свіння, то ён і зарохкае. У гэтым сэнсе я стаў песімістам, як у канцы жыцця Васіль Уладзіміравіч Быкаў.

— Дзяржаўнае тэлебачанне цяпер асабліва акцэнтуецца на рэферэндуме, які мае прайсці ў гэтым месяцы. А вы як да яго ставіцеся?

— Усе гэтыя рэферэндумы — спроба трымаць народ у вуздэчцы, задурыць яму галаву. Адны кажуць, што трэба ісці галасаваць, другія — ні ў якім разе. Я мяркую так: хто смялейшы, хай не ідзе. А той, хто прывык трымаць дулю ў кішэні, хай ідзе і «птушачкі» ставіць. З нашых канстытуцыйных рэформаў ужо ўвесь свет пацяшацца. І не ў Канстытуцыі тут справа. У Канстытуцыі ЗША ўсяго сем артыкулаў (у беларускай, здаецца, каля 150), і прынята яна была яшчэ ў 1787 годзе. І ніхто яе чамусьці не мяняе праз рэферэндумы. А мы жывём ад адной хлусні да другой…

— Помніце, у Якуба Коласа верш ёсць пра гэта: «Канстытуцыю далі, / адчынілі дзверы / і ў астрог нас павялі, / і таўкуць без меры».

— У паэзіі Коласа — мудрасць бязмерная на ўсе выпадкі жыцця. На жаль, дзяржава шануе памерлых пісьменнікаў і зусім не чуе жывых. А пісьменнік — гэта ж нерв народа. Так было заўсёды. Такім чуйным нервам беларускага народа быў, напрыклад, Уладзімір Караткевіч. Будзь ён жывы сёння, куды б ён паслаў гэту ўладу? За тое, што яна сатварыла з мовай, з літаратурай нашай, увогуле з нацыянальнай культурай. Я глядзеў трансляцыю паслання народу, бачыў твары дзеячаў культуры, назіраў іх, як яны ўспрымалі словы пра мову, пра ўсё іншае. Уражанне сумнае. Улада сабрала дзве з паловай тысячы сваіх, скажу адкрыта, прыкарытнікаў. Але нават яны, відаць, не апраўдалі надзей. Калі Лукашэнка выдаў чарговы перл, апладысменты прагучалі нейкія нядружныя, што, было відно, пакрыўдзіла выступоўцу, і ён папрасіў яшчэ раз папляскаць.

— У праекце новай Канстытуцыі найвышэйшымі паўнамоцтвамі надзяляецца гэтак званы «ўсебеларускі народны сход», але незразумела, хто будзе надзяляць яго тымі паўнамоцтвамі. Выбары дэлегатаў Канстытуцыяй нібыта не прадугледжаны.

— А хто надзяляў паўнамоцтвамі тых, хто ў ранейшых сходах удзельнічаў? Улада. Дэлегаты фактычна прызначаліся ёю. Відаць, і далей так будзе. І здарыцца, як у Казахстане, дзе Назарбаеў хацеў усіх перахітрыць і абдурыць. Успыхнуў не бунт, там не толькі кланы з кланамі змагаліся, гэта была рэвалюцыя. Падняўся казахскі народ. І што ў выніку? Назарбаеў цалкам адхілены ад улады.

— Ваша суседка Святлана Алексіевіч (яе мінскі адрас — у суседнім доме) з’ехала з Беларусі і вяртацца, як выглядае, пакуль не думае. Як вы ацэньваеце ад’езд за мяжу тысяч і тысяч нашых суайчыннікаў?

— Гэта самае сапраўднае вынішчэнне будучай Беларусі. Кажуць, да 200.000 чалавек з’ехалі. Сёння гэта не вельмі бачна, а праз гадоў пяць-дзесяць мы гэтыя страты адчуем. Бо з’ехала эліта, якая магла кудысьці павесці нашу краіну. І мне згадваецца час паслярэвалюцыйны, гэтак званы «філасофскі параход», на якім Ленін адправіў за мяжу ўвесь цвет расійскай навукі і культуры. Тады Расія страціла авіяканструктара Сікорскага, вынаходцу тэлевізара Зварыкіна, дзясяткі інтэлектуалаў, якія прынеслі славу іншым краінам. Падобная ўцечка мазгоў адбываецца і ў Беларусі. Як жа будзе жыць краіна? Скажам, без кваліфікаванага медперсаналу. Толькі лекараў не хапае ўжо некалькі тысяч. А ў дзяржаўных СМІ — адна пахвальба: кітайцы далі 2 мільёны дозаў вакцыны, расіяне далі паўмільёна… Замест таго каб неяк паспрабаваць спыніць эміграцыйныя працэсы, улада заяўляе: «Вяртайцеся, кайцеся і паўзіце на каленях». Куды — на Акрэсціна, у турмы? Пры такой палітыцы нас чакае пячорнае жыццё.

