«І колькі б дзе ні вандраваў…»
Алесь Баркоўскі — асоба неардынарная. Ён і гісторык, і перакладчык, і краязнаўца, і да таго ж падарожнік. Яго імя я згадваў у артыкуле пра беларускага паэта, празаіка Івана Ласкова («Новы час», №28, 2011). Сустрэцца і пазнаёміцца з Алесем Баркоўскім мне давялося сёлета, дзякуючы дапамозе вядомага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца Адама Мальдзіса. (На здымку: Алесь Баркоўскі (справа) і Віктар Баландзін)
Алесь Баркоўскі — асоба неардынарная. Ён і гісторык, і перакладчык, і краязнаўца, і да таго ж падарожнік. Яго імя я згадваў у артыкуле пра беларускага паэта, празаіка Івана Ласкова («Новы час», №28, 2011). Сустрэцца і пазнаёміцца з Алесем Баркоўскім мне давялося сёлета, дзякуючы дапамозе вядомага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца Адама Мальдзіса.
(На здымку: Алесь Баркоўскі (справа) і Віктар Баландзін)
З першага погляду яго каранастая постаць і абветраны смуглы твар нагадалі мне герояў маіх любімых прыгодніцкіх раманаў: капітана парусніка з нязменнай люлькаю ў зубах ці адважнага пакарыцеля Аляскі з
раманаў Джэка Лондана. Маё ўражанне спраўдзілася: на сваім пакручастым, поўным рамантыкі жыццёвым шляху кім толькі не даводзілася Алесю Баркоўскаму быць.
Яго бацькі Анатоль і Зінаіда (у дзявоцтве Камлюк) Баркоўскія паходзілі з вёскі Міханавічы Мінскага раёна. Дзед, Міхась Баркоўскі, сваімі ратнымі подзвігамі вызначыўся ў часы Першай сусветнай вайны.
Стрыечны дзядзька Алеся, Анатоль Баркоўскі, быў вядомым савецкім дыпламатам, амбасадарам у шэрагу краін свету. Бацьку Алеся пасля заканчэння школы МУС накіравалі на працу ў пасёлак Асятрова, Іркуцкай
вобласці, дзе і нарадзіўся ў 1953 годзе герой гэтага артыкула. У 1963 годзе Алесь Баркоўскі разам з бацькамі пераехаў у горад Дзяржынск Мінскай вобласці, дзе і скончыў у 1970-м сярэднюю школу
№2.
Юнака, напэўна, з дзяцінства зачаравалі сібірскія абсягі, бо адразу пасля заканчэння школы ён падаўся ў Якуцк. У гэтым горадзе Алесь Баркоўскі скончыў Якуцкае рачное вучылішча (суднавадзіцельскае
аддзяленне). Два гады праслужыў у арміі на Далёкім Усходзе, і з 1975 года пачаў працаваць капітанам-механікам у Ленскім і Якуцкім параходствах. У гэтай якасці за часы навігацыі Алесь Баркоўскі безліч
рэйсаў прайшоў па магутнай сібірскай рацэ амаль ад вытокаў да самага Паўночнага Ледавітага акіяна, часам у цяжкіх метэаралагічных умовах. За добрасумленную працу атрымаў медаль ад Міністэрства
рачнога флоту РФ.
Даводзілася яму працаваць і на Алданскіх залатых прыісках, і на будаўніцтве першай чаргі мінскага метро. Працуючы ўдалечыні ад роднай Беларусі, Алесь Баркоўскі не забываў пра яе. Па яго ініцыятыве і
дзякуючы яго намаганням у Якуцку была заснавана беларуская суполка «Суродзіч», выдавалася газета «Паўночнае зьзянне».
