Крэскі да грандыёзнага палатна
Увечары 17 красавіка ў галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Гваздзёва «Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі» з серыі «Бібліятэчка Новага часу» выдавецтва «Галіяфы».

Гэта культурніцкая падзея выпадала з шэрагу будзёных, сведчаннем таму была перапоўненая мастакамі і аматарамі беларускага выяўленчага мастацтва зала. На жаль, сам Сяргей Гваздзёў з-за цяжкай хваробы не змог прысутнічаць на прэзентацыі.
_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На прэзентацыі у галерэі «Ў»
Але постаць аўтара нябачна прысутнічала сярод сабраўшыхся ў гэты дзень у галерэі «Ў». Сяргей стварыў і перадаў да паказу на прэзентацыі слайд-фільм, у якім прадставіў каляровыя здымкі палотнаў забытых мастакоў Заходняй Беларусі, а таксама свае каментары да іх творчага лёсу і значэння для гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва. Асаблівую ўрачыстасць прэзентацыі надавала прысутнасць на ёй маці аўтара — Валянціны Мікалаеўны.

Крайняя справа маці Сяргея Гваздзёва Валянціна Мікалаеўна
Сяргей Гваздзёў — сталы аўтар «мастацтвазнаўчых дэтэктываў», якія друкуюцца ў «Новым Часе». Таму вядучая імпрэзы, вядомая спявачка і чароўная дзяўчына Таццяна Беланогая прадставіла ўступнае слова галоўнаму рэдактару гэтага выдання Аляксею Каралю.

Галоўны рэдактар НЧ Аляксей Кароль
«Сяргей Гваздзёў у сваёй кнізе вяртае ў нацыянальны культурна-мастацкі кантэкст шэраг імён выдатных беларускіх мастакоў. Гэта плён, магчыма, дзясяткаў гадоў руплівай працы, асэнсаванняў і даследаванняў. Тым не менш, наш час вылучае такія творчыя асобы, якія могуць ажыццявіць тое, што па сілах цэламу калектыву даследчыкаў. Сяргей Гваздзёў — менавіта такая асоба», — адзначыў Аляксей Кароль.

Інструментальны гурт «Fratrez»
Музычную частку прэзентацыі працягуў малады інструментальны гурт «Fratrez», які выкаў некалькі медытатыўных кампазіцый для струнных і духавых інструментаў. Далей слова было прадстаўлена мастацтвазнаўцы Ларысе Фінкельштейн, якая адзначыла, што перш чым абмяркоўваць новую кнігу, патрэбна яе глыбокае асэнсаванне.
«Праца Гваздзёва — не проста пералік імён забытых мастакоў, але і спроба асэнсаваць іх унёсак у нацыянальнае мастацтва. Да таго ж асаблівасць творчасці аўтара — тое, што кніга напісана вельмі прафесійнай і , адначасова, вельмі простай для разумення чытачамі мовай”, — адзначыла мастацтвазнаўца.

Мастацтвазнаўца Ларысе Фінкельштейн
Стварыць і выдаць такую кнігу — гэта вялікая і цяжкая праца. Сяргей увесь свой вольны час, натхненне і цікаўнасць ахвяраваў глыбокаму раскрыццю тэмы мастацкай школы Заходняй Беларусі. Таму гэта праца павінна быць аддзячана і мастацкай грамадскасцю, і беларускімі мастакамі, і навучэнцамі, для якіх кніга Сяргея Гваздзёва можа стаць важкім дапаможнікам па гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва.
«Думаю, маладыя беларускія мастакі пойдуць за гэтай кнігай далей, будуць шукаць страчаныя скарбы больш глыбока і шырэй», — завяршыла свае вітальнае слова спадарыня Фінкельштейн.

Мастак Мікола Купава
Ад імя мастацкай супольнасці, якая была шырока прадстаўлена на прэзентацыі, выхад новай мастацтвазнаўчай працы віталі знакамітыя беларускія мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Цыркуноў і іншыя. «Выданне мастацтвазнаўчай кнігі — подзвіг даследчыка, які аўтарам быў задуманы як двухтомнік. Гэтая кніга, на маю думку, будзе ўспрымацца як важны здабытак і ў Акадэміі мастацтваў, і ў мастацкіх каледжах, і ў саміх мастакоў», — адзначыў мастак Мікола Купава.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка
З выдатнай падзеяй — выхадам унікальнай мастацтвазнаўчай кнігі — павіншавала прысутных і аўтара дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. Яна выказала надзею, што мастацкая грамада будзе ўдзячна аўтару за тую каласальную даследчую працу, якую ён ажыццявіў. «Такія як Сяргей Гваздзёў можна назваць ратавальнікамі памяці людзей», — зазначыла Запартыка.

Прафесар Адам Мальдзіс
Па меркаванні Адама Мальдзіса, экземпляры кнігі Сяргея Гваздзёва абавязкова павінны быць ў Лонданскай беларускай бібліятэцы і ў Інстытуце Беларусі, які функцыянуе ў Вільнюсе.
Безумоўна, такіх грунтоўных і наватарскіх даследаванняў, прысвечаных «белым плямам» беларускага мастацтва, пакуль у краіне выходзіць замала. Але кніга «Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі» можа стаць своеасаблівым пілотным праектам, які іншым мастацтвазнаўца дапаможа адрадзіць грандыёзнае палатно нацыянальнага выяўленчага мастацтва Заходняй Беларусі.
Фота Анатоля Мяльгуя