— Томас Ман, які быў вымушаны пакінуць гітлераўскую Германію, казаў: «Нямецкая літаратура там, дзе стаіць мой пісьмовы стол». А пры якіх умовах вы з’ехалі б з Беларусі?

— Ні пры якіх. Куды мне ў 83 гады з’язджаць? Ад маіх дуброў, ад майго Палесся куды мне дзецца? Як мне з гэтым разлучыцца? З’ехаць я ўжо магу хіба на той свет… 65 гадоў таму мы з маім сябрам-дзятдомаўцам Анатолем Бельскім паехалі па сваёй волі ў Сібір. Дарэчы, мы з ім толькі ўдвох з дзятдомаўцаў засталіся, Толя жыве ў Адэсе. Дык вось, у пэўны момант нам так моцна захацелася вярнуцца ў Беларусь, што мы былі згодны пайсці пешкі і на кожным кіламетры роднай зямлі падаць на калені і маліцца. Гэта не прыдумка, так сапраўды было. І я вярнуўся, хоць пражыў у Расіі нямала гадоў.

— Дык дапамажыце зразумець, што сёння там адбываецца? Чаму Крэмль ізноў ласа пазірае на Украіну і Беларусь, як на нейкія «свае» тэрыторыі?

— Агрэсіўнасць у рускім чалавеку яшчэ з часоў старажытных княстваў закладзена. Яшчэ тады ўся палітыка Крамля базавалася на жорсткасці і крыві. Таму дзеянні Расіі ў Данбасе, Крыме, Малдове, Грузіі мне зразумелыя. Што да магчымасці поўнамаштабнай вайны з Украінай, то, мне здаецца, гэта запалохванні. Расія імкнецца выступаць у свеце як супердзяржава. Але Пуцін, паводле сведчанняў тых, хто яго блізка ведаў, былых кадэбэшнікаў, чалавек баязлівы. Таму трэцюю сусветную вайну ён наўрад ці распачне.

— Але ў яго руках велізарны ваенны патэнцыял. Тут і баязлівы пасмялее.

— У яго праціўнікаў патэнцыял яшчэ большы. Прычым, звярніце ўвагу, як апошнім часам, пасля выказанай пазіцыі ЗША і НАТА, змянілася рыторыка і Пуціна, ды і Лукашэнкі. Нядаўна ён у кожным сваім выступленні гаварыў: вайна, вайна, вайна. Амаль сабраўся ваяваць з Польшчай і краінамі Балтыі. Цяпер жа агрэсіі прыкметна паменшала, былога імпэту няма. Хоць усе дыктатары, гэта трэба прызнаць, стаяць на крыві. Таму тут канчаткова нешта прадказваць не мае сэнсу.

— Што ўжо ўдалося Пуціну на пару са сваім заклятым саюзнікам — пасварыць Беларусь і Украіну. Ніколі такога не было, каб украінцы ад беларусаў калючым дротам адгароджваліся.

— Украінцы — гэта сарматы, стэпавікі, вольналюбівыя людзі. І, як мне думаецца, яны размяжоўваюць беларусаў і расіян, аддзяляюць беларускі народ ад лукашэнкаўскай улады. Мы з украінцамі шмат у чым падобныя. У іх былі бандэраўцы, а ў нас бульбаўцы.

— Прызнацца, першы раз чую пра такіх.

— Гэта лясныя людзі, якія збройна змагаліся з савецкай уладай і пасля перамогі ў Другой сусветнай вайне. На беларускіх землях у гады калектывізацыі адбылося каля дзвюх тысяч сялянскіх паўстанняў. У тым ліку на той жа маёй Жыткаўшчыне. З выгляду прававерныя і ціхмяныя беларусы ніколі не здаюцца. Як гаварыў мой бацька: «Я ваяваў з немцамі не за Сталіна, а каб не было калгасаў». Зноў жа, у першыя месяцы вайны здаліся ў палон некалькі мільёнаў савецкіх салдат. І не ўсе ў акружэнні. Яны пераходзілі на бок немцаў, такім чынам пратэстуючы супраць сталінскай палітыкі. А што датычыць Расіі з Украінай, то яны разведзены, як мне бачыцца, ужо назаўжды.