Алесь Баркоўскі размаўляе выключна на беларускай мове. Валодае дасканала польскай і якуцкай мовамі. З рускай на беларускую мову ён пераклаў творы Уладзіміра Высоцкага і Міхаіла Лермантава, з польскай
— Тадэвуша Лады-Заблоцкага, з беларускай на рускую — творы Францішка Аляхновча, з беларускай на якуцкую — артыкулы беларускага пісьменніка Сяргея Палуяна. У якуцкіх архівах
Алесь Баркоўскі знайшоў шмат дакументаў пра беларусаў, сасланых у Сібір пасля паўстання 1863 года і на пачатку ХХ стагоддзя.
Вялікія заслугі Алеся Анатольевіча ў збіранні творчай спадчыны беларускага, рускага і якуцкага паэта Івана Ласкова. Нядаўна я наведаў кватэру маці спадара Алеся, што знаходзіцца ў Дзяржынску. У адным
з пакояў кніжныя паліцы ад падлогі да самай столі застаўленыя папкамі з творамі Івана Ласкова, выдадзенымі і яшчэ не выдадзенымі. Гэтыя рукапісы, прывезеныя з Якуціі, Алесь Баркоўскі ў сваёй хатняй
друкарні Кальвіна ператварае ў кнігі, раздрукаваныя на ратапрынце і пераплеценыя.
Алесь Баркоўскі — чалавек шчодрай душы, мецэнат у найлепшым сэнсе гэтага слова і робіць шматлікія падарункі сваёй Бацькаўшчыне. Многія матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Івана Ласкова,
ён перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў — музей літаратуры і мастацтва, а ў Цэнтр імя Францішка Скарыны перадаў вялікі збор перакладаў беларускай літаратуры на іншыя мовы.
Давялося Алесю Баркоўскаму наведаць многія краіны свету і пазнаёміцца з вядомымі людзьмі. Наведаў ён Вялікабрытанію, дзе ў бібліятэцы імя Францішка Скарыны атрымаў у падарунак шмат каштоўных кніг
беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. А ў Лондане ён нават дапамагаў весці набажэнства айцу Аляксандру Надсану. За акіянам ён пазнаёміўся з многімі беларускімі паэтамі-эмігрантамі. У яго хатняй
бібліятэцы шмат кніг з аўтографамі Наталлі Арсенневай, Рыгора Крушыны і іншых. Вядомы беларускі паэт- эмігрант Масей Сяднёў нават прысвяціў яму адзін са сваіх вершаў.
Дзякуючы Алесю Баркоўскаму значна папоўніліся фонды Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, якой ён перадаў у падарунак звыш 300 экземпляраў кніг беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, рынкавы кошт
якіх складае некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Узнагародай Алесю Баркоўскаму было прысваенне яму звання пажыццёвага ганаровага чытача бібліятэкі.
Выданнямі калекцыі Алеся Баркоўскага шырока карыстаюцца многія беларускія літаратуразнаўцы, гісторыкі, пісьменнікі, такія, як Лідзія Савік, Яўген Лецка, Віталь Чаропка і іншыя. Сёлета Алесь Баркоўскі
амаль усё лета правёў у Якуцку. Нядаўна ён вярнуўся адтуль, завітаў да мяне дамоў на кубачак кавы і расказаў аб выніках сваёй паездкі. Адтуль ён вярнуўся не з пустымі рукамі, а прывёз шмат
фотаплёнак, на якіх адлюстраваны Іван Ласкоў і яго сям’я. Мы разам наведалі Беларускі Дзяржаўны архіў кінафотавідэадакументаў, і гэтыя каштоўныя матэрыялы Алесь Баркоўскі перадаў на
зберажэнне дырэктару архіва Віктару Васільевічу Баландзіну.
Але, «і колькі б дзе ні вандраваў» спадар Алесь, — душой ён заўсёды ў Беларусі. І ўсе яго знаходкі ў вандроўках — пра Беларусь і для Беларусі. Як шмат, аказваецца,
можа зрабіць для сваёй Радзімы адзін таленавіты і шчыры чалавек.