Аляксандр Тамковіч: “Неафіцыйна аб афіцыйных”

Вы ведалі, што былы часовы павераны ЗША ў Беларусі калекцыянуе аўтамабільныя нумары? Альбо што ў кабінеце былога паверанага Славакіі вісіць карта Вялікага Княства Літоўскага? Пазнаёміцца з дыпламатамі бліжэй можна, прачытаўшы зборнік інтэрв'ю Аляксандра Тамковіча «Неафіцыйна аб афіцыйных».



tamkaj.jpg

Фота news.21.by

— Як нарадзілася ідэя напісання гэтай кнігі?

Аляксандр Тамковіч: З'явілася ідэя паказаць іх нармальнымі, звычайнымі людзьмі. Разумееце, з дыпламатамі вельмі цяжка зрабіць цікавае інтэрв’ю. Таму што яны вымушаныя гаварыць нешта афіцыйнае. Адзінае, дзе яны могуць быць звычайнымі людзьмі, гэта сфера іх асабістага жыцця. Тое, што не тычыцца непасрэдна іх працы. Заўважце, ва ўсіх 18 інтэрв’ю амаль нічога не сказана пра работу: дзе нарадзіліся, як сталі дыпламатамі, хоббі…

—  Тэма, якую вы заўсёды закранаеце ў інтэрв’ю — гэта беларуская мова і беларуская культура.

Аляксандр Тамковіч:Першую сваю кнігу я пісаў на рускай мове, таму што беларускай не ведаў. Кароль Аляксей Сцяпанавіч , рэдактар газеты “Новы час”, прапанаваў мне зрабіць цыкл нарысаў пра палітыкаў. Я згадзіўся. Але ж газета выходзіць на беларускай мове. Кароль прапанаваў перакладаць мае нарысы на беларускую мову. Шчыра кажучы, мне крыху сорамна стала: як гэта так, беларуса будуць перакладаць на беларускую мову? Я пачаў пакрыху пісаць па-беларуску. Справа ў тым, што я пішу і размаўляю на беларускай мове толькі некалькі гадоў.

У гэтай кнізе першае інтэрв’ю са Стэфанам Эрыксанам было зроблена на рускай мове. На той момант ён толькі пачынаў вучыць беларускую мову. А праз некалькі год наступнае інтэрв’ю рабілася ўжо па-беларуску. Я нават не магу з Эрыксанам размаўляць на нейкай іншай мове, акрамя беларускай. Таму што мне сорамна.

— Над чым Вы зараз працуеце?

Аляксандр Тамковіч:У дадзены момант рыхтуецца кніга “Лёсы. Працяг”. У мяне калісьці выйшла кніга “Лёсы”. Там сабраныя лёсы 50 найбольш выбітных людзей Беларусі. Недалёка ад мяне жыве акадэмік Радзім Гарэцкі. Я яму прэзентаваў гэтую кнігу. Гарэцкі мне сказаў, што трэба рабіць працяг гэтай кнігі. Я шчыра кажучы разгубіўся, бо думаў, што ўжо ўсё перапісаў. 50 чалавек – які працяг? А на наступны дзень размаўляў з Жаннай Літвіной, і яна мне наўскідку назвала 30 прозвішчаў, якіх няма ў маёй кнізе. І я зразумеў, што трэба рабіць працяг. Вось і пішу “Лёсы. Працяг”.

Аляксандр Тамковіч прызнаўся, што ніколі не працуе толькі над адной кнігай. Яго звычайны рэжым — збіраць матэрыял адразу для некалькіх. Менавіта гэта дазваляе яму выдаваць усё новыя зборнікі сваіх артыкулаў.

Цалкам слухайце гутарку можна паслухаць на racyja.eu