— Я з цікавасцю прачытаў у апошнім па часе «Дзеяслове» вашу «грыбную» аповесць «Не ежа таленту, а наедак». Вы, аказваецца, столькі ведаеце пра грыбы! Калісьці паэт, наш зямляк Ігар Шклярэўскі назваў акадэміка Дзмітрыя Ліхачова заслужаным грыбніком беларускага лесу. Мне здаецца, вы больш падыходзіце для такога звання.

— Ну, не буду ж я забіраць званне ў акадэміка (смяецца). Мне самому дзіўна, але я помню «ў твар» многія свае грыбы. Мне дагэтуль у вачах стаіць, пад якім дрэвам яны раслі, іх капялюшыкі, на якіх сядзелі смоўжыкі. Многа хто цікавіўся: як ты так адчуваеш грыбы? Відаць, так праявілася мая паляшуцкая натура. Вось ідзём мы з жонкай па лясной дарозе, і раптам я адскокваю ўбок. «Чаго ты палез у тое ламачча?» А я выходжу і выношу прыгажуна-баравіка. Мы неаднойчы ездзілі ў грыбы з Вячаславам Адамчыкам, Генадзем Бураўкіным, і яны ў адзін голас канстатавалі: «Гэты палешучок грыбы нюхам адчувае». Хоць самі былі выдатнымі грыбнікамі. Царства грыбоў — гэта цэлая цывілізацыя! Нядаўна я прачытаў, што ў Каліфорніі знайшлі грыбніцу меркаванай вагой трыста тон!

— Ёсць такая прыказка беларуская: «Ягада — мана, арэх — сатана, а грыб — яда». Вы іх толькі збіраць любіце ці і прыгатаваць неяк адмыслова можаце?

— У нас на Палессі грыбы гатавалі без усякіх адмысловасцяў. Чалавек раніцай прачынаўся, хапаў кошык і бег у лес, каб набраць грыбоў на патэльню, а часам — на засушку. Улетку, калі пачынаўся сенакос, надыходзіў Пятроўскі пост. Мяснога есці было нельга, але ж калорыі касцу патрэбны. Выручалі грыбы.

— З вашага акна відаць мост на Нямізе, які нядаўна абрынуўся. Прычым у той час, калі па ім не ехалі аўто і не ішлі пешаходы. Быццам нейкі чарговы містычны знак нам падала старажытная Няміга. Вы верыце ў падобныя знакі?

— Веру, асабліва калі ўспамінаю, як праспект, што перасякае Нямігу, адабралі ў Машэрава і перайменавалі ў праспект Пераможцаў. Веру і тады, калі згадваю, хто па тым мосце кожны дзень ездзіць у Дразды…

— Вы сказалі, што сталі песімістам. Але ж творы вашы, тая ж «грыбная» аповесць, зусім не песімістычныя. Што запускае ў вашу душу промнікі аптымізму?

— Раскажу вам такую прыпавесць. Жыў-быў адзін цар-дыктатар, які тэрарызаваў свой народ, кідаў у турмы іншадумцаў, падаткі штомесяц павялічваў. І вырашыў ён даведацца, як жывуць падданыя. Паслаў ганцоў, тыя вярнуліся і кажуць: стогне народ. Дыктатар адрэагаваў спакойна. Праз пэўны час другі раз паслаў ганцоў: плача народ. І тут дыктатар і брывом не павёў. Трэці раз паслаў: смяецца народ. І тут дыктатар усхадзіўся, бо народны смех — гэта ўжо небяспека. Таму і закрылі летась часопіс «Вожык». Сёння народ стаміўся — ад зімы, ад кавіда, ад рэпрэсій. Але вечна гэта працягвацца не можа. Слёзы народныя ўжо закончыліся, засталася адна зброя — смех. Без смеху чалавецтва са сваім мінулым ніколі не развітаецца. А яшчэ я чакаю суднага дня над тым страшным мінулым, што можа выклікаць вялікую хвалю. І нам патрэбны беларускія Ноі, каб збудаваць каўчэг, выплыць і застацца.

 “Народная Воля”